Павелічэнне цікавасці да мінулага свайго роду ў наш час з’яўляецца звыклай з’явай. Аднак, як правіла, актыўнасць у гэтым напрамку – удзел адзінак самых мэтанакіраваных збіральнікаў родавай Памяці. У такім святле актыўнасць вялікай колькасці прадстаўнікоў аднаго роду не можа не выклікаць увагі і надзеі на перайманне станоўчага патэнцыялу падобнай дзейнасці іншымі. Пра тое, як пачала развівацца і чым характарызуецца цяпер дзейнасць міжнароднай супольнасці прадстаўнікоў роду Булат у рамках сумеснага праекта Krynica.info і Radawod.by мы пагутарылі з актывістам і адным з ініцыятараў родавых сустрэч – Ягорам Булатам.
— Сёлета, ужо другі год запар, на Капыльшчыне праводзіцца сустрэча нашчадкаў шляхецкага роду на прозвішча Булат. Распавядзіце як у Вас нарадзілася ідэя збіраць разам родзічаў?
Ідэя збіраць родзічаў з’явілася спачатку не ў мяне, а ў Івана Вікенцьевіча Булата (1937-2018), у якога і бацька і маці былі з роду Булатаў. Ён усё жыццё марыў давесці сваім дзецям пра крэўнасць сваіх бацькоў. Гэты чалавек упершыню сабраў жыхароў вёскі Булатнікі праз 10 год пасля яе знікнення. На сустрэчы ў 1997 годзе прысутнічала 15-20 чалавек з роду Булатаў. Яны сустракаліся на дзень Святога Роха і хадзілі на могілкі. Сабраліся ў асноўным прадстаўнікі старога пакалення. Праз пяць год адбылася новая сустрэча з удзелам старога і маладога пакалення. Затым хваля сціхла. У 2011 годзе я пачаў будаваць сваю родавую сялібу ў экапасяленні Росы Валожынскага р-на (на ускрайку Налібоцкай пушчы). У 2012 годзе я скончыў будаўніцтва дома. У той жа год у нас з жонкай нарадзіўся сын і тады ж захварэў на анкалогію бацька. Я вырашыў паспрабаваць ускочыць у апошні вагон і пачаў апытваць бацьку і яго сястру. Праз год нястала іх абодвух (ад анкалогіі памёр бацька, а яго сястра не перанесла гэтай страты). Часта бывае так, што не распытаўшы чалавека пры першай сустрэчы адкладаеш на пасля, а вярнуўшыся высвятляеш, што яго больш няма. Я пачаў вельмі хутка шукаць магчымасць наведання тых мясцін, дзе жылі і жывуць Булаты. Большую частку часу я адводжу пад наведванне могілак на Вялікдзень і не толькі перапісваю інфармацыю з надмагілляў, але стараюся даведацца пра сваіх жывых родзічаў, нашчадкаў ранейшых Булатаў.
Іван Вікенцьевіч Булат — пачынальнік родавых сустрэч
Дзе б я не быў на Капыльшчыне мне паўсюль казалі пра іншага апантанага даследчыка мінуўшчыны згаданага вышэй Івана Вікенцьевіча Булата (прозвішча там вымаўляецца з націскам на першы склад), які аказаўся мне роднай душой. Напрацягу двух гадоў да моманту сустрэчы я займаўся працэсам сістэматызацыі інфармацыі і толькі ў 2016 годзе выбраўся ў Капыль. З Іванам Вікенцьевічам Булатам мы прасядзелі ў яго дома да раніцы, а раніцай выбраліся на могілкі. Там ён распавядаў мне хто ад каго нарадзіўся і дзе пахаваны. Зараджаныя новымі сіламі мы нарадзілі глабальную ідэю – ідэю чарговага збору сваякоў з нагоды дэманстрацыі людзям новага кола сабранага матэрыяла. Да нас далучылася жанчына з Уздзенскага р-на, якая збірала інфармацыю пра сялянскі род Сцяпана Герасімавіча Булата.
— Наколькі пашыранымі атрымліваюцца сустрэчы? Ці адбываецца супрацоўніцтва з уладамі Капыльскага раёна ў пытаннях іх арганізацыі? З чаго складалася культурная праграма мерапрыемства ў мінулым годзе?
