Генеалогія можа быць дарогай да адкрыццяў для людзей розных прафесій і светапоглядаў. І кожны, каго кранула яе здольнасць пашыраць часава-прасторавыя межы і адкрываць імёны і жыццяпісы, мае свой вопыт знаёмства з ёю. Сёння ў гасцях партала “Радавод” пісьменнік Андрэй Горват.
— Дзеячы беларускай культуры, у большай сваёй масе, у справе ведання сваіх каранёў мала чым адрозніваюцца ад большай часткі беларускага народу. У гэтым плане іх можна падзяліць на тых, хто піша ў мемуарах пра два-тры пакаленні сваёй сям’і і на тых, хто не піша мемуараў. У кнізе «Радзіва Прудок», у шматлікіх допісах у фэйсбуку тэму сваёй генеалогіі Вы падымаеце з зайздроснай перыядычнасцю. Што даюць Вам веды пра свой радавод?
На гэтае пытанне можна даць розныя адказы. Напрыклад, веды пра радавод даюць мне разуменне, чаму я раблю той ці іншы выбар. У пэўным сэнсе, чалавек — гэта набор праграм, якія былі закладзены яго продкамі. Я магу думаць, што я ўнікальны, але дастаткова прааналізаваць, што адбывалася раней, як аказваецца, што амаль кожны мой крок ужо быў зроблены да мяне. Часам гэта пужае, і ўзнікае пытанне: што ўва мне — я сам? Любы курс псіхатэрапіі пачынаецца з аповядаў пра папярэднія пакаленні, каб выявіць родавыя траўмы, незавершаныя гештальты і месцы сілы.
У дзевятнаццатым стагоддзі жыў Атон Горват (партрэт ніжэй). Яго сядзібны дом ёсць і сёння ў вёсцы Ліпаў Калінкавіцкага раёна. Атон быў маршалкам шляхты Мінскай губерніі, пятнаццаць год пражыў у Мінску і ў Прылуках, часта ездзіў у Парыж, дапамог пабудаваць гарадскі тэатр, які потым стаў Купалаўскім. Але праз пятнаццаць год усё кінуў і вярнуўся на Палессе, у ціхае вясковае жыццё. Там і быў пахаваны. Маю біяграфію можна расказаць тым самым наборам словаў. Мінск і хутар пад Мінскам. Купалаўскі тэатр. Парыж. Праз пятнаццаць год я вярнуўся на Палессе, у той самы Калінкавіцкі раён. Адно што — я яшчэ не памёр. Ці, напрыклад, я знайшоў падарожны дзённік Ядвігі Горват, а ў ім такі самы маршрут, па якім я здзейсніў сваё першае падарожжа ў Еўропу. Абсалютна тыя самыя гарады ў той самай паслядоўнасці.
Акрамя таго, што ведаць свой радавод — проста цікава, гэта і магчымасць завяршыць гештальты продкаў ці ўмець спрагназаваць сітуацыю. Калі штосьці ўжо адбылося раней, то ведаеш, чым закончыцца зараз. Па-мойму, вельмі зручны механізм. Нават без ведаў гэты механізм працуе на ўзроўні інтуіцыі.
— У сваім нядаўнім інтэрв’ю «Радыё Свабода» Вы распавялі, што пераезд у дзедаўскую хату ў Прудку быў выкліканы імкненнем наблізіцца да свету бацькі. Само імкненне даследаваць свае карані таксама выклікана гэтым чыннікам ці паўплывала штось іншае?
У тым ліку, прычынай стаў і бацька. Так сталася, што ў нашай сям’і маміна радня займала амаль усё месца. У мамы даволі цесныя стасункі са сваякамі, яны нагадваюць трывалы кавалак палатна ці добра арганізаваны тэкст. Бацькавы родныя, наадварот, былі несабраныя ў штосьці цэлае, гэта фрагментальны свет з асобных астравоў. Калі ў мяне ўзнікла патрэба асэнсаваць для сябе бацьку, зразумець яго і прыняць, то давялося збіраць увесь пазл. Цягам пару год я ездзіў да бацькавых родных, рабіў копіі іх сямейных альбомаў, распытваў, упісваў у генеалагічнае дрэва і ў выніку стаў такім цэнтральным сямейным архівам.
— У які перыяд свайго жыцця Вы пачалі даследаваць свой радавод, ці быў гэта пераломны час? Як Вы ўспрымалі і асэнсоўвалі на той час адкрыццё нязнаных Вамі пакаленняў аднаго за другім?
