Прэзентацыя “Гербоўніка беларускай шляхты” на літару “В” у НГАБ (16.10.2014)

16 кастрычніка 2014 г. у канферэнт-зале Нацыянальнага гістарычнага архіва Беларусі (г. Мінск, вул. Крапоткіна, 55) адбылася прэзентацыя трэццяга тома “Гербоўніка беларускай шляхты” (літара “В”), куды ўвайшлі генеалагічныя роспісы 249 шляхецкіх родаў з Мінскай губерні, што падавалі дакументы на прызнанне і зацвярджэнне ў статусе дваранства Расійскай імперыі ў канцы XVIII – пачатку ХХ ст. Выданне з’яўляецца працягам шматтомнай серыі “Гербоўніка беларускай шляхты”, першыя два тамы якога на літары “А” і “Б” пабачылі свет адпаведна ў 2002 і 2007 гг.

vokladkaІдэя распрацоўкі шляхецкіх радаводаў у межах Беларусі адносіцца да сярэдзіны 1990-х гг., калі па дамоўленасці расійскага гісторыка-генеалога С.У. Думіна з дырэктарам НГАБ А.К. Галубовіч беларускімі архівістамі пачала здзяйсняцца спецыяльная апрацоўка дакументаў, звязаных з гісторыяй і генеалогіяй шляхты Беларусі. Пры гэтым улічваліся традыцыі напісання гербоўнікаў шляхты ў XVІ – пачатку ХХ ст., вопыт польскіх аўтараў ХХ ст. З цягам часу на падставе згаданай пошукава-аналітычнай дзейнасці аформіўся ўласна беларускі генеалагічны праект, вядомы пад назвай “Гербоўнік беларускай шляхты”.

Артыкулы напісаны паводле схемы, уведзенай у папярэдніх тамах, і складаюцца з 5 частак: 1) прозвішча роду, магчымы прыдомак, герб; 2) звесткі пра легенды аб паходжанні роду альбо найбольш старажытных вядомых прадстаўнікоў; 3) пакаленны роспіс, створаны на падставе матэрыялаў, пададзеных у Мінскі ДДС; 4) звесткі пра зацвярджэнне ці незацвярджэнне роду ў расійскім дваранстве ўказамі Сената; 5) крыніцы, на падставе якіх напісаны артыкул.

Падставай для падрыхтоўкі гэтага тому, як і папярэдніх, з’яўляліся матэрыялы Мінскага дваранскага дэпутацкага сходу (фонд 319, воп. 1, 2), найбольш каштоўную частку якіх уяўляюць персанальныя справы аб паходжанні таго ці іншага роду, яго прызнанні і зацвярджэнні (альбо незацвярджэнні) ў дваранстве. Аднак пры напісанні артыкулаў маглі выкарыстоўвацца і іншыя матэрыялы (архіўныя ці апублікаваныя), калі яны былі вядомы аўтару таго ці іншага артыкула на час яго складання.

Як і ў папярэдніх тамах, пры напісанні артыкулаў вялікая ўвага надавалася валоданню шляхтай зямельнай маёмасцю і займанню дзяржаўных пасад. Аднак пры складанні тома аўтары ўлічылі папярэдні досвед і звярнулі значна большую ўвагу на насычэнне артыкулаў фактычнымі звесткамі – месцы і час пражывання асобных шляхціцаў (у першую чаргу, на працягу канца XVIII–ХІХ ст.), іх удзел у грамадска-палітычных падзеях (напрыклад, войнах, паўстаннях і інш.), змяненне сацыяльнага становішча (напрыклад, пераход са святарскага стану ў саслоўе дваранаў, залічэнне ў якое-небудзь падатковае саслоўе і да т.п.), прафесійныя заняткі (прыватная ці дзяржаўная (грамадзянская альбо вайсковая) служба) і іншыя падрабязнасці, – якія маюцца ў матэрыялах фонда Мінскага ДДС. Усе падобныя “дробязі” могуць паслужыць добрымі адпраўнымі пунктамі пры правядзенні ў далейшым больш грунтоўных генеалагічных даследаванняў.

Як выданне энцыклапедычнага характару, гэты том, як і папярэднія два, забяспечаны паказальнікамі імёнаў і геаграфічных назваў. Да тома дадаюцца таксама каляровыя выявы гербаў шляхецкіх родаў, якія маюцца ў матэрыялах фонда – у персанальных справах аб паходжанні родаў, генеалагічных табліцах і кнігах вывадовых пратаколаў. Паколькі дзякуючы сучасным інфармацыйным тэхналогіям выявы гербоў зрабіліся лёгкадаступнымі для даследчыкаў, у гэты том уключаны толькі тыя выявы, якія змешчаны ў дакументах самімі прадстаўнікамі роду, нават калі малюнкі былі выкананы на самым прымітыўным узроўні.

Падчас прэзентацыі выступалі дырэктар НГАБ Д.У. Яцэвіч, архівісты і гісторыкі Р.С. Жаўняркевіч, С.А. Рыбчонак, В.С. Макарэвіч, А.Б. Доўнар. Праводзіў мерапрыемства Д.В. Лісейчыкаў, кандыдат гістарычных навук, намеснік дырэктара НГАБ. Грунтоўнай прамовай адносна прэзентуемага выдання адзначыўся кіраўнік аўтарскага калектыву Д.Ч. Матвейчык, кандыдат гістарычных навук, загадчык аддзела публікацыі дакументаў НГАБ. Між іншым ён адзначыў аб верагоднасці выхада ў свет чацвёртага тома “Гербоўніка беларускай шляхты” на літару “В” напачатку 2016 г.

“Гербоўнік беларускай шляхты” на літару “В” можна набыць у НГАБ без 30%-ай нацэнкі, за 177 тыс. б.р.

NIAB_LA_319_1_23_016 vystyp-rybconka

Дадаць каментар

Ваш e-mail не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *


3 × = 15

Можна выкарыстоўваць наступныя HTML-тэгі і атрыбуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <strike> <strong>