Рэкруцкая павіннасць

1705, 20 лютага – імператарскі ўказ аб увядзенні рэкруцкай павіннасці (далей – р.п.). Р.п. – усесаслоўны абавязак пажыццёвай службы ў войску, пазней скасаны для дваран (1762), купцоў, ганаровых грамадзян, каланістаў, інтэлігентаў, духавенства). Асноўнымі саслоўямі, якія пастаўлялі рэкрутаў, у канцы XVIII ст. былі сяляне і мяшчане. У Беларусі ўведзена з падзеламі Рэчы Паспалітай у 1772 і 1793 гг. Тэрмін службы ў 1793 зніжаны да 25 год. Фармальна прызыў ажыццяўляўся з улікам працоўнай сілы кожнай сям’і і закранаў 20-35 гадовых нежанатых мужчын, але ў адносінах да сялян часцей залежыў ад волі памешчыка і яго адміністрацыі (нярэдка ў рэкруты адбывалі жанатыя, або тыя, хто не падыходзіў па ўзросце). У 1766 – 1808 новапрыбылыя ў войска рэкруты навучаліся толькі страявой падрыхтоўцы. З 1808 пачалося навучанне рэкрутаў у рэкруцкіх дэпо на працягу 8-9 месяцаў ружэйным прыёмам, маршыраванню і стральбе па мішэнях. Рэкруты з беларускіх і літоўскіх губерняў накіроўваліся ў смаленскія рэкруцкія дэпо: з Віцебскай і Гродзенскай губ. у Ельнінскае; з Мінскай і Магілёўскай у Рослаўскае. У 1834 тэрмін службы ў войску скараціўся да 20 год, у 1856 – да  15 год, 1860-е гг. – 10 год. Адстаўныя жаўнеры стваралі асобную катэгорыю насельніцтва: мелі права валодаць зямлёй без абавязку выплаты падаткаў, у выпадку непрацаздольнасці атрымлівалі грашовую пенсію, статус падкрэслівалі форма адзення і адсутнасць барады. Пасля адмены прыгоннага права пачаліся працэсы масавай прыпіскі адстаўнікоў да мяшчанскіх упраў у гарадах і сельскіх таварыстваў у сельскай мясцовасці. У 1874 р.п. заменена вайсковай, а тэрмін “рэкрут” словам навабранец. Матэрыялы рэкруцкіх набораў у форме рэкруцкіх спісаў захоўваюцца ў архіўных фондах губернскіх і павятовых рэкруцкіх прысутнасцяў. Пазнакі аб адбыцці ў рэкруты фіксуюцца ў рэвізскіх сказках падатковых станаў. Многія рэвізскія сказкі 1860-1870-я гг. цалкам складаюцца з перапісных лістоў, прысвечаных адстаўным вайскоўцам.Рэкруцкі наборРэкруцкі набор-2

Дадаць каментар

Ваш e-mail не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *


5 − 3 =

Можна выкарыстоўваць наступныя HTML-тэгі і атрыбуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <strike> <strong>