Генеалогія Беларусі: вынікі 2021 году

Што адбылося ў беларускай генеалогіі за апошні год? У гэтым артыкуле прадпрымем спробу даць адказ на гэтае пытанне.

Першы занятак 9-га навучальнага сезону ШПГ (11.09.2021)

Па-першае, феерычная дзейнасць каманды валанцёраў пад кіраўніцтвам Алены Кароўчанка. Ці можна было ўявіць у канцы 2020, што ў канцы 2021 у валанцёрскай базе загалоўкаў спраў НГАБ будзе пад 400 тысяч пазіцый (на 25.12. пераадолены рубеж у 370 тысяч). Па меры ўнясення правак  супрацоўнікамі аддзелу ІПС НГАБ база выстаўляецца ў агульны доступ (на сённяшні момант даступны 113783 запісы): https://niab.by/newsite/ru/nsa. Канешне, усё гэта было б немагчыма без апублікавання вопісаў фондаў НГАБ на яго сайце, без спрыяння яго кіраўніцтва, без perpetum mobile ў асобе ініцыятыўнай спадарыні Алены, без агульнага жадання і намаганняў аматараў і прафесіяналаў у генеалогіі Беларусі, рассеяных па ўсім свеце.

Алена Кароўчанка падчас прэзентацыі сваёй кнігі “Игуменская шляхта в Сибири”

Працягвае дзейнасць генеалагічнае таварыства «Вытокі» ў Бабруйску, заснаванае ў 2015, дзякуючы намаганням генеалога і краязнаўца Аляксандра Іванавіч Клімовіча. Доўгі час яго ўзначальвала бібліятэкар Святлана Віктараўна Калюта. Раз у месяц адбываюцца сустрэчы сябраў аб’яднання, а раз у паўгоддзе выдаецца гісторыка-генеалагічны веснік «Радаслоў» (https://bobruisk.ru/news/2021/12/22/moego-pradeda-rasstrelyali-pryamo-na-krylce-cerkvi-kak-bobrujchane-sostavlyayut-svoe-genealogicheskoe-drevo).

Валанцёры ў Бабруйску ў гасцях у Таварыства “Вытокі” (24.08.2021)

Перажывае кавідныя часы і ўласная «Школа практычнай генеалогіі», абагачаецца змест лекцый, прыдумляюцца новыя формы актыўнасцей і матывацыі навучэнцаў, папаўняецца бібліятэка. Прыемна, што на тле падзей сучаснасці цікаўнасць да генеалогіі не змяншаецца, а хутчэй наадварот — да справы ўжо даспелі прадстаўнікі майго пакалення (у мінулыя гады большасць навучэнцаў складалі людзі старэйшыя за свайго выкладчыка) (https://smartpress.by/interview/12462).

Вадзім Урублеўскі на адным з заняткаў ШПГ

Не можа не радаваць амбітнасць беларускага прадстаўніка ў ГенЭкспо — прадпрымальніка Аляксея Білецкага, які распачынае праект «Жніво» па стварэнні архіва генеалагічных матэрыялаў, што расцярушаны па-за межамі дзяржаўных архіўных устаноў Беларусі, то бок у парафіях, прыходах, прыватных зборах і па-за межамі Беларусі. Безумоўна, рэч вартая, складаная, з падводнымі камянямі, якая патрабуе навуковай, архіўнай, прававой кампетэнцыі ад дарадцаў і памочнікаў, у цэлым ад грамадзянскай ініцыятывы. Таксама Аляксеем задуманы два фестывалі сумесна з ГенЭкспа — анлайн вясной і офлайн у чэрвені. Аляксей — адзіны мне вядомы беларускі генеалог са сваім you-tube-каналам: https://www.youtube.com/channel/UCdYxaR2_McNqQHuNLha1BdA

Нет описания фото.
Аляксей Білецкі за дэманстрацыяй знаходкі

Няслушна прапусціць увагай актыўнасць праекту «Дапаможнік», які нястомна папаўняецца ўсё новым генеалагічным матэрыялам, прэтэндуючы на тое, каб пакрыць сабой, калі не ўсю Беларусь, то хаця бы Гомельскую вобласць (https://dapamoznik.blogspot.com).

Адбываецца актывізацыя генеалагічных суполак у сацыяльных сетках, у прыватнасці ў фэйсбуку (напрыклад, Belarusian Genealogy | Беларуская генеалогія) і тэлеграме (напрыклад, Уезды Беларуси). Тэлеграм-чат маецца і ў валанцёрскага руху па індэксацыі вопісаў.

Дзве самыя значныя праблемы беларускай генеалогіі на сённяшні момант — адсутнасць зарэгістраванага некамерцыйнага рэспубліканскага грамадскага аб’яднання (Беларускага генеалагічнага Таварыства) і слабасць айчыннай камерцыйнай генеалогіі.

Генеалагічнае Таварыства заклікана лабіраваць інтарэсы супольнасці, уплываць на архіўную і адукацыйную сферу, падтрымліваць рэгіянальныя і выдавецкія генеалагічныя ініцыятывы, клапаціцца аб якасці фінальнага прадукта гендзейнасці ад кампетэнтнага пошуку і эфектнага мерапрыемства да карыснага софта і добрай кнігі. Пасля нашумелай нядаўна «справы Юрыя Паўлія» хацелася б, каб адной з задач Таварыства было папярэджанне дзейнасці аферыстаў. Безумоўна, акрамя ўласнай дзейнасці ў напрамку генеалогіі патрэбна дапамога інстытута мецэнацтва, то бок тых заможных асоб, якія саспеюць да разумення перспектывы ўкладання не толькі ў сваю генеалогію. На жаль, Анатоль Стацкевіч-Чабаганаў (1946-2019) як камета празіхацеў у той час, калі роўным чынам ніхто не мог прапанаваць агульнацікавага праекта для фінансавання. https://youtu.be/4qtGAXCNElM

Камерцыйная генеалогія мусіць актывізаваць інтэлектуальныя сілы, даць магчымасць зарабляць за кошт любімай справы і ўкладвацца ў карысныя праекты. 

Па цяперашніх мерках я ўжо даўно ў беларускай генеалогіі, можна сказаць з 2009 года, калі стаў курыраваць дзейнасць студэнцкага аб’яднання на гістфаку БДУ (фармальна з 2006, калі ўпершыню прыйшоў у чытальны зал НГАБ). Аднак дагэтуль не знайшоў сабе сталага месца. Жаданне нешта змяніць прывяло да сыходу з наседжанага месца, то бок змена адбылася, але хутчэй ад генеалогіі чым да яе (6 снежня 2021 завершыў працу ў Нацыянальным гістарычным архіве Беларусі). Маніць статуснасць кандыдатаў гістарычных навук з расейскай генеалогіі, якія ўзначальваюць камерцыйныя агенцтвы і пры гэтым займаюцца навуковымі даследаваннямі, маючы час і на навуку і на зараблянне грошай праз любімую справу. Будзем жыць далей і, спадзявацца, як заўсёды на сябе і на лепшае.

Падрыхтаваў Вадзім Урублеўскі, 26.12.2021

Дадаць каментар

Ваш e-mail не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *


1 × 6 =