Працяглы час я цікавіўся радаводам роўна столькі, колькі сярэднестатыстычны чалавек. Калі б была такая кніга, у якой расказвалася ўсё пра продкаў, я б яе прачытаў і вывучыў, думаю, яшчэ ў школе. Але такой кнігі не было, інфармацыі бракавала. Гэта быў час, калі інтэрнэт толькі з’явіўся, і ўвогуле падавалася, што болей, чым ведаюць жывыя людзі побач, даведацца немагчыма. Пераломны момант адбыўся, калі я ўпершыню прыехаў у Нароўлю і ўбачыў палац Горватаў. Ён так мяне зачараваў, што я неадкладна захацеў даведацца, ці маю да яго дачыненне. Вельмі хутка мае пошукі сталі нагадваць дэтэктыўную гісторыю. У нашай сям’і была легенда, што мой прадзед — незаконна народжаны сын нараўлянскага пана. Каб пацвердзіць гэты факт, я апытаў усіх сваякоў, вёў ліставанне з незнаёмай мне бабуляй, якая штосьці такое помніла, нават імёны і даты супадалі. Паралельна я складаў радавод памешчыкаў Горватаў з кніг, якія знайшоў у Нацыянальнай бібліятэцы, са старых газет, з таго, што было ў інтэрнэце, і, нарэшце, запісаўся ў Нацыянальны гістарычны архіў Беларусі. Там я зноў збіраў інфармацыю па памешчыках, пакуль аднойчы не дацяміў, што можна паспрабаваць знайсці інфармацыю пра роднага прадзеда, імя якога я ведаў. І для мяне адкрыўся свет метрычных кніг і рэвізскіх казак. Пакаленне за пакаленнем я выбудоўваў сваё генеалагічнае дрэва. Памешчыкі яшчэ не купілі Нароўлю, а мае продкі нараджаліся, браліся шлюбам і паміралі ў Прудку. Так я абвергнуў сямейную легенду і дайшоў да першага прудкоўскага Горвата, які дакументальна пацверджаны. Выйшла, што я — дзясятае, юбілейнае пакаленне Горватаў у Прудку. Мой бацька змог выехаць адсюль, а я вярнуўся.
— Цікава, ці папярэднічалі Вашым пошукам радаводу паданні аб этнічным і геаграфічным паходжанні Горватаў з іншых народаў і іншых краёў? Не сакрэт, што такія паданні — атрыбут сямейнай памяці беларусаў, якія, як правіла, выводзяць свой род ад іншых народаў.
У маім выпадку няма ніякага сумневу, што мой род паходзіць не з Беларусі. Само прозвішча ўказвае на тое, што яно харвацкага паходжання. Зрэшта, пра гэта расказваецца ва ўсіх гербоўніках і даведніках, што першага беларускага Горвата — яго звалі Янам — прывёз Багуслаў Радзівіл, каб навучыць сваё прыдворнае войска еўрапейскай тактыцы. Гэта адбылося ў сярэдзіне сямнаццатага стагоддзя. Мне давялося паралельна пазнаёміцца і з радаводам Радзівілаў, каб лепей зразумець той час і прычыны майго з’яўлення на гэтай зямлі. У таго Яна Горвата была адна вёска ў маёмасці. Яго сын Гілярый-Ваўрынец даў нашчадкаў, якія сталі буйной палескай шляхтай. Лічу, што мая лінія магла пайсці ад другога яго сына Кандрата, нашчадкі каторага згадваюцца ў «Новым энцыклапедычным слоўніку» (1910-1916) як занесеныя ў 6-ю частку радаслоўнай кнігі Мінскай губерні. Калі гэта так, то атрымоўваецца, што мой прадзед і апошні гаспадар нараўлянскага палаца — трынаццаціродныя браты.
— Якія даваенныя і дарэвалюцыйныя фота, пасведчанні аб нараджэнні, дамавыя кнігі і іншыя карысныя часткі дакументальнай спадчыны захаваліся ў Вашых сямейных зборах?
Паколькі майго прадзеда і яго сям’ю раскулачылі і саслалі, нічога не захавалася. Прадзед памёр там, а прабабка і мой дзед вярнуліся ўжо пасля вайны. Захаваліся толькі некаторыя асабістыя рэчы, якія прывезла прабабуля. І ліст, напісаны сваяком майму прадзеду ў ссылку ў 1937 годзе. Я ўсё гэта захоўваю.
Таксама я нядаўна выкупіў на замежным аўкцыёне паштоўку, якую ў 1905 годзе сваёй рукой падпісала і выслала з Нароўлі ў Варшаву Ядвіга Горват, жонка апошняга гаспадара палаца. Гэта для мяне важная сямейная рэліквія.
