Category Archives: У родавы куфар

Называюцца заканадаўчыя і нарматыўныя акты, якія паўплывалі на гістарычныя працэсы на беларускіх землях і адпаведна на фарміраванне комплексаў генеалагічных крыніц. Раскрываецца сутнасць гістарычных змен і асвятляюцца дакументы, што ўзніклі ў выніку іх.



Дакументы аб выкупе зямлі арандатарамі як малавядомая крыніца па гісторыі сям’і

Ва ўмовах незахаванасці метрычных кніг, як крыніц прамой генеалагічнай інфармацыі, за канец ХІХ – пачатак ХХ стагоддзяў, асаблівую каштоўнасць набываюць іншыя гістарычныя дакументы, якія могуць змяшчаць звесткі з гісторыі сям’і і генеалагічную інфармацыю.

04

Чытаць далей



Хрышчэнне ў сем’ях з рознай канфесійнай прыналежнасцю ў святле заканадаўства Расійскай імперыі

1768, 24 лютага – прыняццё на Варшаўскім сейме Рэчы Паспалітай “Трактату вечнага”, паводле якога ў ліку іншага скасоўваліся дыскрымінацыйныя законы супраць праваслаўных і пратэстантаў і негатыўная тэрміналогія ў дачыненні да іх. У другім артыкуле дзесятага параграфа “Трактат” сцвярджаў аб неабходнасці выхавання ў змешаных сем’ях сыноў у веравызнанні бацькі, а дачок – у веравызнанні маці. Зацверджаны ўказамі Сената Расійскай імперыі 1776 і 1780 гг.

1832, 12 кастрычніка – выданне ўказа Сінода аб абавязковым выхаванні дзяцей са змешаных шлюбаў у пануючым веравызнанні. Дзеці каталікоў і праваслаўных, уніятаў і праваслаўных маглі быць ахрышчаны толькі ў праваслаўі.

1905, 17 красавіка – Маніфест аб умацаванні пачаткаў верацярпімасці. У другім параграфе тычыўся канфесійнай сітуацыі на ўзроўні сям’і. Адзначалася, што пры пераходзе аднаго з дарослых членаў сям’і ў іншую канфесію – яго непаўнагадовыя дзеці мусяць застацца ў ранейшым веравызнанні. Калі абодва сужэнцы пераходзяць у іншае веравызнанне, то разам з імі гэты пераход ажыццяўляюць дзеці, узростам да 14-ці год. Старэйшыя дзеці прымаюць рашэнне самастойна.

Звесткі аб змешаных сем’ях сустракаюцца ў метрычных кнігах і шлюбных вобысках праваслаўных цэркваў. Справы аб міжканфесійных пераходах пасля 17 кастрычніка 1905 разглядаліся ў справаводстве праваслаўных кансісторый, губернскіх праўленняў і, адпаведна, захаваліся ў НГАБ у фондах згаданых дзяржаўных устаноў. З фондаў Расійскага дзяржаўнага гістарычнага архіва цікавасць уяўляюць: Дэпартамент духоўных спраў замежных веравызнанняў МУС (фонд 821), Канцылярыя Сінода (фонд 796).

У дадатку прадстаўлены метрычныя запісы аб шлюбе каталіка Антона Іосіфавіча Судніка з вёскі Гарбаты Ігуменскага пав. і праваслаўнай Стэфаніды Стэфанаўны Лукашэвіч з той жа вёскі 17 траўня 1892 (з пазначэннем узросту), аб хрышчэнні іх сына ў Целякоўскай праваслаўнай царкве 14.02.1894. Таксама змяшчаецца выява Маніфесту 17 красавіка 1905.17.05.1892 (канкр) 14.02.1894 (канкр) Манифест 17.10.1905



