“Адзінадушнасць незнаёмых людзей вельмі мяне матывавала”. Сакрэты напісання кнігі-мемарыялу і філасофія генеалогіі ад Алены Кароўчанка

Ужо год як пабачыла свет нашумелая кніга “Ігуменская шляхта ў Сібіры” пра лёсы сем’яў беларускай шляхты, высланай пасля паўстання 1863-1864 гадоў з ваколіцы Суцін Ігуменскага павета ў Сібір. Прапануем вашай увазе роздумы яе аўтара – Алены Валер’еўны Кароўчанка, самай вядомай на дадзены момант жанчыны-генеалога ў Беларусі.

 Прэзентацыя кнігі ў галерэі (12.12.2018)

 

 

 

 

 

 

 

-Што для Вас генеалогія? Звычайнае хобі, сродак для самапазнання і самавыяўлення ці нешта іншае?

Хобі для мяне – гэта спяваць, танцаваць, шыць і пячы пірагі. А генеалогія намнога складаней, чым усе гэтыя заняткі разам узятыя. Вынікам пошуку фактаў аб продках будзе нематэрыяльная рэч. Ты адкрываеш і пазнаеш не толькі нешта новае пра мінулае, але і знаходзіш новае ў самім сабе, адбываюцца пэўныя змены ў адносінах да жыцця і смерці, да людзей, да шматлікіх  падзей твайго жыцця… Ты становішся больш моцным і трывалым.

-Ці памятаеце самы першы выпадак, кропку адліку, з якой пачала нараджацца і ўзмацняцца цікавасць да пазнання генеалогіі свайго роду? Падзяліцеся гэтымі ўспамінамі, калі ласка.

Мне было тады 12 гадоў, і ўсе летнія канікулы я праводзіла з бабуляй у Бабруйску. І кожны вечар мы з ёй размаўлялі. Бабуля  расказала мне пра сваё дзяцінства, пра рэпрэсіраванага бацьку – майго прадзядулю, пра вайну, пра сустрэчу майго прапрадзядулі з маладой дзяўчынай, якая потым стане яго жонкай. Яшчэ помню песні і рамансы. І казкі пра салдата і кcяндза.

Можна з упэўненасцю сказаць, што першую цікавасць да гісторыі свайго роду ў мяне прабудзіла мая бабуля, Вернікоўская (Міхалоўская) Вера Іванаўна (ніжэй фота з бабуляй). У лістападзе гэтага года спаўняецца 100 гадоў з дня яе нараджэння. Рыхтуемся да гэтага свята ўсёй сям’ей.

Бабуля Вера Вернікоўская з унучкай

 

-Назіраючы за Вашай даследчыцкай дзейнасцю мімаволі задаешся пытаннем: чаму галоўным аб’ектам увагі ўсё ж такі застаюцца карані маці? Сучасная абывацельская думка зводзіць генеалогію  выключна да прамой бацькоўскай лініі.

Тут усё даволі проста. Хочацца вывучаць тое, што блізка і дорага для цябе. Бацькі развяліся , калі я была яшчэ падлеткам. З таго часу  ніякіх узаемаадносін са сваякамі з боку бацькі ў мяне не было. Толькі значна пазней, калі я выйшла замуж і нарадзіла дзяцей,  вырашыла сама наладзіць кантакт.  Мне захацелася, каб мае дзеці, пакуль ёсць магчымасць, пазнаёміліся з прадзядулем, убачылі дваюрадных і траюрадных братоў і сясцёр. Між іншым, знайшла дваюраднага брата бацькі з Валгарэчынска Кастрамской вобласці, і  ў нас адбылася цудоўная сустрэча і душэўная  размова ўсіх нашчадкаў па лініі майго дзеда.

-У мінулым годзе выйшла Вашае грунтоўнае выданне “Ігуменскае шляхта ў Сібіры…”, якое пабудавана на значным гісторыка-генеалагічным матэрыяле з дзяржаўных архіваў многіх краін і асабістых архіваў шматлікіх сем’яў. У які момант збор матэрыялу перарос у грунтоўную задуму выдаць кнігу. Ці карысталіся Вы дапамогай прафесійных гісторыкаў, гісторыкаў-аматараў, нашчадкаў фігурантаў кнігі?