— Як Вам удалося займець з архіва КДБ копію асабістай справы на свайго прадзеда Андрэя Афанасьевіча Горвата? У чым абвінавачваўся прадзед? Наколькі новай і разгорнутай аказалася сустрэтая інфармацыя?
Майго прадзеда раскулачылі таму, што ў яго была самая вялікая гаспадарка ў вёсцы. Прудкоўская лінія Горватаў хоць і не займела такіх капіталаў, як памешчыцкая, але была заможнай. Мае продкі бралі хроснымі да сваіх дзяцей мясцовую шляхту і ставілі каменныя крыжы на могілках. Да нядаўняга часу побач з Прудком было невялікае возера, якое называлася “Горватава”. Мой прадзед на момант, калі яго раскулачылі, толькі-толькі пабудаваў новы вялікі дом, накрыты бляшаным дахам, меў многа гаспадарчых жывёлаў. Усю маёмасць у яго канфіскавалі, а дом прыстасавалі пад будынак пачатковай школы. У гэтай школе — у дзедавай хаце — вучыўся мой бацька. Я даў запыт у архіў Свярдлоўскай вобласці Расіі, ці ёсць у іх інфармацыя па маіх продках, паколькі з сямейнай гісторыі я ведаў, што яны адбывалі ссылку там. Мне адказалі, што інфармацыя ёсць, і паведамілі, якія дакументы трэба прадаставіць. Давялося даказаць, што мой дзед памёр, што мой бацька — яго сын, што я сын майго бацькі, і атрымаць бацькаву даверанасць на маё імя, завераную ў натарыуса. Толькі месяц я збіраў гэтыя паперы. Потым увесь пакет выслаў у Расію праз КДБ Беларусі. Праз некаторы час атрымаў тоўсты канверт, у ім — тры справы: на прадзеда, прабабку і дзеда. Гэта анкеты, пратаколы дапытаў, даведкі, рашэнні, пастанаўленні, пералікі канфіскаванай маёмасці. А галоўнае — ксеракопія фотаздымка майго дзеда ў сямнаццацігадовым узросце. Гэтыя дакументы для мяне вельмі каштоўныя.
— З матэрыяламі якіх дзяржаўных архіваў Вам давялося папрацаваць і з якімі відамі дакументаў менавіта? Які найбольш ранні дакумент па гісторыі непасрэдна сваіх продкаў Вы змаглі адшукаць у архівах?
Калі размова пра час пасля 1917 года, то гэта архіў Свярдлоўскай вобласці, скуль я атрымаў дакументы па ссылцы. Але болей за ўсё інфармацыі я знайшоў у НГАБ. Што тычыцца прудкоўскай лініі, я знаходзіў інфармацыю ў метрычных кнігах, рэвізскіх казках, спавядальных ведамасцях Мінскай епархіі. Паралельна трохі закрануў і гісторыю Прудка. Знайшоў, напрыклад, візітацыі царквы за 1776 год. У Прудку царквы даўно няма, на яе месцы зараз стаіць крама. Але людзі яшчэ помняць, а я маю старыя фотаздымкі і падрабязны опіс. Таксама я апрацаваў многія фонды, якія змяшчаюць справы па памешчыцкай лініі. Самы стары дакумент — тэстамант першага “беларускага” Горвата, па якім ён перадаваў вёску Залессе ў Мінскім ваяводстве свайму сыну. Гэта 1680 год. Акрамя іншага, я скарыстаўся калекцыяй Нацыянальнай бібліятэкі. Гэта шматлікія даведнікі, энцыклапедыі, памятныя кніжкі, старыя газеты і часопісы, мемуары. Многа інфармацыі з замежных архіваў цяпер ёсць у сеціве. Так, я знайшоў каштоўныя дакументы з Віленскага архіва. Фотаздымкі, некралогі — у польскіх газетах, копіі якіх таксама можна знайсці ў інтэрнэце. Бывала, што на прагляд усіх выпускай адной газеты ў мяне сыходзіў месяц, але гэта варта таго: мой радавод налічвае каля тысячы імёнаў.
— Ці праявілі цікавасць да сваіх радаводаў, верагодна пабудаваных Вамі не толькі ў дачыненні да Горватаў, самі прудкаўцы або выхадцы з Прудку?
Цікавасць праявілі мае сваякі. Я пазнаёміўся з траюраднымі і чатырохроднымі (такога слова, напэўна, і няма ў беларускай мове) братамі і дзядзькамі, пра існаванне якіх не ведаў. Цяпер яны прыязджаюць да мяне і мы абменьваемся інфармацыяй. Таксама часта звяртаюцца па дапамогу людзі, якія выйшлі з вёсак, што належалі памешчыкам Горватам. Звяртаюцца са спадзевам, што ў мяне ёсць якая-небудзь інфармацыя. Асабліва гэта тычыцца нашчадкаў сялянаў, якіх памешчыкі прывозілі з іншых краін. Напрыклад, з Чэхіі.