Рэкруцкая павіннасць

1705, 20 лютага – імператарскі ўказ аб увядзенні рэкруцкай павіннасці (далей – р.п.). Р.п. – усесаслоўны абавязак пажыццёвай службы ў войску, пазней скасаны для дваран (1762), купцоў, ганаровых грамадзян, каланістаў, інтэлігентаў, духавенства). Асноўнымі саслоўямі, якія пастаўлялі рэкрутаў, у канцы XVIII ст. былі сяляне і мяшчане. У Беларусі ўведзена з падзеламі Рэчы Паспалітай у 1772 і 1793 гг. Тэрмін службы ў 1793 зніжаны да 25 год. Фармальна прызыў ажыццяўляўся з улікам працоўнай сілы кожнай сям’і і закранаў 20-35 гадовых нежанатых мужчын, але ў адносінах да сялян часцей залежыў ад волі памешчыка і яго адміністрацыі (нярэдка ў рэкруты адбывалі жанатыя, або тыя, хто не падыходзіў па ўзросце). У 1766 – 1808 новапрыбылыя ў войска рэкруты навучаліся толькі страявой падрыхтоўцы. З 1808 пачалося навучанне рэкрутаў у рэкруцкіх дэпо на працягу 8-9 месяцаў ружэйным прыёмам, маршыраванню і стральбе па мішэнях. Рэкруты з беларускіх і літоўскіх губерняў накіроўваліся ў смаленскія рэкруцкія дэпо: з Віцебскай і Гродзенскай губ. у Ельнінскае; з Мінскай і Магілёўскай у Рослаўскае. У 1834 тэрмін службы ў войску скараціўся да 20 год, у 1856 – да  15 год, 1860-е гг. – 10 год. Адстаўныя жаўнеры стваралі асобную катэгорыю насельніцтва: мелі права валодаць зямлёй без абавязку выплаты падаткаў, у выпадку непрацаздольнасці атрымлівалі грашовую пенсію, статус падкрэслівалі форма адзення і адсутнасць барады. Пасля адмены прыгоннага права пачаліся працэсы масавай прыпіскі адстаўнікоў да мяшчанскіх упраў у гарадах і сельскіх таварыстваў у сельскай мясцовасці. У 1874 р.п. заменена вайсковай, а тэрмін “рэкрут” словам навабранец. Матэрыялы рэкруцкіх набораў у форме рэкруцкіх спісаў захоўваюцца ў архіўных фондах губернскіх і павятовых рэкруцкіх прысутнасцяў. Пазнакі аб адбыцці ў рэкруты фіксуюцца ў рэвізскіх сказках падатковых станаў. Многія рэвізскія сказкі 1860-1870-я гг. цалкам складаюцца з перапісных лістоў, прысвечаных адстаўным вайскоўцам.Рэкруцкі наборРэкруцкі набор-2



Уніяцкія метрычныя кнігі

1667 – прыняццё на 17-й кангрэгацыі базыльянскага ордэна ў Вільні заканадаўчага акта аб абавязковым вядзенні метрычных кніг пры кожным уніяцкім кляштары. Для ўніяцкіх парафіяльных цэркваў пастанова (аб абавязковым вядзенні метрычных кніг) пачала дзейнічаць з 1674 (год прызначэння на пасаду мітрапаліта Цыпрыяна Жахоўскага). Пры асобных парафіях метрыкі складаліся і раней (захаваліся асобныя копіі за 1660-я гг.). Самая ранняя арыгінальная ўніяцкая метрыка, адшуканая ў НГАБ (Мінск), датуецца 1716 г. (царква ў в. Лысіца Наваградскага пав., Ф. 136. Воп. 13. Спр. 1425). Метрычныя кнігі ўніяцкіх цэркваў ў часы Рэчы Паспалітай вяліся паводле юліянскага календара. Арыгінальныя метрыкі складаліся на умоўна-царкоўнаславянскай мове (да 1740-х гг.), затым па-польску (пасля 1740-х гг.). Да скасавання ўніяцтва ў 1839 г. копіі вяліся выключна па-польску, а па-расійску толькі ў 1798-1799 гг. У НГАБ захоўваюцца ў фондзе Мінскай духоўнай кансісторыі (ф. 136, воп. 13).

Друкуецца паводле:

Лісейчыкаў, Д.В. Метрычныя кнігі уніяцкіх цэркваў Беларусі XVIII ст.: асаблівасці складання і захавання / Д.В. Лісейчыкаў // Матэрыялы канферэнцыі “Нацыянальны гістарычны архіў Беларусі: гісторыя і сучаснасць”, прысвечанай 70-годдзю Нацыянальнага гістарычнага архіва Беларусі (Мінск, 8 ліпеня 2008 г.). – Мінск : НАРБ, 2008. – С. 94–101.

Ілюстрацыі В. Урублеўскага:

Малюнак на вокладцы уніяцкай метрыкі Загаловак шлюбнай метрыкі Уздзенскай царквы (пач. 18 ст.)