Першапачаткова я задумала напісаць нататку ў газету на гэту тэму. Напісала. Аб’ём аказаўся вялікі, і мне прапанавалі дапрацаваць, каб размясціць потым артыкул ужо ў часопісе. Дапрацавала. Атрымалася 32 лісты.  За першы год работы аформіла 212  старонак, а за другі амаль 800.

За дапамогай да прафесійных гісторыкаў не звярталася. Выкарыстоўвала матэрыял, які ёсць у вольным доступе (апублікаваныя навуковыя артыкулы, кнігі, даведнікі).

А вось з нашчадкамі высланых шляхцюкоў мне вельмі пашанцавала. Яны адказвалі на ўсе мае просьбы, дасылалі фотаздымкі, асабістыя дакументы. Калі зразумела, што не  выцягну матэрыяльна ўсе запыты з архіваў, прапанавала аплаціць прагляд і сканіраванне асабовых спраў канкрэтна іх продкаў, якія я знайшла ў РДГА, ДАРФ, у  архівах Томска і Омска. Усе згадзіліся і дапамаглі.

-Што Вы адчувалі падчас напісання гэтай кнігі і што матывавала Вас давесці гэтую справу да канца?

Адчувала высокі душэўны пад’ём і проста нерэальную працаздольнасць. Было адчуванне, што я п’ю энергетыкі: я проста лятала, зусім не хацелася спаць. Прыходзячы  з працы дадому амаль у 22  гадзіны, адразу  садзілася за напісанне  кнігі.  Гэта было так захапляльна, што я  не адчувала часу. А праз некалькі гадзін ужо зноў трэба было ісці на працу.

Мне амаль кожны дзень прыходзілі лісты ад нашчадкаў, якія хацелі, каб інфармацыя і пра іх сем’і была надрукавана. Адказвалі людзі, якім пісала некалі  і я, а яны маўчалі гадамі… Нікога не трэба было ўгаворваць.  Гэта  адзінадушнасць   незнаёмых людзей  вельмі мяне матывавала. Я больш не адчувала сябе адзінокай у сваіх пошуках. Наадварот, было адчуванне, што я раблю нешта важнае. І ў сваім жыцці, і для людзей…

Яшчэ на этапе збору інфармацыі я гаварыла людзям, што матэрыял мне неабходны для напісання кнігі. І мне патрэбна было апраўдаць іх чаканні.  Калі ўжо адбывалася вёрстка кнігі,  у горадзе Уфа памерла Вернікоўская Валянціна Зігмантаўна, якая з’яўляецца нашчадкам высланых з Суціна шляхцюкоў (ніжэй фота ваколіц Суціна).  Яна падтрымлівала мяне на ўсіх этапах, дапамагала фотаздымкамі,  дасылала факты сям’і па сваёй лініі. І вельмі чакала выхаду кнігі. Пісала, што марыць патрымаць гэту кнігу ў руках… Кнігу я падарыла ўнучцы Валянціны Зігмантаўны.

Ваколіцы Суціна (06.10.2019)

 

 

 

 

 

 

 

На старонках кнігі мы бачым на дадзены момант зніклую ў Беларусі беззваротна шляхецка-каталіцкую цывілізацыю ва ўсёй шматграннасці яе гістарычнага лёсу (высланне ў Сібір пасля паўстання 1863-1864 гадоў, адаптацыя да новых умоваў пражывання, саветызацыя і інш.). Ці засталіся ў асобных нашчадкаў апісанай Вамі ігуменскай шляхты тыя культурныя рысы, што вызначалі іх продкаў (мова, этыкет, жыццёвыя прынцыпы, вера, уладнасць)?

