Tag Archives: крыніцы



Пошукавая сістэма “Дапаможнік” на сайце “Архівы Беларусі”

У маі 2017 года на сайце беларускай архіўнай галіны  ”Архівы Беларусі” з’явіўся спецыялізаваны паказальнік па лакалізацыі месцаў пражывання нашых продкаў у прасторы і часе. 

Дадзены дапаможнік, распрацаваны Беларускім навукова-даследчым цэнтрам электроннай дакументацыі, дазваляе: Чытаць далей



ШКОЛА ПРАКТЫЧНАЙ ГЕНЕАЛОГІІ (V сезон, абвестка)

У верасні 2017 г. працягне сваю дзейнасць Школа практычнай генеалогии (ШПГ) пры прыходзе ў памяць свяціцеля Мікалая, епіскапа і асветніка Японіі, створаная ў мэтах асветы ўсіх жадаючых. Асноўнае кола пытанняў, якім надаецца ўвага, зводзіцца да наступных тэм: практычны пошук інфармацыі аб продках, выхаванне дзяцей на падмурку сямейна-родавых каштоўнасцяў, духоўнае самапазнанне.

Заняткі будуць уключаць у сябе не толькі навуковую тэорыю, але і асабісты вопыт у складанні і асэнсаванні свайго радавода, папулярызацыю гістарычнай дакументальнай спадчыны і набыткаў айчыннай гістарыяграфіі, знаёмства з вядомымі спецыялістамі ў дадзенай сферы. Запланавана правядзенне экскурсій і асветніцкіх сустрэч. Чытаць далей



Памёр Віктар Крэсс

***

15 чэрвеня нечакана памёр наш дарагі сябар-паплечнік, адзін з актыўных папулярызатараў гісторыі і генеалогіі Беларусі Віктар Канстанцінавіч Крэсс. Спадар Віктар чула ставіўся да ўсіх ініцыятыў у сферы беларускай гісторыі і генеалогіі. Шмат год запар ён плённа збіраў, сістэматызоўваў і афармляў інфармацыю пра сваіх продкаў са шляхецкіх радоў Панятоўскіх і Скіндзераў. Ён адзіны з ліку выступоўцаў ГДГ Радавод і Школы Практычнай генеалогіі, хто акрамя падрыхтоўкіВіктар Крэсс (16.05.2015) стракатага ілюстратыўнага матэрыяла, таксама збіраў на свае выступы сваіх шматлікіх родных і сваякоў. Уваскрасаючы імёны і ўчынкі продкаў ён не забываў перадаваць памяць пра гісторыю і культуру сваім нашчадкам (яго сын Зміцер вядомы як беларускамоўны паэт).

Мяркую, надышоў час лічыць што той,  хто адраджае Памяць аб мінулым – герой.

Вечная Памяць героям!

Вадзім Урублеўскі

18.06.2017



19 мая 2017 на пасяджэнні ГДГ Радавод плануюцца выступленні выкладчыкаў факультэта — гісторыкаў Ігара Аўласенкі і Віктара Кахновіча

19 мая 2017 г. (пятніца) на гiстарычным факультэце БДУ плануецца чарговае пасяджэнне ГДГ “РАДАВОД” (генеалагічныя даследаванні, гiсторыя сям’і, вывучэнне ўласнага радаводу).

У праграме пасяджэння плануецца:

1. “Радаводы беларускіх літаратараў”, дакладчык — Аўласенка Ігар Міхайлавіч, кандыдат гістарычных навук, выкладчык кафедры гісторыі новага і навейшага часу ГФ БДУ.

2. “Асаблівасці генеалагічных даследаванняў на падставе метрычных кніг праваслаўных прыходаў Пінскага павета”, дакладчык — Кахновіч Віктар Адамавіч, кандыдат гістарычных навук, дацэнт кафедры гісторыі Расіі ГФ БДУ. Чытаць далей



Лекцыя для навучэнцаў Школы Практычнай генеалогіі ў Нацыянальным гістарычным архіве Беларусі

27 студзеня 2017 г. у Нацыянальным гістарычным архіве Беларусі адбыўся занятак для навучэнцаў Школы Практычнай генеалогіі. У першай частцы Вадзім Валер’евіч Урублеўскі распавёў пра гісторыю архіўнай справы, мінулае і сучаснасць Нацыянальнага гістарычнага архіва Беларусі, прадэманстраваў яго выданні, паказаў прыклады асноўных генеалагічных крыніц. У другой частцы Яўген Станіслававіч Глінскі, супрацоўнік аддзела публікацыі дакументаў архіва, распавёў пра вопыт даследавання радаводу сваіх продкаў – вольных людзей з маёнтка Пырашава князя Дамініка Радзівіла, а таксама падзяліўся досведам у справе выяўлення фальсіфікаваных дакументаў.