— Ці ёсць у Вашых планах зрабіць сабе ДНК-аналіз для далейшага вывучэння гэтага пытання?
Пра ДНК-аналіз пакуль не думаў.
— Вашы клопаты пра палац Горватаў у Нароўлі выкліканы імкненнем пракласці яшчэ адзін мост да ўз’яднання з продкамі, адчутым абавязкам перад імі ці нечым іншым?
Нараўлянскі палац прывабіў мяне прозвішчам. Я прыехаў паглядзець на яго толькі таму, што гэта палац Горватаў. Але цяпер ён значыць для мяне намнога болей. Гэта дом, які я вельмі люблю па невытлумачаных прычынах. Я наведваў і іншыя сядзібы Горватаў, але асаблівага сантыменту да іх не маю. Тым не менш, зараз у мяне з’явілася пачуццё адказнасці за ўсе сляды Горватаў на беларускай зямлі. Так, напрыклад, я ўзяўся апекаваць магілу Габрыэлі Горват на Кальварыйскіх могілках. Літаральна тыдзень таму прывёў месца яе пахавання ў парадак. Так атрымалася, што ніхто гэтую магілу не даглядаў і, напэўна, гэта мушу рабіць я. Раней я штогод проста прыходзіў у прыгожым паліто і пакідаў белую ружу. Цяпер штосьці шчоўкнула ў галаве, і я зразумеў, што прыходзіць трэба не з ружай, а з граблямі. Тое самае тычыцца месца пахавання Атона Горвата ў Калінкавіцкім раёне. Яно амаль знікла ў кустоўі, я маю намер узяць на сябе адказнасць за гэтае месца і да зімы паспець што-небудзь зрабіць. Слова “адказнасць” — напэўна, самае важнае якому я навучыўся з генеалогіі. Калі я чытаю ў СМІ пра нараўлянскі палац, пра тое, што ён нікому не патрэбны, мне сорамна перад усім генеалагічным дрэвам і перад жывымі людзьмі.
— Ці ёсць нейкая фізічная, псіхалагічная, ментальная рыса, якая перадаецца ў родзе Горватаў па мужчынскай лініі неадменна на працягу ўжо многіх пакаленняў?
Па мужчынскай лініі ў родзе Горватаў перадаецца нос і ўвогуле ніжняя частка твару. Я знайшоў партрэт памешчыка Горвата з Барбарова (гэта Мазырскі раён). Ён адзін у адзін падобны да майго бацькі. Толькі вочы адрозніваюцца, а нос і губы зроблены пад капірку. “Гарватоўскі нос” — гэты першы прызнак прыналежнасці да роду. Калі казаць пра рысы характару, то гэта ўпёртасць і няўменне падпарадкоўвацца. Горваты заўсёды дзейнічаюць у адзіночку, па сваіх правілах.
— Асабіста на маю думку, генеалогія, як адзін з напрамкаў беларускай асветніцкай місіі, мае патрэбу ў сваіх абароне і развіцці. А ці мае айчынная генеалогія місійнае пакліканне на Ваш погляд? Ці ў стане яна пашыраць рамкі свету? Карыстаючыся вобразамі «Радзіва Прудок», весці чалавек ў космас?
У маім выпадку генеалогія не проста пашырыла рамкі свету, яна гэты свет стварыла. Я не магу ўявіць, якім было б маё светаадчуванне без ведання і разумення сябе ў генеалагічным дрэве. Калі я даведваюся, што адзін Горват змагаўся поплеч з князем Радзівілам, другі — загінуў на полі бою пад Мацяёвіцамі, дзе галоўнакамандуючы, Тадэвуш Касцюшка, быў паранены і трапіў у палон, трэці — сябраваў з Адамам Міцкевічам, то я адчуваю сваю прыналежнасць да беларускай і еўрапейскай гісторыі. Гэта ўжо не гісторыя, якая была да мяне, а гісторыя, якая адбылася са мною.
Гутарыў Вадзім Урублеўскі,
фота Андрэя Горвата — Максім Шумілін,
13 кастрычніка 2019
Дзякуй вялікі й Андрэю, й парталу за інтэрв’ю. Цікава й натхняльна!
Здравствуйте!В Родословной моей семьи есть Горватты.Это Родословная Венцлавовичей.Я тоже собрала некоторые сведения о Горваттах.Нельзя ли пообщаться с Андреем?
Магу прапанаваць толькі фэйсбук: https://www.facebook.com/dziadzia.horwat