Прадстаўленасць метрычных кніг за 1866-1917 гг. (у Нацыянальным архіўным фондзе РБ)

Апошнія дзесяцігоддзі знаходжання Беларусі ў складзе Расійскай імперыі ўяўляюць сабой перыяд асабліва актуальны пры правядзенні генеалагічных даследаванняў. Менавіта з яго часцей за ўсё і пачынаецца праца ў гістарычных архівах над уласным радаводам. Пра гэты перыяд, перыяд другой паловы ХІХ – пачатку ХХ ст., і будзе весціся гаворка ў дадзеным артыкуле.

Ілюстрацыя. Дакументы ў адным з памяшканняў Магілёўскага гістарычнага архіва, 1936

Паводле дэкрэту УВЦК і СНК аб грамадзянскім шлюбе, дзецях і аб вядзенні кніг актаў стану ад 18 снежня 1917, усе метрычныя кнігі мусілі перадавацца ў адпаведныя гарадскія, павятовыя і валасныя земскія управы.  У 1921 на падставе “Кодэкса законаў аб актах грамадзянскага стану, шлюбным, сямейным і апекунскім праве” і “Інструкцыі аб арганізацыі і дзейнасці аддзела запісаў актаў грамадзянскага стану” ствараліся Цэнтральны аддзел органаў ЗАГС пры НКУС БССР і мясцовыя аддзелы ЗАГС, якія апекаваліся ў сельскай мясцовасці валаснымі, а ў гарадах і іншых павятовых цэнтрах – павятовымі рэвалюцыйнымі камітэтамі.

Цэнтральны аддзел органаў ЗАГС (Цэнтразагс) пры НКУС БССР размяшчаўся ў Мінску, у будынку Мінскай духоўнай кансісторыі, на перасячэнні вуліц Захар’еўская (раён вуліцы Энгельса) і Скобелеўская (цяпер Чырвонаармейская). Цяпер будынак размяшчаецца па адрасе: праспект Незалежнасці, 24 (Інстытут тэалогіі БДУ). Сюды для ўліку і на захаванне паступалі другія экзэмпляры метрык з органаў ЗАГС пры мясцовых выканкамах. Працэс па пошуку і выдачы пасведчанняў па заявах грамадзян ажыццяўляўся трыма супрацоўніцамі, з якіх адна выдавала даведкі па нараджэнні ў Мінску, другая – па Мінскім павеце, трэцяя – па астатніх паветах Мінскай губерні. Кожная выдавала ад 20 да 25 даведак у дзень.

Пасля ліквідацыі Цэнтразагса ў 1924 другія экзэмпляры метрык паступалі з раённых і сельскіх архіваў ЗАГС у новаствораныя акруговыя архівы. Стан акруговых, раённых, сельскіх архіваў ЗАГС у большасці выпадкаў пакідаў жадаць лепшага, у сувязі з чым многае было расцярушана і знікла яшчэ задоўга да пачатку вайны. Так, па стане на 4 мая 1933 у Кашалёўскім сельсавеце Буда-Кашалёўскага раёна ўсе кнігі ЗАГС да 1931 былі панішчаны, у Смалявіцкім раённым выканаўчым камітэце адсутнічалі кнігі ЗАГС па 11 сельсаветах за час з 1920 па 1924.

На падставе даследавання міжфондавых даведнікаў па цэрквах і касцёлах НГАБ у Мінску і Горадні, можна зрабіць прамежкавую выснову аб тым, што ў 1941 у мясцовых аддзелах органаў ЗАГС БССР захоўваліся метрычныя кнігі за апошнія 75 год, пачынаючы з 1866. Архівы ЗАГС эвакуяваныя, у большай сваё масе не былі, і па гэтай прычыне нярэдка гінулі ў выніку баявых дзеянняў разам са сваімі матэрыяламі. Так, у ліпені 1944 падчас вызвалення Мінска цалкам згарэў разам са сваімі матэрыяламі Мінскі архіў органаў ЗАГС, у сувязі з чым метрыкі па Мінску за 1866–1941 адсутнічаюць на дзяржаўным захаванні на 99 %. Акрамя таго, матэрыялы раённых архіваў нярэдка знішчаліся супрацоўнікамі НКУС напярэдадні акупацыі. Так, да тысячы спраў Камарынскага раённага архіва Гомельскай вобласці за 1791– 1931, уключаючы метрычныя кнігі, былі спалены намеснікам начальніка райаддзела НКУС з дапамогай салдат Чырвонай арміі перад прыходам немцаў.