Першая пашыраная сустрэча роду Булат была арганізавана 1 ліпеня 2017 год. Абвестка аб яе правядзенні з’явілася ў сацыяльных сетках. Нават нягледзячы на адсутнасць спецыяльнай рэкламы на яе з’ехалася каля 150 чалавек, у т.л. з Польшчы, Аўстрыі, ЗША, Расіі і Беларусі. Машыны Булатаў шчыльна запоўнілі ўсю невялікую плошчу мястэчка да здзіўлення мясцовага ДАІ. Сабраўшыся ля выканкама горада Капыль народ пачаў знаёміцца (Іван Вікенцьевіч склаў адмысловыя бэйджы для ўсіх удзельнікаў сходу – кожны з удзельнікаў пісаў на бэйджы імёны і імёны па бацьку сваіх прадзядоў з месцам іх пражывання). Затым мы рушылі на могілкі ў Капылі, Чарнагубаве і Цімкавічах (старыя каля касцёла і больш маладыя змяшаныя). Там экскурсаводамі былі самыя старыя, хто добра ведалі сваіх: Іван Вікенцьевіч Булат з Капыля, Віктар Іванавіч Булат з Чарнагубава, Ядзвіга Міхайлаўна Рапніцкая (дзявочае прозвішча Булат) з Цімкавіч.
Людзі здымалі на фота і рабілі відэа (затым гэта стала другім этапам рэкламы, бо вярнуўшыся ўдзельнікі нашай сустрэчы паказвалі тое, што пабачылі, родзічам). Некаторыя знаходзілі месцы пахавання сваіх продкаў на падставе звестак Івана Вікенцьевіча, пры гэтым праяўляючы сапраўдную дзіцячую радасць захопленым: “Дык гэта ж наш, наш, наш”! У кантэксце сустрэчы быў праведзены канцэрт у Цімкавіцкім доме культуры (песні, вершы, прэзентацыі).
Супрацоўнікі дома культуры не адразу пайшлі нам насустрач у арганізацыі мерапрыемства, бо да апошняга дня было не зразумела збярэцца 5 чалавек ці 200. Для пяці чалавек мерапрыемства ладзіць ніхто не жадаў, а дзвесце проста не памясціліся б у глядзельнай зале. У выніку сабралася аптымальная колькасць людзей – крыху болей за сотню чалавек. Калі я выходзіў на сцэну аб’яўляць нумары выступленняў, то адчуваў незвычайны паток увагі, увагі прадстаўнікоў свайго роду; адчуваў вялікую адказнасць перад імі. Сярод Булатаў аказалася шмат творчых людзей. Напрыканцы быў усталяваны памятны камень на месцы знаходжання вёскі Булатнікі з гадамі яе жыцця. Мерапрыемства не пакінула раўнадушным ніводнага Булата. Кожны разумеў, што тое, што адбываецца, тычыцца і яго. Усім вельмі спадабалася.
— Ці прымаеце Вы да ўдзелу ў “фамільных сустрэчах” тых Булатаў, якія не шляхецкага паходжання, але маюць сялянскія карані (як вядома, грамадскі дзеяч Сцяпан Герасімавіч Булат паходзіў з сялян)? Ці былі такія на вашых сустрэчах?
Жыхарка Узды Клаўдзія Аляксандраўна Булат з роду Луцэвічаў займаецца радаводам свайго мужа, што вядзецца з Пырашава і Слабады Уздзенскага раёна і да якога адносіцца Сцяпан Герасімавіч Булат (1894-1921). Яна была намесніцай кіраўніка райвыканкама і падчас выканання службовых абавязкаў працавала разам з Надзеяй Булат, жонкай Івана Вікенцьевіча Булата. Вельмі цікава было б правесці ДНК-аналіз для прадстаўнікоў гэтай галіны, каб сцвердзіць агульнае паходжанне. Клаўдзія Аляксандраўна вельмі натхнілася сустрэчай і пачала яшчэ шчыльней працаваць над сваім радаводам. Сустрэча выклікала вялікі рэзананс сярод Булатаў з Расіі, якія значна актывізавалі сваю дзейнасць. У гэтыя дні ў чытальным зале НГАБ працуе Булат з Масквы, які дадаў да нашых скарбаў звесткі яшчэ пра некалькі соцен чалавек. Таксама да нас прыязджаў жыхар Комі-Пярмяцкай акругі. Усе яны належаць, а некаторыя могуць належаць, да нашага роду.
