“Самы лепшы водгук–гэта нарастаючая колькасць замоў і адсутнасць судовых скаргаў”. Гутарка з камерцыйным генеалогам Цімафеем Сугака.

Камерцыйная генеалогія на сённяшні момант мала папулярная сярод беларусаў, але даволі перспектыўная ніша індывідуальнага прадпрымальніцтва ў нашай краіне. Партал прадстаўляе вашай увазе дыялог з адным з яе прадстаўнікоў – генеалогам Цімафеем Сугака.

Цімафей, хто Вы па спецыяльнасці? Як распачаўся Ваш шлях у генеалогію?

— Гэта цікавае пытанне… Маю дзве вышэйшыя адукацыі (юрыдычны факультэт БДЭУ і гістарычны факультэт БДУ) і сярэдне-спецыяльную (бухгалтар). Па кожнай спецыяльнасці працаваў.

— Наколькі ўдалося прасачыць свой радавод па розных яго адгалінаваннях? Якія саслоўныя і канфесійныя групы прадстаўлялі Вашыя продкі?

— У асноўным гэта першая палова XVIII стагоддзя. Па адной галіне (Загонскія з Кобрыншчыны), дзякуючы калегу Юрыю Барысюку, дайшоў да сярэдзіны XVII стагоддзя і ёсць дадзеныя на XVI стагоддзе, але звязаць іх пакуль не магу.

Продкі па прозвішчу пачынаючы з 1720 года жылі ў межах сучаснага Асіповіцкага раёна, каля Лапіч. Нічога за ранейшы перыяд па гэтай лініі пакуль невядома.

Па галіне з Валынскай губерні мне вядома толькі рэвізія 1858 г., далей з дакумэнтамі бяда. Там, у маёнтку Міровічы, уласнасці Ажэшкаў, жылі два браты з прозвішчам Семянюк. У іншых маёнтках Ажэшкаў на Палессі прозвішча Семянюк, на жаль, не сустракаецца. Прозвішчы на — ук/-юк, у асноўным, сустракаюцца на Палессі (як беларускай, так і украінскай часткі). Гэтыя прозвішчы і не беларускія і не украінскія у шырокім сэнсе. Адзін з прадстаўнікоў прозвішча, не прамы продак, нават атрымаў мяшчанства і быў упраўляючым маёнткам, у якім жылі продкі.

На дадзены момант магу сказаць, што ўсе адшуканыя продкі – сяляне. Толькі па адной галіне (па прозвішчы) ёсць верагоднасць, што ў часы Рэчы Паспалітай і ВКЛ былі путнымі баярамі, але гэта яшчэ не даказана.

Бабка па бацьку з Татарстана, там прозвішчы не пісалі, але захаванасць крыніц добрая.

Як і шмат у каго, чые продкі паходзяць з тэрыторый былога ВКЛ, мае продкі былі каталікамі, уніятамі і праваслаўнымі. Большасць – праваслаўнымі.

— Як з’явілася ідэя заняцца камерцыйнай генеалогіяй у Беларусі? Якія замовы Вамі прымаюцца да выканання? Якім парадкам адбываецца пошук кліентаў?

— У 2015 годзе, калі яшчэ актыўна шукаў сваіх продках, праз знаёмых да мяне звярнуліся людзі з просьбай пашукаць і для іх. Так і пайшло… Замовы прымаюцца любыя, але спачатку я вызначаю якія ёсць дакументы па дадзенай тэрыторыі і тады ўжо размаўляю аб кошце і перспектывах пошуку. Я супрацоўнічаю з некаторымі расійскімі генеалагічнымі арганізацыямі. Па Беларусі гэта ў асноўным “ад знаёмага да знаёмага”.

— У якіх дзяржаўных архівах Вам даводзіцца працаваць над сваімі замовамі? Ці ствараюцца перашкоды да дзейнасці з боку архіўных супрацоўнікаў?

— Па тэрыторыі Беларусі даводзілася працаваць у абодвух НГАБ, НАРБ, у абласных архіваў, акрамя Магілёўскага, у некаторых занальных. Асаблівых перашкод няма. Раней была праблема з даверанасцямі, бо некаторыя кліенты замаўлялі даследаванне ў якасці падарунка, але цяпер гэтага няма, толькі ў выпадку працы з пасляваенныі дакументамі.

Ці мае Вашая ініцыятыва юрыдычны статус генеалагічнага агенцтва са сваёй нарматыўнай базай, камандай і офісам?

— Я працую як індывідуальны прадпрымальнік, маю аднаго памочніка па простых пытаннях – праглядзець канкрэтныя вопісы, перапіс насельніцтва і г.д. Але ўжо патрэбен паўнавартасны памочнік, бо багата замоў.

Які від генеалагічных паслуг найбольш запатрабаваны ў беларусаў?

— Пошук польскіх каранёў…

— Ці адчуваецца канкурэнцыя на рынку дадзеных паслуг з боку замежных генеалогаў?

— Я гэтага не адчуваю – гэта амаль не абмежаваны рынак з рэгіянальнымі асаблівасцямі. Напрыклад, расейскія даследчыкі бяруць значна больш у параўнанні з беларускімі, але не зусім разумеюць асаблівасці пошукаў у перыяд Рэчы Паспалітай і ВКЛ, ды і ехаць бывае далёка (Расія вялікая па тэрыторыі). Ім прасцей дамовіца “на месцы”.

— Як для сябе ацэньваеце далейшыя перспектывы ў сферы камерцыйнай генеалогіі ў Беларусі? Умовы паступова будуць паляпшацца ці наадварот?

— Як я ужо казаў гэта амаль не абмежаваны рынак, самая вялікая праблема – гэта не мажлівасць замовіць неабходную колькасць спраў кожны дзень. Мне, як пражываючаму па-за межамі Беларусі, справы даюць кожны дзень, але толькі пяць. Пры гэтым у працэсе пошуку можа ўзнікаць сітуацыя, калі адна справа тычыцца аднаго году і, напрыклад, толькі нараджэння людзей. У гістарычным архіве ў Мінску адкрылі новую чытальную залу, але гэта не моцна палепшыла сітуацыю. Калі працягнецца працэс адлічбоўкі спраў з генеалагічнай інфармацыяй сітуацыя палепшыцца.

— Ці можаце прадставіць нашым чытачам прэйскурант сваіх паслуг у дачыненні да розных відаў генеалагічнай дзейнасці?

— Кожны раз гэта індывідуальна, бо залежыць ад захаванасці дакументаў і асаблівасцей Магілёўскай і Віцебскай губерняў, якія характарызуюцца адсутнасцю трывалай пісьмовай традыцыі фіксацыі прозвішчаў для сялян.

— Дзе можна азнаёміцца з водгукамі кліентаў на Вашу працу або прывядзіце прыклад паспяховай працы над канкрэтнай замовай?

— Сайт зараз пераробліваецца. Самы лепшы водгук – гэта нарастаючая колькасць замоў і адсутнасць судовых скаргаў…

Гутарыў Вадзім Урублеўскі

25.01.2020

Дадаць каментар

Ваш e-mail не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *


5 − = 2