Асобныя архівы знішчаліся ў тры этапы: 1) супрацоўнікамі НКУС пры эвакуацыі і адступленні савецкай арміі, 2) баявымі дзеяннямі, 3) бязладдзем першых дзён акупацыі і акупацыйнымі органамі. Асабліва паказальны лёс архіва Клімавіцкага райкама, дзе да вайны захоўвалася 250 фондаў за 1865–1940 (15550 спраў). Пяць фондаў у колькасці тысячы спраў былі спалены супрацоўнікамі райкама напярэдадні нямецкай акупацыі. У выніку “баявых дзеянняў, бамбардзіровак і артылерыйскіх абстрэлаў” 1 жніўня 1941 знішчана яшчэ 5 фондаў (6850 спраў). Рэшта архіву, згодна акту, была спалена акупантамі, але магчыма і  разрабавана мясцовымі жыхарамі.

Такім чынам, па тэрыторыі многіх раёнаў комплекс метрык за 1866–1917 адсутнічае амаль цалкам. Выключэнне складаюць асобныя зводныя экзэмпляры метрык, у свой час вынятыя з агульнага комплексу і перададзеныя на захаванне ў гістарычны архіў. Так, нам вядомыя: зводная метрыка па касцёлах Менска за 1893 год, зводная метрыка па касцёлах Лепельскага павета за 1877 год, зводная метрыка па касцёлах Аршанскага павета за 1875 год, зводная метрыка па цэрквах Аршанскага павета за 1909 год і г.д.

Па вышэй адзначаных прычынах партал “Радавод” задаўся мэтай прывесці пералік раёнаў Беларусі, зрабіўшы адзнакі аб захаванасці па кожным з іх неабходнага комплексу метрычных кніг за 1866–1917. Пераважна, маюцца на ўвазе матэрыялы Нацыянальнага архіўнага фонда.

Варта адзначыць, што ў пераліку не прадстаўлены шлюбныя вобыскі, спавядальныя ведамасці і спісы прыхаджан, якія могуць захоўвацца ў НГАБ у кансісторскіх, дэканацкіх, дабрачынніцкіх, прыхадскіх і парафіяльных фондах.

У напісанні артыкула задзейнічаны наступныя даследаванні:

Жумарь, С.В. Ведомственные архивы и отраслевые фонды Республики Беларусь. – Минск, 2005.

Жумарь, С. Уничтожение районных архивов Беларуси в 1941-1944 гг. / С.В. Жумарь // Беларускі археаграфічны штогоднік / Белар. навук.-даследчы ін-т дакументазнаўства і архіўнай справы; рэдкал.: Э.М. Савіцкі (гал. рэд.) [і інш.]. – Мінск, 2008.

Мінская вобласць

Раён 1866 – 1917 Заўвагі
Барысаўскі + НГАБ (Мінск)
Бярэзінскі Комлекс страчаны
Валожынскі + НГАБ Горадні і ЛДГА: ХІХ ст. НГАБ (Мінск): пачатак ХХ ст.
Вілейскі + НГАБ Горадні і ЛДГА: ХІХ ст. НГАБ (Мінск): пачатак ХХ ст.
Дзяржынскі Комлекс страчаны
Капыльскі Комлекс страчаны
Клецкі + НГАБ (Мінск)
Крупскі Комлекс страчаны, за выключэннем кніг асобных прыходаў, прадстаўленых у НГАБ (Мінск)
Лагойскі Комлекс страчаны
Любанскі Комлекс страчаны, за выключэннем кніг асобных прыходаў, прадстаўленых у НГАБ (Мінск)
Маладзечанскі + НГАБ Горадні і ЛДГА: ХІХ ст. НГАБ (Мінск): пачатак ХХ ст.
Мінскі Комплекс загінуў у ліпені 1944 г., за выключэннем кніг Каралішчавіцкай парафіі за 1866-1931 гг., якія захоўваюцца ў НГАБ
Мядзельскі + НГАБ Горадні і ЛДГА: ХІХ ст. НГАБ (Мінск): пачатак ХХ ст.
Нясвіжскі Комлекс страчаны
Пухавіцкі Комлекс страчаны
Салігорскі Комлекс страчаны, за выключэннем кніг асобных прыходаў, прадстаўленых у НГАБ (Мінск)
Слуцкі Комлекс страчаны, за выключэннем кніг асобных прыходаў, прадстаўленых у НГАБ (Мінск)
Смалявіцкі + НГАБ (Мінск)
Старадарожскі + НГАБ (Мінск)
Стаўбцоўскі Комлекс страчаны, за выключэннем кніг асобных прыходаў, прадстаўленых у НГАБ (Мінск)
Уздзенскі + НГАБ (Мінск)
Чэрвеньскі Комлекс страчаны, за выключэннем кніг асобных прыходаў, прадстаўленых у НГАБ (Мінск)