Клаўдзія Аляксандраўна Булат з мужам Вячаславам Мікалаевічам
— Якія Вы можаце вылучыць вынікі ад правядзення такіх своеасаблівых родавых сустрэч? Ці плануецца іх правядзенне далей і ці мяркуюцца новаўвядзенні ў фармат і змест?
Пасля першай сустрэчы пародненыя ў сёмым-восьмым пакаленні Булаты пачалі дапамагаць адзін аднаму, што для нашага часу нонсэнс. У гэтым ёсць наша заслуга, што неверагодна прыемна. Асабліва эмацыянальна ўспрымаюць адраджэнне роду людзі, “народжаныя ў гурце”, яшчэ ў 1930-я гг. Гэта пакаленне само выкарэньвала звычаі продкаў, здавала адзін аднаго па даносах, а цяпер гэтыя людзі і іх нашчадкі пачынаюць адраджаць пагубленыя повязі. У гэтым годзе адбылася больш закрытая сустрэча-планёрка роду Булатаў. На Капыльшчыне складана праводзіць сустрэчы з вялікай колькасцю народу і мы пакуль не разглядаем такі фармат як аптымальны. Думаем наступную сустрэчу правесці ў Мінску. Я б хацеў, каб сустрэча прайшла на родавай зямлі, але гэта няма магчымасці ажыццявіць з-за цяжкасці ў размяшчэнні людзей (сваякоў у родавых сялібах Ванелевічы, Кажушкі, Чарнагубава, Лешня, Кіевічы, Страхіні, Моўчадзь, Балвань засталося вельмі мала). Зараз там пражывае каля 3% ад агульнай колькасці жыхароў, што пражывалі ў гэтай мясцовасці ў 1893 годзе.
Народжаныя ў Булатніках на былой вуліцы вёскі Булатнікі
— Хто з даўнейшых прадстаўнікоў шляхецкага роду Булат, на вашу думку, варты найбольшай вядомасці і Памяці аб ім з боку нашчадкаў?
Тут варта адзначыць мужную франтавую медыцынскую сястру Соф’ю Адамаўну Кунцэвіч, якая мае адносіны да роду Булат. Яна пакінула свой надпіс на рэйхстагу і стала гераіняй кнігі Святланы Алексіевіч “У вайны не жаночы твар”. У 1981 годзе за выратаванне ў гады вайны больш чым 200 параненых салдатаў і афіцэраў ёй была ўручана вышэйшая ўзнагарода Міжнароднага камітэта Чырвонага Крыжа – медаль імя Флорэнс Найцінгейл. Дачыненне да роду Булат мае славуты празаік Кузьма Чорны, чыім радаводам актыўна цікавіцца Віталь Дзядзіцын з Архангельска. Яго маці паходзіць з адгалінавання Чарнушэвічаў-Раманоўскіх (Віталь думае набыць у Кажушках стары дом і прыязджаць сюды займацца генеалогіяй).
— Ці робяцца намаганні па ўвекавечанні Памяці аб Булатах?
У нас ёсць такая агульная мара – узнавіць родавую сядзібу ў Булатніках. Там балоцістае месца, неспрыяльнае для вядзення актыўнай сельскай гаспадаркі. Верагодна, колішняя вёска Булатнікі набыла сваю назву менавіта ад балоцістай нізіны. Адсюль Балотнікі ці Булатнікі. Булаты з Булатнікаў жылі як на сваёй зямлі, так і на арэндзе. Пад канец ХІХ стагоддзя большасць Булатаў былі арандатарамі. Зямля давала плады толькі найбольш працавітым і рукастым гаспадарам. Продкі садзілі дубы і клёны – сапраўдныя сімвалы іх няўрымслівай працы (дрэвы былі зрэзаны на пачатку 1980-х гг.). У кожным двары былі пчолы. (Дарэчы, гэтым магчыма патлумачыць маё прыцягненне з дзяцінства да пчалярства, — генетычная памяць!) Наша мэта пад старасць гадоў сабрацца разам на родавай зямлі, заснаваць новы пасёлак родавых сяліб. Балазе, я маю вопыт такіх спраў, бо прымаў актыўны ўдзел у заснаванні пасёлка родавых сядзіб Росы у Валожынскім раёне (цяпер задаюся пытаннем ці не паспяшаўся я з пабудовай там свайго жытла). На жаль, у Булатніках ужо няма ракі і колішніх краявідаў, але вясной я прыязджаю туды паглядзець на завораныя палі і патрымаць у руках рэшткі схаваных зямлёй гаспадарчых прылад, якімі карысталіся продкі.