106_1782

Вадзім Урублеўскі (на пярэднім плане) і Яўген Глінскі (выступае перад слухачамі)

106_1784 106_1789



Крыніцы па генеалогіі (на прыкладзе Лідчыны): выступленне ў Лідскай раённай бібліятэцы (18.01.2017)

18 студзеня 2017 г. у Лідскай раённай бібліятэцы імя Янкі Купалы адбыўся выступ Вадзіма Урублеўскага на тэму “Крыніцы па генеалогіі (на прыкладзе Лідчыны): паводле матэрыялаў Нацыянальнага гістарычнага архіва Беларусі”.

Падчас выступлення быў акрэслены агульны парадак даследавання сваіх каранёў, адзначаны асноўныя генеалагічныя крыніцы па рэгіёне дарэвалюцыйнага перыяда, звернута ўвага на месцы іх захавання. Лекцыя суправаджалася дэманстрацыяй прэзентацыі. На мерапрыемстве прысутнічалі прадстаўнікі ўстаноў культуры і асобныя грамадскія актывісты.

Чакаем запрашэнняў з іншых раённых устаноў культуры!

18.01.2017

106_1770


09. Героспіс Глаўдзеляў (1786)
106_1772

 

 



Хрышчэнне ў сем’ях з рознай канфесійнай прыналежнасцю ў святле заканадаўства Расійскай імперыі

1768, 24 лютага – прыняццё на Варшаўскім сейме Рэчы Паспалітай “Трактату вечнага”, паводле якога ў ліку іншага скасоўваліся дыскрымінацыйныя законы супраць праваслаўных і пратэстантаў і негатыўная тэрміналогія ў дачыненні да іх. У другім артыкуле дзесятага параграфа “Трактат” сцвярджаў аб неабходнасці выхавання ў змешаных сем’ях сыноў у веравызнанні бацькі, а дачок – у веравызнанні маці. Зацверджаны ўказамі Сената Расійскай імперыі 1776 і 1780 гг.

1832, 12 кастрычніка – выданне ўказа Сінода аб абавязковым выхаванні дзяцей са змешаных шлюбаў у пануючым веравызнанні. Дзеці каталікоў і праваслаўных, уніятаў і праваслаўных маглі быць ахрышчаны толькі ў праваслаўі.

1905, 17 красавіка – Маніфест аб умацаванні пачаткаў верацярпімасці. У другім параграфе тычыўся канфесійнай сітуацыі на ўзроўні сям’і. Адзначалася, што пры пераходзе аднаго з дарослых членаў сям’і ў іншую канфесію – яго непаўнагадовыя дзеці мусяць застацца ў ранейшым веравызнанні. Калі абодва сужэнцы пераходзяць у іншае веравызнанне, то разам з імі гэты пераход ажыццяўляюць дзеці, узростам да 14-ці год. Старэйшыя дзеці прымаюць рашэнне самастойна.

Звесткі аб змешаных сем’ях сустракаюцца ў метрычных кнігах і шлюбных вобысках праваслаўных цэркваў. Справы аб міжканфесійных пераходах пасля 17 кастрычніка 1905 разглядаліся ў справаводстве праваслаўных кансісторый, губернскіх праўленняў і, адпаведна, захаваліся ў НГАБ у фондах згаданых дзяржаўных устаноў. З фондаў Расійскага дзяржаўнага гістарычнага архіва цікавасць уяўляюць: Дэпартамент духоўных спраў замежных веравызнанняў МУС (фонд 821), Канцылярыя Сінода (фонд 796).

У дадатку прадстаўлены метрычныя запісы аб шлюбе каталіка Антона Іосіфавіча Судніка з вёскі Гарбаты Ігуменскага пав. і праваслаўнай Стэфаніды Стэфанаўны Лукашэвіч з той жа вёскі 17 траўня 1892 (з пазначэннем узросту), аб хрышчэнні іх сына ў Целякоўскай праваслаўнай царкве 14.02.1894. Таксама змяшчаецца выява Маніфесту 17 красавіка 1905.17.05.1892 (канкр) 14.02.1894 (канкр) Манифест 17.10.1905