Магілёўская вобласць

Раён 1866 – 1917 Заўвагі
Асіповіцкі + НГАБ (Мінск)
Бабруйскі + НГАБ (Мінск)
Быхаўскі Комлекс страчаны
Бялыніцкі Комлекс страчаны
Глускі Комлекс страчаны
Горацкі Комлекс страчаны
Дрыбінскі Комлекс страчаны
Касцюковіцкі + НГАБ (Мінск)
Кіраўскі + — Комплекс захаваўся у НГАБ (Мінск) у дачынені да былых тэрыторый Бабруйскага павета, метрыкі па паўночнай частцы – тэрыторыі Быхаўскага павета – страчаны
Клімавіцкі Комлекс страчаны
Клічаўскі + — НГАБ (Мінск)
Краснапольскі Комлекс страчаны
Круглянскі Комлекс страчаны
Крычаўскі Комлекс страчаны
Магілёўскі + НГАБ (Мінск)
Мсціслаўскі + НГАБ (Мінск)
Слаўгарадскі Комлекс страчаны
Чавускі Комлекс страчаны
Чэрыкаўскі Комлекс страчаны
Хоцімскі Комлекс страчаны
Шклоўскі + НГАБ (Мінск)

Гомельская вобласць

Раён 1866 – 1917 Заўвагі
Акцябрскі +- Комплекс з 1874-75 гадоў страчаны, за выключэннем кніг Рудабельскага прыходу, прадстаўленага ў НГАБ (Мінск)
Брагінскі Комлекс страчаны
Буда-Кашалёўскі Комлекс страчаны
Веткаўскі Комлекс страчаны, акрамя кніг Неглюбскага прыходу за 1866-1879, прадстаўленых у НГАБ (Мінск)
Гомельскі + НГАБ (Мінск)
Добрушскі + НГАБ (Мінск)
Ельскі Комлекс страчаны
Жлобінскі + НГАБ (Мінск)
Жыткавіцкі Комлекс страчаны
Калінкавіцкі Комлекс страчаны
Кармянскі + НГАБ (Мінск)
Лельчыцкі Комлекс страчаны
Лоеўскі + НГАБ (Мінск)
Мазырскі Комлекс страчаны
Нараўлянскі +- НГАБ (Мінск)
Петрыкаўскі +- НГАБ (Мінск)
Рагачоўскі Комлекс страчаны
Рэчыцкі + НГАБ (Мінск)
Светлагорскі + НГАБ (Мінск)
Хойніцкі + НГАБ (Мінск)
Чачэрскі Комлекс страчаны

Віцебская вобласць

Раён 1866 – 1917 Заўвагі
Аршанскі Комлекс страчаны
Бешанковіцкі Комлекс страчаны
Браслаўскі + НГАБ (Мінск)
Верхнядзвінскі Комлекс страчаны, акрамя метрычных кніг асобных прыходаў, напр., Росіцкай царквы за 1866-1889 гг.
Віцебскі Комлекс страчаны
Гарадоцкі Комлекс страчаны
Глубоцкі + НГАБ (Мінск)
Докшыцкі + НГАБ (Мінск)
Дубровенскі Комлекс страчаны
Лепельскі Комлекс страчаны
Лёзненскі Комлекс страчаны
Міёрскі + НГАБ (Мінск)
Полацкі Комлекс страчаны
Пастаўскі + НГАБ (Мінск)
Расонскі Комлекс страчаны
Сенненскі Комлекс страчаны
Талачынскі Комлекс страчаны
Ушацкі Комлекс страчаны
Чашніцкі + НГАБ (Мінск)
Шаркаўшчынскі +- Комплекс кніг каталіцкіх парафій у НГАБ (Мінск), комплекс кніг праваслаўных прыходаў страчаны.
Шумілінскі Комлекс страчаны