Мемарыял на месцы вёскі Булатнікі
Гэта наша далёка ідучая мара, а што датычыць блізкадасяжных планаў, то некалькі месяцаў назад мы адкрылі дабрачынны рахунак, фінансы з якога разлічваем выдаткоўваць выключна на развіццё праектаў роду. Толькі з вечара я адкрыў яго, як ужо з раніцы на ім з’явілася 10 тысяч расійскіх рублёў. Фінансы ідуць на копіі дакументаў і добраўпарадкаванне могілак. На дадзены момант мы актыўна збіраем дакументы па гісторыі роду Булат. Рыхтуемся пісаць кнігу роду, дзе аўтарамі будуць амаль выключна нашыя крэўныя.
У нас маецца дрэва Булатаў нейкага “Булата, хадака з Валыні” (радавод-схема зроблены нейкім Булатам у 1910-я гады). Узнікае пытанне наколькі мы блізкія да Булатаў з Украіны (радавод месцамі супадае з нашым). Зараз я стаўлю пытанне перад ДНК-генеалогіяй – вызначыць агульную повязь. Таксама ставіцца за мэту сустрэцца з Булатамі з Украіны.
— Каго з сучасных Булатаў Вы маглі бы назваць у якасці вядомых носьбітаў прозвішча?
Юры Булат, беларускамоўны (!) чэмпіён свету па тайскім боксе, які заснаваў дзіцячы байцоўскі клуб “Булат”. Дзеці, што займаюцца ў яго клубе, развіваюць у сабе не толькі фізічную, але і духоўную моц.
Ягор і Юрый Булаты ў Булатніках
Іван Вікенцьевіч Булат – краязнавец і энцыклапедыст роду Булат, актывіст будаўніцтва Капыльскага касцёла. На жаль, ён нечакана памёр у верасні гэтага года. Згуртаванне роду Булатаў было справай яго жыцця.
Вадзім Булат – шахматыст і шматгадовы складальнік крыжаванак-сканвордаў для “Савецкай Беларусі”, аўтар рэбусаў і развіваючых заданняў для дзяцей.
Вадзім Булат
Дзіяна Буйневіч-Сцяпаньскі, унучка Эміліі Булат, узначальвае ў ЗША “Асацыяцыю генеалогіі польскай” . Належыць да трэцяга пакалення беларусаў з польскай ідэнтычнасцю ў ЗША, якія захоўваюць сваю этнакультурную адметнасць.
— Якія Вашыя парады тым, хто хацеў бы пачаць збіранне інфармацыі па гісторыі роду?
Па-першае, сесці ў аўтамабіль і пачаць наведваць родавыя сялібы. Калі не засталося крэўных, то запытвацца ў суседзяў. У іх могуць таксама захавацца фотаздымкі вашых родзічаў. Яны ж часам атрымлівалі на захоўванне ад колішніх рэпрэсаваных гаспадароў іх фотаздымкі, прылады працы і г.д. Прыязджаць да састарэлых варта з раніцы. Самы прадуктыўны час: з 8.00 да 11.00. На першы раз сустрэчу варта планаваць ненадоўга. На другі раз цябе ўжо не адпусцяць без аповеду і пачастунку.
Па-другое, архівы. Зараз час, калі інфармацыі столькі, што апрацаваць яе ўсю вельмі складана. Наша бязмерная падзяка супрацоўнікам Нацыянальнага гістарычнага архіва Беларусі за дазвол працаваць з арыгіналамі дакументаў і шматлікімі пошукавымі базамі дадзеных! Бо ў краінах Еўропы ўжо не паўсюль так магчыма. Увогуле хацелася б, каб павышалася культура працы з архіўнымі дакументамі ў наведвальнікаў чытальнай залы, бо архіўныя дакументы – гэта ўнікальныя помнікі гісторыі роду.
Гутарыў Вадзім Урублеўскі 11.10.2018