Пра генеалогію і ДНК-генеалогію мы размаўляем з Андрэем Белавешкіным, кандыдатам медыцынскім навук, урачом-дыетолагам, спецыялістам па ўпраўленні рэсурсамі здароўя, аўтарам адукацыйнага блога аб здаровым жыцці.
-Не сакрэт, што аб’ектам Вашай шматгадовай увагі, акрамя іншага, з’яўляецца і генеалогія ўласнага роду. Што даюць Вам як чалавеку і грамадзяніну веды пра свой род?
Цікавасць да ўласнага радаводу з’явілася ў мяне ў 5 ці 6 класе, я шмат чаго запісаў, але потым неяк згасла. Паўторна я пачаў “капаць” пяць гадоў таму і з таго часу гэта стала маім рэгуляным хобі. Мне прыносіць задавальненне гэты пошук, бо гэта як збіранне пазла пра самого сябе, пра зямлю маіх продкаў. Гэта цікава – праца ў архівах, паездкі і ДНК-тэсты, апытанне і нават пошукі старых урочышчаў. Калі нейкія рэчы маюць асабістае дачыненне ўласна да мяне – гэта вельмі важна і цікава.
-Прыгадайце той момант з якога пачала ўзрастаць Вашая цікавасць да гэтага прадмета і якія першыя крокі Вы зрабілі ў гэтым напрамку.
Па-першае, я распытваў сваіх бабуль і проста запісваў усё, што яны распавядалі. Дагэтуль шкадую, што не быў настойлівым да такой ступені, каб апытаць свайго дзеда, які не вельмі хацеў успамінаць пра ўласнае дзяцінства і свой радавод. Канешне, вельмі хацелася даведацца пра сваё прозвішча і яго значэнне. У іншых сваякоў збіраў старыя фотаздымкі, каб іх захаваць, бо вельмі часта здымкі незнаёмых ці забытых людзей наўпрост выкідаюць.
-Генетычная спадчына, як вядома, уплывае на базавае здароўе чалавека. Наколькі часта Вам як урачу даводзіцца сутыкацца з неабходнасцю высвятлення ад каго Вашаму пацыенту перадалася тая ці іншая паталогія? Ці дапамагаюць гэтыя веды для прызначэння патрэбнага курса лячэння?
Генетычныя тэсты зараз вельмі танныя і самы просты з іх можна зрабіць за 50-60 даляраў. Тэсты могуць даць інфармацыю пра рызыку пэўных захворванняў. Напрыклад, у мяне ёсць генетычная схільнасць да хваробы Альцгеймера і, даведайся я аб гэтым раней, то можа быць і не хадзіў бы на бокс. Траўма галавы яшчэ больш павялічвае рызыку. Яшчэ можна адсачыць рызыку пэўных псіхалагічных адхіленняў, свае асаблівасці хранатыпу, “жаваронак” вы ці “сава” і гэтак далей. Існуюць асобныя сэрвісы, якія дазваляюць правесці дасканалую інтэрпрэтацыю вынікаў вашых тэстаў. Вы спамоўваеце “Row Data” і запампоўваеце туды вынікі тэстаў для далейшай інтэрпрэтацыі.
-Генетыка ўказвае нам на нашу фізіялагічную і псіханеўралагічную спадчыннасць. Генеалогія персаніфікуе асоб, якія за гэтую спадчыннасць адказныя. Наколькі актуальнай Вам уяўляецца сфера ДНК-генеалогіі ў Беларусі? Ці ў стане масавае тэставанне беларусаў зрабіць сур’ёзны прарыў у развіцці абедзьвюх дысцыплін.
