Генеалагічныя аб’яднанні іншых краін: Ірландыя

Разважаючы аб перспектывах развіцця генеалогіі ў Беларусі ў сферы грамадскага жыцця варта звярнуцца да вопыту асобных еўрапейскіх краін. Звернем увагу на Зялёную выспу – Рэспубліку Ірландыя, пяціміллённую дзяржаву, размешчаную на 70 тысячах км2 . Сетка ўстаноў генеалагічнага профілю ў Ірландыі пачала набываць свой сённяшні выгляд у пачатку 1990-х гадоў, чаму паспрыяла рэфармаванне архіўнай галіны, а менавіта стварэнне ў 1988 годзе Нацыяльнага архіва Ірландыі, шляхам аб’яднання Дзяржаўнага папяровага ўпраўлення і Дзяржаўнага архіўнага ўпраўлення Ірландыі.

Тытул сайта Нацыянальнага архіва Ірландыі

Самай буйной арганізацыяй Ірландыі ў сферы генеалогіі з’яўляецца «Генеалагічнае таварыства Ірландыі», заснаванае ў штаце Дублін як лакальнае таварыства Дун Лаогэр 25 кастрычніка 1990. Таварыства адрознівалі прагрэсіўныя і наватарскія мэты і рашучасць лабіраваць свае інтарэсы на айчыннай і міжнароднай пляцоўцы. У 1991 таварыства далучылася да міжнароднай Федэрацыі таварыстваў сямейнай гісторыі, каб наладзіць сувязі з міжнароднай генеалагічнай супольнасцю. Летам 1992 уласна ў межах Ірландыі Таварыства прапанавала стварыць «Усеірландскую федэрацыю таварыстваў сямейнай гісторыі».

Тытул сайта «Генеалагічнае таварыства Ірландыі»

Таварыства мае свой фонд, за кошт якога ажыццяўляецца стыпендыяльная дапамога найбольш актыўным сябрам аб’яднання ў знак прызнання за разнастайныя выбітныя дасягненні і выключныя заслугі ў вобласці генеалогіі, геральдыкі і сумежных дысцыплін. Роля інстытуцыі стыпендыятаў была замацаваная на Агульным сходзе-2012, на якім было пастаноўлена спрыяць лепшаму інфармаванню, заахвочванню і назапашванню ведаў аб генеалагічнай і геральдычнай спадчыне. Тады ж была прынятая рэзалюцыя, якая прызначыла старшыню Таварыства Роры Стэнлі старшынёй інстытута стыпендыятаў.

Даследчыцкі цэнтр Таварыства размешчаны на Лафлінстаун-драйв, на тэрыторыі забаўляльнага цэнтра Лафлінстаўн (паўднёвае прадмесце Дубліна). У будынку маецца вялікі даследчыцкі пакой з сучасным кампутарным абсталяваннем, прынтарамі, сканэрам, апаратамі для мікрафільмаў і мікрафіш. Праведзены інтэрнэт і наладжаны доступ да самых лепшых запатрабаваных даследчыкамі баз дадзеных генеалагічнай інфармацыі. У пытаннях пошука і інтэрпрэтацыі знаходак наладжана экспертная падтрымка спецыялістаў. Папяровыя дакументы дастаўляюцца са сховішча ў Лафлінстаўне.

Даследчыцкі цэнтр Таварыства на Лафлінстаун-драйв (Дублін)

На сайце Генеалагічнага таварыства Ірландыі https://familyhistory.ie прадстаўлена некалькі баз дадзеных, створаных прадстаўнікамі арганізацыі: 1) рэестры асоб, якія прыбылі на выспу ў 1914–1918 гг.; 2) спісы прыхаджан парафіі Драмломан 1821 года; 3) архіў адвакацкай канторы Лаўа; 4) калекцыя некралогаў на ірландцаў, якія памерлі ў Канадзе, ЗША і Новай Зеландыі. Безумоўна, гэта далёка не поўны пералік напрацаванага сябрамі арганізацыі.

Рэестр замежных грамадзян, прыбылых у Ірландыю ў 1914–1918 гг.
Спісы прыхаджан парафіі Драмломан 1821 года
Архіў адвакацкай канторы Лаўа
Калекцыя некралогаў на ірландцаў, якія памерлі ў Канадзе, ЗША і Новай Зеландыі

Другім значным аб’яднаннем, якое вартае ўвагі, з’яўляецца «Рада ірландскіх генеалагічных арганізацый», створаная з мэтай каардынацыі дзейнасці і лабіравання інтарэсаў ірландскай генеалогіі як унутры краіны, так і на міжнароднай пляцоўцы. Аб’яднанне было створана ў 1992  па прычыне неабходнасці падтрымкі і ўліку дзейнасці шматлікіх лакальных генеалагічных супольнасцей і іх адукацыйных праектаў. Цяпер на сайце http://www.cigo.ie прадстаўлена інфармацыя па вядомых ірландскіх адукацыйных ініцыятывах, якія дзейнічаюць, у асноўным, пры школах для дарослых, коледжах, універсітэтах, інстытутах дадатковай адукацыі.

Тытул сайта «Рады ірландскіх генеалагічных арганізацый»

Так, прадстаўлена інфармацыя аб дзьвюх такіх установах у Корку і аб сямі ў Дубліне. У асобным шэрагу стаіць «Цэнтр даследавання ірландскіх продкаў» ва Універсітэце горада Лімерык. Яго эксперты і выкладчыкі напрацягу года ладзяць шэраг семінараў, а таксама маюць сертыфікаты, магістарскія і доктарскія кваліфікацыі ў вобласці генеалогіі, генеалагічных даследаванняў і гісторыі сям’і. Заняткі ўключаюць у сябе гадавы курс няпоўнага працоўнага дня, які вядзе да атрымання сертыфіката па «Гісторыі сям’і і генеалагічных метадах».

Пры параўнанні ірландскай сітуацыі ў сферы генеалогіі з беларускай, варта ўлічваць, што развіццё ірландскай генеалогіі адбывалася без істотных ідэалагічных і палітычных уціскаў, якія замарудзілі такія працэсы на постсавецкай прасторы і на доўгі перыяд закляймілі генеалогію як саслоўна-буржуазную навуку і напамін аб колішняй сацыяльнай няроўнасці.

Як бачна са структуры ірландскіх генеалагічных арганізацый, іх дзейнасць даволі часта курыруецца прафесійнымі гісторыкамі-экспертамі, выкладчыкамі навучальных устаноў. Задачы па індэксацыі генеалагічных крыніц, лабіраванню інтарэсаў генеалагічнай супольнасці вырашае «Генеалагічнае таварыства Ірландыі». Пытаннямі павышэння генеалагічнай культуры, узбагачэння сямейнай памяці і фарміравання новага позірку на гісторыю займаецца праз сетку адукацыйных праектаў «Рада ірландскіх генеалагічных арганізацый».

Паколькі адпаведная структура ў Беларусі дагэтуль застаецца неразвітай, то такая сістэма можа служыць пэўным прыкладам таго як можна арганізаваць дзейнасць генеалагічных арганізацый у Беларусі ў будучым пры належных на тое ўмовах.

Падрыхтаваў Вадзім Урублеўскі,

14.06.2021

Дадаць каментар

Ваш e-mail не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *


9 − = 0