Рэкруцкая павіннасць

1705, 20 лютага – імператарскі ўказ аб увядзенні рэкруцкай павіннасці (далей – р.п.). Р.п. – усесаслоўны абавязак пажыццёвай службы ў войску, пазней скасаны для дваран (1762), купцоў, ганаровых грамадзян, каланістаў, інтэлігентаў, духавенства). Асноўнымі саслоўямі, якія пастаўлялі рэкрутаў, у канцы XVIII ст. былі сяляне і мяшчане. У Беларусі ўведзена з падзеламі Рэчы Паспалітай у 1772 і 1793 гг. Тэрмін службы ў 1793 зніжаны да 25 год. Фармальна прызыў ажыццяўляўся з улікам працоўнай сілы кожнай сям’і і закранаў 20-35 гадовых нежанатых мужчын, але ў адносінах да сялян часцей залежыў ад волі памешчыка і яго адміністрацыі (нярэдка ў рэкруты адбывалі жанатыя, або тыя, хто не падыходзіў па ўзросце). У 1766 – 1808 новапрыбылыя ў войска рэкруты навучаліся толькі страявой падрыхтоўцы. З 1808 пачалося навучанне рэкрутаў у рэкруцкіх дэпо на працягу 8-9 месяцаў ружэйным прыёмам, маршыраванню і стральбе па мішэнях. Рэкруты з беларускіх і літоўскіх губерняў накіроўваліся ў смаленскія рэкруцкія дэпо: з Віцебскай і Гродзенскай губ. у Ельнінскае; з Мінскай і Магілёўскай у Рослаўскае. У 1834 тэрмін службы ў войску скараціўся да 20 год, у 1856 – да  15 год, 1860-е гг. – 10 год. Адстаўныя жаўнеры стваралі асобную катэгорыю насельніцтва: мелі права валодаць зямлёй без абавязку выплаты падаткаў, у выпадку непрацаздольнасці атрымлівалі грашовую пенсію, статус падкрэслівалі форма адзення і адсутнасць барады. Пасля адмены прыгоннага права пачаліся працэсы масавай прыпіскі адстаўнікоў да мяшчанскіх упраў у гарадах і сельскіх таварыстваў у сельскай мясцовасці. У 1874 р.п. заменена вайсковай, а тэрмін “рэкрут” словам навабранец. Матэрыялы рэкруцкіх набораў у форме рэкруцкіх спісаў захоўваюцца ў архіўных фондах губернскіх і павятовых рэкруцкіх прысутнасцяў. Пазнакі аб адбыцці ў рэкруты фіксуюцца ў рэвізскіх сказках падатковых станаў. Многія рэвізскія сказкі 1860-1870-я гг. цалкам складаюцца з перапісных лістоў, прысвечаных адстаўным вайскоўцам.Рэкруцкі наборРэкруцкі набор-2



Уніяцкія метрычныя кнігі

1667 – прыняццё на 17-й кангрэгацыі базыльянскага ордэна ў Вільні заканадаўчага акта аб абавязковым вядзенні метрычных кніг пры кожным уніяцкім кляштары. Для ўніяцкіх парафіяльных цэркваў пастанова (аб абавязковым вядзенні метрычных кніг) пачала дзейнічаць з 1674 (год прызначэння на пасаду мітрапаліта Цыпрыяна Жахоўскага). Пры асобных парафіях метрыкі складаліся і раней (захаваліся асобныя копіі за 1660-я гг.). Самая ранняя арыгінальная ўніяцкая метрыка, адшуканая ў НГАБ (Мінск), датуецца 1716 г. (царква ў в. Лысіца Наваградскага пав., Ф. 136. Воп. 13. Спр. 1425). Метрычныя кнігі ўніяцкіх цэркваў ў часы Рэчы Паспалітай вяліся паводле юліянскага календара. Арыгінальныя метрыкі складаліся на умоўна-царкоўнаславянскай мове (да 1740-х гг.), затым па-польску (пасля 1740-х гг.). Да скасавання ўніяцтва ў 1839 г. копіі вяліся выключна па-польску, а па-расійску толькі ў 1798-1799 гг. У НГАБ захоўваюцца ў фондзе Мінскай духоўнай кансісторыі (ф. 136, воп. 13).

Друкуецца паводле:

Лісейчыкаў, Д.В. Метрычныя кнігі уніяцкіх цэркваў Беларусі XVIII ст.: асаблівасці складання і захавання / Д.В. Лісейчыкаў // Матэрыялы канферэнцыі “Нацыянальны гістарычны архіў Беларусі: гісторыя і сучаснасць”, прысвечанай 70-годдзю Нацыянальнага гістарычнага архіва Беларусі (Мінск, 8 ліпеня 2008 г.). – Мінск : НАРБ, 2008. – С. 94–101.

Ілюстрацыі В. Урублеўскага:

Малюнак на вокладцы уніяцкай метрыкі Загаловак шлюбнай метрыкі Уздзенскай царквы (пач. 18 ст.)



Крыніцы па генеалогіі XVI — пачатку XX ст.

Аўтар: Рыбчонак Сяргей Аляксандравіч — кандыдат гістарычных навук, супрацоўнік Інстытута гісторыі НАН Беларусі, выкладчык кафедры крыніцазнаўства гістарычнага факультэта БДУ.

Метадычныя рэкамендацыі пад назвай “Крыніцы па генеалогіі Беларусі XVI — пачатку XX ст.” (Мінск, 2003 г.) па-сутнасці з’яўляюцца першай працай, якая агульна але комплексна асвятляе багаты інфармацыйны патэнцыял Нацыянальнага гістарычнага архіва Беларусі (г. Мінск, вул. Крапоткіна, 55) у вобласці правядзення генеалагічных даследаванняў часу знаходжання Беларусі ў складзе Рэчы Паспалітай і Расійскай імперыі.

Чытаць далей