ДНК-генеалогія крытычна важная для Беларусі, бо існуюць сур’ёзныя праблемы з захаванасцю даўніх архіўных збораў: яны знішчаны, расцярушаны, знаходзяцца ў іншых краінах або па-просту неадшуканы ці малавывучаны. Таму часта адзінай надзеяй знайсці свой радавод, асабліва калі продкі аднекуль пераехалі, застаюцца ДНК-тэсты. Аўтасомныя тэсты практычна не даюць аніякай карыснай інфармацыі. Паколькі амаль ніхто не ведае сваіх далёкіх продкаў па бакавых лініях, што адыходзяць ад жанчын, то і знайсці сувязі практычна немагчыма. Напрыклад, я знайшоў некалькі аўтасомных супадзенняў з выхадцамі з суседніх вёсак, але канкрэтных агульных продкаў мы так і не вызначылі. ДНК-тэст на Y-храмасому нашмат інфарматыўней, таму што мужчынскія лініі людзі ведаюць лепш, ды і прозвішча перадаецца па ім. Таму найлепшы, хоць і дарагі тэст – Y-храмасома, як мінімум Y-67 тэст, а ідэальна – Y700 тэст на familytreedna.com. Гэтае даследаванне дасць дакладны адказ на пытанне ад каго і ў які час адгалінавалася вашая генетычная лінія, асабліва калі дадаткова скарыстацца yfull.com інтэрпрэтацыяй. Звяртаю ўвагу на тое, што гэтыя тэсты можна замовіць і ў Беларусі, а затым адправіць назад для правядзення даследавання вашых аналізаў. Толькі не пішыце на ўкладанні, што гэта ДНК-тэст. Напішыце “test sample” і паштовы перавод ажыццявіцца.
-На колькі пакаленняў і па якой мясцовасці Вы даследавалі свой радавод па лініі бацькі? З чым звязваеце этымалогію свайго прозвішча? Як у Вашым выпадку ДНК-аналіз дапоўніў дакументальныя звесткі генеалагічных крыніц?
Усе вядомыя мне Белавешкіны паходзяць толькі з адной вёскі – вёскі Коркаць, што месціцца ў Магілёўскім раёне на рацэ Друць (былое Быхаўскае графства Сапегаў). Па мужчынскай лініі з дапамогай інвентароў і іншых дакументаў я давёў свой радавод да сярэдзіны XVIII стагоддзя. У ранейшых інвентарах Коркаці маё прозвішча не фігуруе.
Маё прозвішча з’яўляецца ўнікальным, бо анідзе іншых Белавешкіных не існуе. Есць яшчэ дзве лініі Белавешкіных ў Расіі (Вугліч і Калужская губернія), але я высветліў, што гэта «Беловошкины», якія замянілі крыўдную мянушку “белая вош” на больш прыглядны варыянт. Я нават знайшоў прашэнне вугліцкага мешчаніна змяніць прозвішча з Белавошкін на Белавешкін.
Найбольш верагодна, што мае продкі паходзілі з Белавежы, бо найбольш ранні варыянт прозвішча – Белавежка. Існуе шмат іншых прозвішчаў, якія атрымоўвалі тыя, хто выйшаў з Белавежская пушчы: Белавежа, Белавежац, Белавежскі. Тым больш, што па ДНК-тэстах мае бліжэйшыя супадзенцы жывуць у пяці кіламетрах ад мяжы пушчы (ніжэй малюнак з пазнакамі размяшчэння ў межах “яцвяжскага” арэалу ДНК-кластэраў гаплагрупы Андрэя — В.У.).
У вёсцы Раўбецк ля пушчы ў інвентары 1698 года згадваецца “Васіль з Белавежы”. Іншая альтэрнатыўная версія бярэ пачатак у выразе “белая вешка”. Вешка – гэта межавы слуп ці бервяно, якое трымала салому на страсе. Яшчэ даволі часта Белавешкіны пісалі сваё прозвішча як “Булавешкін”. Булавешка – беларускае слова, якое азначае маленькую булаву, часта ўжываецца як мянушка чалавека і таксама сустракаецца ў Заходняй Беларусі.
-На колькі пакаленняў і па якой мясцовасці атрымалася даследаваць радавод маці. Падаецца, менавіта па гэтай лініі Вашыя продкі прымалі ўдзел у паўстанні ў Крычаўскім старостве ў 1740-1744 гадах. Распавядзіце пра гэта падрабязней.
Бацька маёй маці нарадзіўся ў вёсцы Янаўка каля Хоцімска, якую заснаваў Ян Галынскі ў 1808 годзе. Мне вельмі пашанцавала: метрык увогуле не захавалася, але ёсць некалькі ацалелых рэвізій і асобная рэвізія Крычаўскага староства за 1798 год. Таксама ёсць шмат інвентароў староства за канец XVII – пачатак XVIII стагоддзя. Таму я змог давесці лінію аж да пачатку XVIII стагоддзя і прасачыць перасяленне сваіх продкаў з Хоцімска ў Янаўку. Маім прамым продкам з’яўляецца Хведар Баран, адзін з удзельнікаў Крычаўскага паўстання. Ў інвентарах ёсць толькі адзін Хведар Баран адпаведнага ўзросту, гэта і ёсць мой продак. Ён быў пакараны розгамі і адразаннем вуха.
