Аб аўтары

УРУБЛЕЎСКІ Вадзім Валер’евіч (н. 30.10.1986, г. Мінск), гісторык, архівіст. Скончыў СШ № 167 г. Мінска (2004), гістарычны факультэт БДУ па спецыяльнасці “гісторыка-архівазнаўства” (2009), аспірантуру БДУ па спецыяльнасці “гістарыяграфія, крыніцазнаўства, метады гістарычнага даследавання” (2012).

Па бацьку паходзіць са шляхецкага роду Урублеўскіх з Вількамірскага павета Віленскага ваяводства Рэчы Паспалітай, зацверджанага ў дваранстве Расійскай імперыі (18.07.1850). Па маці — з сялян Адамовічаў (баярскай катэгорыі) Навагрудскага ваяводства Рэчы Паспалітай.

Сваю працоўную дзейнасць пачаў на пасадзе вядучага архівіста аддзела публікацыі дакументаў НГАБ 2 лютага 2008. З 05.01.2009 – вядучы навуковы супрацоўнік, з 02.12.2012 – галоўны архівіст, з кастр. 2017 – галоўны архівіст, загадчык сектара рэдакцыйна-выдавецкай працы таго ж аддзела, з 12.02.2019 – загадчык сектара выставачнай дзейнасці, тэматычных і генеалагічных даследаванняў аддзела выкарыстання дакументаў і інфармацыі. З 07.12.2021 – старшы навуковы супрацоўнік сектара навуковай апрацоўкі рукапісаў аддзела рэдкіх кніг і рукапісаў Цэнтральнай навуковай бібліятэкі імя Якуба Коласа НАН Беларусі, з 06.02.2023 — загадчык аддзела даследавання рукапісаў Цэнтра даследаванняў старадрукаваных выданняў і рукапісаў той жа ўстановы.

Прымаў ўдзел у складанні і рэдагаванні зборніка навуковых артыкулаў і паведамленняў «Архіварыус» (2008–2019), адказным рэдактарам якога з’яўляўся з ліст. 2014 па люты 2019. Адзін з аўтараў «Гербоўніка беларускай шляхты» (Т. 4. – 2016, Т. 5. – 2018, Т. 7. – 2020), зборнікаў навуковых артыкулаў «Витебская губерния» (2009), «Могилевская губерния» (2014). Займаўся даследаваннем гісторыі і функцыянавання магістратаў гарадоў Горадня і Віцебск у XVII–XVIII стст. у кантэксце планавай тэмы «Гісторыя дзяржаўных устаноў Вялікага Княства Літоўскага».

У 2008 г. перамог у конкурсе студэнцкіх прац БДУ па сацыльна-гуманітарных дысцыплінах з тэмай: “Крыніцы па генеалогіі маёнтка Цялякава Ігуменскага павета Мінскай губерні канца XVIII – пачатку ХХ ст.”. У 2014 абараніў кандыдацкую дысертацыю на тэму «Крыніцы па гісторыі штодзённасці сялянскага насельніцтва Беларусі ў XVIII cт.» (пастанова ВАК аб зацвярджэнні ў ступені кандыдата гістарычных навук ад 26.11.2014).

Займаецца даследаваннямі ў сферы гісторыі штодзённасці, архіўнага крыніцазнаўства, генеалогіі, антрапанімікі.

У 2014–2015, 2020–2021 гг. прымаў удзел у дзейнасці Экспертна-метадычнай камісіі НГАБ, у 2015–2021 гг. – сябра Навуковай рады НГАБ. Займаўся археаграфічнай дзейнасцю ў сферы пошуку і апісання гістарычных дакументаў з калекцый рэлігійных устаноў і прыватных асоб.

Чытае і перакладае з ангельскай, польскай і гішпанскай моваў, мае вопыт працы са старабеларускімі, польскамоўнымі, лацінамоўнымі, рускамоўнымі дакументамі XVI – XX ст.

У 2012–2015 навучаўся ў Мінскім духоўным вучылішчы, у 2015–2017 у Мінскай духоўнай семінарыі. Мае вопыт працы з творамі на царкоўнаславянскай мове.

Намеснік старшыні гуртка даследчыкаў генеалогіі «Радавод» гістарычнага факультэта БДУ з сак. 2009 па ліп. 2019, ініцыятар заснавання і кіраўнік з вер. 2013 першай у Беларусі Школы практычнай генеалогіі – грамадскага асветніцкага праекта. Заснавальнік і куратар партала навін у сферы генеалогіі radawod.by.   

Узнагароджаны ганаровай граматай Дэпартамента па архівах і справаводству (2013), падзякай за ўнёсак у распаўсюд сямейных праваслаўных каштоўнасцей ад мітрапаліта мінскага і заслаўскага Веніаміна (2021).

Пытанні адпраўляць на:
vadzimurubleuski@gmail.com 

 

Дадаць каментар

Ваш e-mail не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *


8 − = 1