Гродзенская вобласць

Раён 1866 – 1917 Заўвагі
Астравецкі +- Комплекс кніг каталіцкіх парафій у НГАБ (Горадня), комплекс кніг праваслаўных прыходаў у ЛДГА ці страчаны.
Ашмянскі + НГАБ (Горадня)
Бераставіцкі +- Комплекс кніг каталіцкіх парафій у НГАБ (Горадня), акрэслены перыяд прадстаўлены выбарачна, многае страчана
Ваўкавыскі Комплекс страчаны або расцярушаны
Воранаўскі +- Комплекс кніг каталіцкіх парафій у НГАБ (Горадня), комплекс кніг праваслаўных прыходаў у ЛДГА ці страчаны.
Гродзенскі +- Комплекс кніг каталіцкіх парафій у НГАБ (Горадня), комплекс кніг праваслаўных прыходаў у ЛДГА ці страчаны.
Дзятлаўскі +- Комплекс кніг каталіцкіх парафій у НГАБ (Горадня), комплекс праваслаўных кніг здадзены ў макулатуру ў 1970-я гг. (?)
Зельвянскі +- Комплекс страчаны або расцярушаны (нязначная частка прадстаўлена ў НГАБ Горадні)
Іўеўскі + НГАБ (Горадня)
Карэліцкі Комплекс страчаны
Лідскі +- Комплекс кніг каталіцкіх парафій у НГАБ (Горадня), комплекс кніг праваслаўных прыходаў у ЛДГА ці страчаны.
Мастоўскі +- Комплекс кніг каталіцкіх парафій у НГАБ (Горадня), акрэслены перыяд прадстаўлены выбарачна
Навагрудскі Комплекс страчаны
Свіслацкі +- НГАБ (Горадня), комплекс захаваўся нераўнамерна, многае страчана
Слонімскі Комплекс страчаны або расцярушаны, крамя метрык Слонімскага касцёла
Смаргонскі +- НГАБ (Горадня), за выключэннем кніг асобных каталіцкіх парафій за 1867-1905 гг. (ЛДГА?); метрычныя кнігі парафій і прыходаў на поўнач ад Смаргоні могуць быць прадстаўлены ў ЛДГА
Шчучынскі + НГАБ (Горадня)

Брэсцкая вобласць

Раён 1866 – 1917 Заўвагі
Баранавіцкі Комлекс страчаны
Брэсцкі +- НГАБ (Горадня)
Бярозаўскі + НГАБ (Горадня)
Ганцавіцкі Комлекс страчаны, акрамя кніг Хатыніцкага прыходу, прадстаўленага ў НГАБ (Мінск)
Драгічынскі + НГАБ (Горадня)
Жабінкаўскі +- НГАБ (Горадня)
Іванаўскі + НГАБ (Горадня)
Івацэвіцкі   НГАБ (Мінск) – Обраўскі і Святавольскі прыход; НГАБ (Горадня) – Косаўскія прыход і парафія
Камянецкі + НГАБ (Горадня)
Кобрынскі + НГАБ (Горадня)
Лунінецкі + НГАБ (Мінск)
Ляхавіцкі Комлекс страчаны, акрамя кніг Востраўскага прыходу, прадстаўленага ў НГАБ (Мінск)
Маларыцкі +- НГАБ (Горадня)
Пінскі + НГАБ (Мінск)
Пружанскі +- НГАБ (Горадня)
Столінскі + НГАБ (Мінск)

Прадстаўленыя таблічныя звесткі не прэтэндуюць на абсалютную дакладнасць, а з’яўляюцца толькі першай спробай даследавання праблемы. Аўтар будзе ўдзячны за магчымыя папраўкі.

Падрыхтаваў Вадзім Урублеўскі.

30.03.2020

4 thoughts on “Прадстаўленасць метрычных кніг за 1866-1917 гг. (у Нацыянальным архіўным фондзе РБ)

  1. Па сучасным Дубровенскім раёне Віцебскай вобласці ёсць асобныя метрыкі. Напрыклад, па царкве і праваслаўным прыходзе Ушэсця Гасподняга ў Хоміна (1875, 1878, 1881, 1887, 1883 Фонд 2301, вопіс 6, НГАБ).

    1. Дзякуем Вам за адказ! Але, на жаль, гэтых крыніц мала, каб паставіць “+” насупраць пазіцыі “Дубровенскі раён”.

  2. Ищу метрики пробабушки и ее родных сестер.Куда обратится? .Пробабушка Лысенок-девечья фамилия Мария Винидиктовна, 1911гр.Место рождения д.Алашки,теперь Шарковщинский район.Витебская область.

Дадаць каментар

Ваш e-mail не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *


6 − = 4