Другая сустрэча аматараў і спецыялістаў у галіне генеалогіі адбылася 13 лютага 2021 года ў Мінску ў Літаратурным музеі Максіма Багдановіча

Нагадаем, што на першай такой сустрэчы, якая праведзена ў кастрычніку мінулага года, былі акрэслены два асноўныя кірункі дзейнасці. Першы – стварэнне валанцёрскай групы для правядзення індэксацыі спраў, якія захоўваюцца ў Нацыянальным гістарычным архіве Беларусі і ўтрымліваюць тыя ці іншыя звесткі генеалагічнага характару. Першапачаткова размова ішла пра правядзенне індэксацыі спраў фонда 1781, вопіс 3 і 4, а таксама стварэння пошукавой базы, якая б магла ў разы спрасціць працу аматараў і прафесіяналаў у галіне генеалогіі.

Сустрэча пачалася з прыемнага бонуса для ўдзельнікаў – знаёмства з жыццёвай і творчай біяграфіяй Максіма Багдановіча, класіка беларускай літаратуры, і яго радаводным дрэвам. Вядучы навуковы супрацоўнік музея Ірына Мышкавец акрэсліла шляхі навукова-пошукавай дзейнасці, якую сумесна вядуць навуковыя супрацоўнікі, нашчадкі роду Багдановічаў і валанцёры, аматары паэзіі беларускага генія.

Экскурсія для ўдзельнікаў (праводзіць Ірына Мышкавец)

Аповед пра род Максіма Багдановіча, яго продкаў і нашчадкаў задаў кірунак далейшай размовы. Удзельнікі сустрэчы прэзентавалі свае напрацоўкі ў пабудове ўласных радаводных дрэў, акрэслілі праблемы, з якімі прыйшлося сутыкнуцца пры пошуку продкаў, пахваліліся вынікамі. Гэта частка гутаркі была вельмі карыснай, бо дазволіла падзяліцца ўласным досведам, выявіць агульныя праблемныя моманты, пазнаёміцца з карыснымі генеалагічнымі рэсурсамі. Акрамя таго, кожны з суразмоўцаў распавёў пра свае мэты ўдзелу ў дадзеным валанцёрскім праекце і чаканні ад вынікаў.

Агульныя вынікі працы валанцёрскай групы агучыла Алена Кароўчанка, якая стаяла ля вытокаў аб’яднання аматараў-генеалогаў. Яна нагадала, што 1781 фонд утрымлівае 59 рукапісных вопісаў, гэта больш чым 55 тысяч спраў. Між тым, за чатыры месяцы валанцёры даўно выйшлі за межы двух вопісаў, прапанаваных архівістамі для індэксацыі. На 13 лютага 2021 года валанцёрамі праіндэксіравана каля 50 % спраў у гэтым фондзе.

Усяго ў базу ўнесена 87 тыс. найменняў спраў з розных фондаў (на дату падрыхтоўкі матэрыяла ўжо 89 тыс. спраў). У камандзе працуе 65 валанцёраў з розных гарадоў і краін, большая частка ўдзельнікаў з Беларусі, таксама прадстаўлены Расія, Украіна, Ізраіль, ЗША і іншыя краіны. Большасць удзельнікаў не з’яўляюцца прафесійнымі гісторыкамі, але маюць вялікі вопыт працы з архіўнымі крыніцамі.

Алена Кароўчанка адзначыла, што, па словах намесніка дырэктара Нацыянальнага гістарычнага архіва Беларусі Дзяніса Лісейчыкава,  створаная валанцёрамі база можа быць размешчана на сайце ўстановы ўжо напрыканцы 2021 года. Ад імя валанцёрскай групы яна выказала шчырыя словы ўдзячнасці навуковаму супрацоўніку Нацыянальнага гістарычнага архіва Беларусі Вадзіму Урублеўскаму і гісторыку Зміцеру Дразду, якія падзяліліся ўласнымі архіўнымі базамі.

Галоўны архівіст НГАБ і ўдзельнік праекта Юрый Снапкоўскі падкрэсліў, што валанцёрамі выконваецца задача складанага ўзроўню. Яны не проста ўносяць дадзеныя ў базу, адначасова адбываецца праца па ўдакладненні прозвішчаў, імёнаў, населеных пунктаў і г.д.

Тактычныя і стратэгічныя задачы акрэсліў Аляксандр Іванічкін, стваральнік софта і сістэмны адміністратар каманды. Ён не змог прысутнічаць асабіста, але даслаў ліст з прапановамі. На сённяшні момант узнікае даволі многа складаных момантаў пры працы з базай, яе капіраваннем, інтэграваннем, зверкай і т.п. Вырашэнне праблемы магчыма праз перавод працы на серверную тэхналогію, што дазволіць знізіць нагрузку на каардынатараў і пазбавіць валанцёраў ад залішняй працы. Размеркаванне працы будзе адбывацца праз асабістыя кабінеты карыстальнікаў, тут будуць захоўвацца ўсе выкананыя імі аб’ёмы заданняў і будзе магчымы доступ да агульнай зверанай і апрацаванай базы.

На другім этапе развіцця праекта Аляксандр прапануе стварыць даведнік населеных пунктаў, які будзе адлюстроўваць іх бягучы стан ў любы часавы прамежак і адказваць на пытанні адміністратыўнага дзялення і прыналежнасці. Гэтаксама ў будучым патрабуе вырашэння праблема рознапісання назваў населеных пунктаў, імёнаў і прозвішчаў, памылак у вопісах і г.д. Стратэгічныя задачы валанцёрскага праекта – стварэнне базы дадзеных на падставе рэвізскіх сказак, якія захоўваюцца ў Нацыянальным гістарычным архіве Беларусі, індэксіраванне рэвізскіх сказак і метрычных кніг.

Падсумоўваючы сказанае, адзначаем, што праца валанцёраў па стварэнні базы  ўжо дае свае вынікі. Гісторыя Беларусі паступова адкрывае ўсё новыя і новыя свае старонкі, як для валанцёраў-аматараў, так і для прафесійных гісторыкаў, архівістаў, даследчыкаў у галіне генеалогіі з Беларусі і замежжа.

Падрыхтавала Ірына Мышкавец, 17 лютага 2021 г.

Дадаць каментар

Ваш e-mail не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *


9 × = 72