Самымі страшнымі для высланых аказаліся не часы Расійскай імперыі.  Так, тады былі абмежаванні ў  выкарыстанні польскай мовы, атрыманні зямельных надзелаў і займанні пэўных пасад. Але пасля амністыі 1871 года ўмовы пражывання ў Сібіры значна палепшыліся. Некаторыя змаглі вярнуцца на Радзіму.  Многія ж засталіся ў месцах ссылкі. Былыя выгнанцы маглі даць адукацыю сваім дзецям і ўнукам. У шлюб уступалі ў асноўным з нашчадкамі такіх жа былых высланых. Шлюбы з мясцовымі  жыхарамі надараліся даволі рэдка. На сродкі нашай шляхты ўзводзіліся касцёлы ў Самары, ва Уфе, Каінску, Новамікалаеўску…

Усё змянілася пасля рэвалюцыі. Змены адбыліся трагічныя. За апошнія 100 гадоў былі зачынены, а потым і  разбураны амаль усе касцёлы. На людзей абрынулася калектывізацыя, рэпрэсія, вайна… У такіх умовах цяжка захаваць мову і веру.  Але я ведаю дакладна, што ніхто і нішто не зможа знішчыць незвычайную шчырасць, інтэлігентнасць, далікатнасць. Адным словам я б назвала гэта “шляхетнасць”. Усе гэтыя якасці жывы ў нашчадках і зараз, праз 155 гадоў…

Ці паўплывала кніга «Ігуменская шляхта ў Сібіры…» на ваша разуменне мінулага, на вашу сістэму каштоўнасцей? У чым канкрэтна гэта праявілася?

У час працы над кнігай я яшчэ больш упэўнілася ў тым, што самае галоўнае для  чалавека – гэта яго сям’я, яго род. Гэта тое месца, дзе можна набрацца сілы і ў той жа час адпачнуць душой. Галоўная задача – супрацьстаяць  несправядлівасці і злу, тым знешнім абставінам, якія змяніць немагчыма. Не ачарсцвець, не здавацца, трымацца разам да апошняга. Толькі так можна было вытрымаць усё тое пекла, праз якое прайшлі  нашы продкі.

 Якія тэмы ў сферы генеалогіі Вы зараз развіваеце? Падзяліцеся, калі можна, сваімі выдавецкімі ці даследчыцкімі планамі.

Зараз я працую над кнігай “Вернікоўскія герба Яніна”. Кніга ўключае амаль што дзве тысячы персон, дакументы асабістых фондаў, шмат архіўных звестак, фотаздымкаў.

Працую над музычным альбомам для нашчадкаў: запісалі з мамай і сястрой 13 песень, якія спявала наша бабуля.

Наведваю курсы сцэнарыстаў. У планах зняць караткаметражны фільм аб жыцці продкаў.

І калі будзе натхненне, то буду працаваць над папулярнасцю свайго сайта па пошуках продкаў. У наш сучасны мабільны час гэта неабходна.

Вашы думкі наконт асветніцкага патэнцыялу генеалогіі? Што неабходна рабіць зараз для большага заангажавання моладзі гэтай тэмай, да вызвалення сучаснікаў ад калягенеалагічных міфаў і павярхнёнага разумення мінулага сваёй сям“і?

Што рабіць у маштабах краіны, трэба думаць інстытутам, архівам і фондам. Са свайго боку я стараюся рабіць тое, што магу. Калі просяць дапамогі – дапамагаю, калі просяць выступіць – выступаю. Ужо даўно перастала даводзіць раўнадушным людзям, для чаго патрэбна вывучаць і ведаць свой радавод. Гэта тое, да чаго чалавек павінен прыйсці сам,  самасвядома і без прымусу.

Настае час, калі генеалогія павінна быць медыйным напрамкам і грамадства мусіць ведаць асабліва выбітных генеалогаў-навукоўцаў і асветнікаў у сферы генеалогіі. Хто, на Вашу думку, уваходзіць у топ-пяць вядучых генеалогаў Беларусі на сённяшні дзень?

З самых выбітных генеалогаў-навукоўцаў магу назваць Сяргея Рыбчонка, Яўгена Глінскага, Германа Брэгера, Вадзіма Урублеўскага, Дзяніса Лісейчыкава. Асабіста для мяне аўтарытэтнымі радаводцамі з’яўляюцца Уладзіслаў Вяроўкін-Шэлюта і Вітальд Ханецкі.

Гэтыя прозвішчы павінен ведаць кожны, хто цікавіцца генеалогіяй.

Гутарыў Вадзім Урублеўскі

Дадаць каментар

Ваш e-mail не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *


× 3 = 21