У верасні 2022 г. працягне сваю дзейнасць Школа практычнай генеалогіі (ШПГ) пры Мінскім прыходзе ў памяць свяціцеля Мікалая, епіскапа і асветніка Японіі, створаная ў мэтах генеалагічнай асветы. Асноўнае кола пытанняў, якім надаецца ўвага, зводзіцца да наступных тэм: практычны пошук інфармацыі аб продках, паглыбленне ў культурна-гістарычны кантэкст, выхаванне дзяцей на падмурку сямейна-родавых каштоўнасцяў.
Фармальнай нагодай для мерапрыемства паслужыла падзея выдання першай часткі 8 тома «Гербоўніка беларускай шляхты» на літару «К». З вітальным словам выступіў Максім Дзмітрыевіч Макараў, кандыдат гістарычных навук, в.а. намесніка дырэктара НГАБ. У яго паведамленні былі адзначаны асноўныя напрамкі навуковай дзейнасці Нацыянальнага гістарычнага архіва Беларусі, анансаваны дасягненні па асноўных навуковых тэмах. З найбольш выбітных праектаў хацелася б адзначыць «Генеалогія і геральдыка беларускіх шляхецкіх родаў», «Беларусь у актавых кнігах XVI–XVIII ст.», «Чыноўнікі беларускіх губерняў перыяду Расійскай імперыі (1772–1917 гг.), «Фатаграфічныя матэрыялы НГАБ і інш».
15 мая 2022 года ў Літаратурным музеі Максіма Багдановіча адбылася імпрэза “Вернікоўскія. Лёс сям’і ў гісторыі краіны” з удзелам Алены Кароўчанка, вядомага ў Беларусі і за яе межамі спецыяліста ў галіне генеалогіі і прадстаўніцы слыннага роду Вернікоўскіх (па жаночай лініі). Мерапрыемства праводзілася ў межах рэспубліканскай акцыі “Лёс маёй сям’і ў гісторыі краіны” і прымеркавана да Міжнароднага дня сем’яў (англ. International Day of Families), які традыцыйна ва ўсім свеце адзначаецца 15 мая. Свята абвешчана 20 верасня 1993 года на пасяджэнні Генеральнай асамблеі ААН, мае на мэце прыцягненне ўвагі грамадскасці да шматлікіх праблем сям’і.
Напярэдадні Вялікадня праваслаўных, 23 красавіка 2022 г. адбыўся апошні ў гэтым навучальным сезоне занятак Школы практычнай генеалогіі. Адбылося 8 тэарэтычных і 8 практычных заняткаў. Удасканаліўся навучальны працэс, курс узбагаціўся новымі аўтарскімі лекцыямі. З 16-ці 14 заняткаў адбылося ў рэжыме офлайн (выключэнне склалі дыстанцыйныя лекцыі, прачытаныя ў лютым).
На
сённяшні момант працягваецца праца па
індэксацыі фондаў Нацыянальнага
гістарычнага архіва Беларусі, якую з
кастрычніка 2020 года праводзяць ўдзельнікі
валанцёрскага праекта пад кіраўніцтвам
вядомага беларускага генеалога Алены
Кароўчанка. Калектыў валанцёраў складае
больш за 150 чалавек з розных краін і
кантынентаў. Праведзена індэксацыя
каля 300 тыс. спраў архіва, зараз
праверку набранага матэрыялу вядуць
карэктары. Спадзяемся, што ў хуткім часе
база дадзеных будзе даступна не толькі
для валанцёраў, але і для ўсіх жадаючых
даведацца больш пра каштоўныя матэрыялы,
што захоўваюцца ў архіве і, магчыма,
знайсці звесткі пра сваіх продкаў.
Але
ўдзельнікі валанцёрскага руху вырашылі
не абмяжоўвацца толькі індэксацыяй
фондаў архіва. За гэты час праведзена
некалькі сустрэч для абмеркавання
надзённых пытанняў і праблем, валанцёры
наведалі з экскурсіямі Нацыянальны
гістарычны архіў Беларусі, Нацыянальны
архіў Рэспублікі Беларусь, Літаратурны
музей Максіма Багдановіча ў Мінску і
мемарыяльны музей паэта “Фальварак
Ракуцёўшчына” ў вёсцы Ракуцёўшчына ў
Маладзечанскім раёне.
У верасні 2021 г. працягне сваю дзейнасць Школа практычнай генеалогии
(ШПГ) пры прыходзе ў памяць свяціцеля Мікалая, епіскапа і асветніка Японіі,
створаная ў мэтах генеалагічнай асветы. Асноўнае кола пытанняў, якім надаецца
ўвага, зводзіцца да наступных тэм: практычны пошук інфармацыі аб продках, паглыбленне
ў культурна-гістарычны кантэкст, выхаванне дзяцей на падмурку сямейна-родавых
каштоўнасцяў.
27 красавіка 2021 г. адбыўся трэці супольны семінар Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі (НББ) і Нацыянальнага гістарычнага архіва Беларусі (НГАБ), прысвечаны праблемам генеалогіі, крыніцазнаўства і іншых напрамкаў, звязаных са стварэннем карціны сямейнай генеалогіі.
На гэты раз увага прысутных зводзілася да раскрыцця тэмы «Імёны, прозвішчы, мянушкі: што гавораць генеалагічныя крыніцы?». Антрапанімічны складнік сустрэчы невыпадковы, бо запаляе і задае тон на пачатковым этапе даследавання свайго радаводу.
19 красавіка 2021 г. у НГАБ упершыню адбылася сустрэча валанцёрскай групы, створанай у кастрычніку 2020 г., з кіраўніцтвам установы – дырэктарам Дзмітрыем Уладзіміравічам Яцэвічам і намеснікам дырэктара па навуковай працы Дзянісам Васільевічам Лісейчыкавым. Удзел у сустрэчы прынялі 16 валанцёраў на чале з кіраўніком ініцыятывы Аленай Валер’еўнай Кароўчанка (усяго група складаецца са 138 чалавек, што працуюць над наборам вопісаў у розных частках свету). Запрошанымі на сустрэчу былі кіраўніца аддзела інфармацыйна-пошукавых сістэм Марына Тарасаўна Скіданава, в.а. кіраўніка аддзела аўтаматызаваных архіўных тэхналогій Аліна Антонаўна Шкарына, кіраўніца аддзела інфармацыі і выкарыстання дакументаў Вольга Уладзіміраўна Чарвінская.
Нагадаем, што на першай такой сустрэчы,
якая праведзена ў кастрычніку мінулага года, былі акрэслены два асноўныя
кірункі дзейнасці. Першы – стварэнне валанцёрскай групы для правядзення
індэксацыі спраў, якія захоўваюцца ў Нацыянальным гістарычным архіве Беларусі і
ўтрымліваюць тыя ці іншыя звесткі генеалагічнага характару. Першапачаткова
размова ішла пра правядзенне індэксацыі спраў фонда 1781, вопіс 3 і 4, а
таксама стварэння пошукавой базы, якая б магла ў разы спрасціць працу аматараў
і прафесіяналаў у галіне генеалогіі.
Сустрэча пачалася з прыемнага бонуса для ўдзельнікаў – знаёмства з жыццёвай і творчай біяграфіяй Максіма Багдановіча, класіка беларускай літаратуры, і яго радаводным дрэвам. Вядучы навуковы супрацоўнік музея Ірына Мышкавец акрэсліла шляхі навукова-пошукавай дзейнасці, якую сумесна вядуць навуковыя супрацоўнікі, нашчадкі роду Багдановічаў і валанцёры, аматары паэзіі беларускага генія.