-Матэрыялы якіх архіваў і якія асноўныя архіўныя крыніцы даследаваліся Вамі падчас працы над радаводам па абедзьвюх лініях роду?
У асноўным гэта наш Нацыянальны гістарычны архіў Беларусі ў Мінску. Інвентары Коркаці XVIII стагоддзя былі ў Кракаве і Вільні. Вельмі важным аказалася знаёмства з Анатолем Прасаловічам, які даследуе Падруцце. Без яго дапамогі і парад я бы знайшоў нашмат менш інфармацыі. Шмат цікавага знайшлося і ў архівах Санкт-Пецярбурга і Масквы. У Маскве знайшліся старыя мапы нашага маёнтка.
-Адносна парадку працы ў архівах, метадычнага і навукова-даведачнага апарату архіваў. Што дапамагала і што, наадварот, ускладняла Вам працу над Вашым радаводам.
У цэлым умовы працы ў архівах паўсюль добрыя. Хочацца мець вопісы фондаў онлайн і магчымасць рабіць фатаграфаванне бясплатна. Было б ідэальна, калі б метрыкі і інвентары выкладаліся анлайн на адзінай пляцоўцы, а не былі раскіданы па інтэрнэце. Цудоўны прыклад – карысная база Дапаможнік (https://dapamoznik.blogspot.com). Такая анлайн пляцоўка стымулявала б розных даследчыкаў выкладаць тое, што ім трапляецца падчас пошукаў, і дапамагаць тым, хто толькі пачынае.
-Ці бачыце Вы асветніцкі патэнцыял у тым спектры ведаў, які нясе генеалогія. Ці патрэбны нашай дзяржаве Нацыянальны інстытут, які б займаўся пытаннямі даследавання генеалогіі і генеалагічнай асветай.
Безумоўна, радавод – гэта магутны інструмент прабуджэння нацыянальнай свядомасці. Культ продкаў глыбока ў каранях беларусаў і праз яго і варта абуджаць беларускасць. Таталітарныя сістэмы імкнуцца знішчыць родавую памяць пра продкаў і ўзводзяць сябе на месца бацькоў. Таму лепшы сродак укараніцца – больш ведаць пра сваю зямлю праз прызму свайго роду. Гэта дазваляе звязаць сябе з тым, што робіцца навокал і адчуць сваю адказнасць. У працэсе даследавання радаводу вельмі шмат знаходзіш новага. Так, напрыклад, калі я праходжу праз Пішчалаўскі замак, я ўспамінаю, што мая родавая вёска Коркаць была ў арэндзе ў Дамініка Пішчалы, унук якога і збудаваў гэту вязніцу. І ў архівах я сам чытаў яго лісты па гаспадарчых справах маёнтка. Пра родавую памяць у мяне ёсць асобны артыкул: https://svajksta.by/archives/14905
-Які водгук Вашыя веды ў этнаграфіі, генетыцы, генеалогіі атрымалі ў Вашых кліентаў і пацыентаў? Наколькі ў стане такі пласт інфармацыі прынесці ім карысць?
Асабістая “персанальнасць”, унутраны локус кантролю, усвядомленасць – гэта рысы развітага псіхічнастабільнага здаровага чалавека. Таму я заўсёды заахвочваю даследаваць сябе. Калі ты вывучаеш радавод, то разумееш, што ты тут толькі таму, што пакаленні тваіх продкаў былі здаровымі і паспяховымі. Ты не адзін, ты – гэта вастрыё стралы жыцця, якое ляціць з глыбіні стагоддзяў у будучыню. Чым больш ведаешь пра продкаў, тым больш клапоцішся пра нашчадкаў, а гэта значыць і пра сваё здароўе.
Гутарыў Вадзім Урублеўскі.
“ДНК-кластэраў гаплагрупы” — гэта, прабачце, што? субкластэры?
Гэта пытанне да Белавешкіна. У яго ёсць акаунты у фэйсбуку і кантакце.