Звесткі аб стратах мірнага насельніцтва на тэрыторыі акупаванай Беларусі ў 1941-1944 гг. (у матэрыялах Дзяржаўнага архіва Расійскай Федэрацыі)

Адным з дастаткова пашыраных пытанняў, якія задаюцца даследчыкамі уласнай сямейнай гісторыі, з’яўляецца пытанне пошуку інфармацыі аб растраляных і вывезеных з Беларусі ў акупацыю. Дзе шукаць такія звесткі?

Безумоўна, такая інфармацыя не магла не цікавіць савецкую ўладу, якая ў ліпені 1944 года пачала займаць тэрыторыю Беларусі, вызваленую ад захопнікаў. У кожным з вызваленых раёнаў складаліся “камісіі па ўстанаўленні і расследаванні злачынстваў, здзейсненых нямецка-фашысцімі акупантамі”. Як правіла, у іх склад уваходзілі: старшыня або намеснік старшыні райвыканкама, члены мясцовых камітэта РККП(б)Б, камітэта РКВЛКСМ, аддзялення НКУС, Народнага суда і органаў здравааховы.

Ілюстрацыя (ГАРФ. Р7021-84-11)

Камісіі займаліся шырокім спектрам пытанняў: 1) збіралі паказанні сведкаў і выяўлялі месцы масавых смяротных пакаранняў і пахаванняў партызан і мірных грамадзян; 2) складалі паіменныя спісы растраляных, павешаных і закатаваных жыхароў раённага цэнтра і раёна (асобна па сельсаветах ці калгасах); 3) складалі спісы вывезеных у Германію на прымусовыя працы; 4) фарміравалі спісы і раследавалі злачынствы супрацоўнікаў акупацыйных органаў улады.

У дачыненні да першага пункта ў форме звычайнага тэксту складаліся акты паказанняў сведак і абследаванняў пахаванняў.

Прыклад акта, складзенага Лепельскай раённай камісіяй у ліпені 1944 г.

Паіменныя спісы загінулых у акупацыю вяліся ў таблічнай форме і ўключалі: ФІО, год нараджэння, пазнакі аб полавай і нацыянальнай прыналежнасці, спецыяльнасць і апошняе месца працы.

Прыклад паіменнага спісу на загінулых у горадзе Лепель

Тая самая інфармацыя датычылася і асоб, вывезеных у Германію.

Спіс вывезеных у Германію жыхароў сяла Юхнаўка Вітуніцкага с/с Бягомльскага р-на

У асобных выпадках камісія падшывала да сваіх матэрыялаў фотаздымкі асоб, вывезеных у Германію на прымусовыя працы ці нават палонных (як правіла, даваенныя, атрыманыя з матэрыялаў сельсавета або ад сваякоў).

Фотаздымак Гелены Сямёнаўны Макуры з в. Вялікае Азярэцка Уллянавіцкага с/с Сенненскага р-на

На адваротным баку фотаздымка пазначалася ФІО, год нараджэння, месцы апошняй працы і прыпіскі.

Адварот фотаздымка з месцам прапіскі і пражывання

Рэдкімі матэрыяламі, якія маглі быць складзеныя ў рамках расследавання, з’яўляліся спісы нямецкіх вайскоўцаў і прадстаўнікоў мясцовай калабарацыі, якія ўдзельнічалі ў масавых растрэлах.

Спіс нямецкіх ваеннаслужачых, якія абвінавачваліся ў масавых пакараннях на тэрыторыі Сенненскага р-на ВІцебскай вобл.

Матэыяры раённай камісіі нельга разглядаць як поўную крыніцу інфармацыі па акрэсленых пытаннях. Дапушчальна, што ў шэрагу выпадкаў мелі месца памылкі і проста ўпушчэнні. Пра гэта сведчаць заявы родзічаў і землякоў загінулых аб уключэнні ў спісы тых, хто па дадзеных камісіі аказаўся няўлічаным.

Заява М. Шарэнды аб уключэнні ў спісы загінулых членаў яго сям’і за 27.03.1945 г.

Усе сабраныя раённай камісіяй матэрыялы падшываліся ў агульную справу і адпраўляліся ў Маскву, дзе фарміравалі комплекс спраў Надзвычайнай дзяржаўнай камісіі па ўстанаўленні і расследаванні злачынстваў нямецка-фашысцкіх захопнікаў і іх паплечнікаў і прычыненай імі шкоды грамадзянам, калектыўным гаспадаркам (калгасам), грамадскім арганізацыям, дзяржаўным прадпрыемствам і установам СССР. Матэрыялы камісіі на сённяшні дзень фармуюць фонд Р-7021 Дзяржаўнага архіва Расійскай Федэрацыі (Государственного архива Российской Федерации).

Сканаваныя версіі спраў раённых камісій БССР захоўваюцца ў Нацыянальным архіве Рэспублікі Беларусь.

Матэрыял падрыхтаваў Вадзім Урублеўскі,

16.11.2021

Дадаць каментар

Ваш e-mail не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *


5 − = 1