Вайсковыя могілкі Менска: позірк на праблему праз сябе

Так выйшла, што гісторыю пражывання ў Менску свайго роду Урублеўскіх я ведаю вельмі фрагментарна. Снежань 2003 года паклаў пачатак майму старту ў навуку гісторыю, бо акурат у тым годзе я здолеў стаць прызёрам адпаведнай раённай алімпіяды сярод навучэнцаў сярэдніх школ. Аднак у тым жа годзе перарвалася сямейная памяць Урублеўскіх – памёр родны брат дзеда, які апошні мог распавесці грунтоўныя рэчы з гісторыі нашага роду. Такім чынам, я толькі пачаўшы цікавіцца сямейнай гісторыі вельмі хутка зразумеў, што непапраўна згубіў вельмі многае з яе. Цэласнай карціны жыцця Урублеўскіх у Менску, якое пачалося ў 1926 годзе, мне было не відаць. Пазней, фрагментарна мне ўдалося ўзнавіць інфармацыю аб пэўных выпадках з жыцця родных, але многае засталося беззваротна страчана, бо самае каштоўнае ў сямейнай Памяці – тое, аб чым маўчаць афіцыйныя дзяржаўныя паперы.

Разам з персаналізаванымі фотаздымкамі і дакументамі, могілкі – гэта той падмурак культуры, які найлепш злучае з былымі пакаленнямі. Ён дазваляе мець карані і праз іх – сакральную лучнасць з усім мінулым і будучым чалавецтвам.

Сам феномен могілак мае сваю старажытную адсылку. Так званыя “неалітычныя венеры” з цяжарным улоннем – старажытны сімвал нараджаючай зямлі. Зямля ў пірамідах, курганах і насыпах нібы выношвае для Ўваскрасення і ўз’яднання з душой целы памерлых.

Жывучы ў Менску ўжо больш за 90 год мае Урублеўскія пакінулі свой след на трох буйных гарадскіх некропалях – Кальварыйскім, Козыраўскім, Чыжоўскім.

У 1926 годзе кравец з 15-га чыгуначнага раз’езда, што ў Калядзічах, Францішак Валянцінавіч Урублеўскі разам з жонкай Тэафіліяй Вікенцьеўнай набывае дом у Менску па вуліцы Надзеждзінская. Большасць іх дзяцей, колькасць якіх была не меншай за сем чалавек, ужо даўно выраслі і на ўтрыманні бацькоў заставаўся толькі малодшы сын Адольф. Аднак пазней у бацькоўскім доме знайшлі прытулак сем’і сыноў Альбіна і Пятра. Страціўшы ў час рэпрэсій сыноў Альбіна і Івана, у час вайны ўнука Уладзіслава, а яшчэ некалькі дзяцей, згубіўшы за савецкай мяжой, муж і жонка дажылі да пачатку 1950-х гадоў. Іх пабітыя часам крыжы на Кальварыйскіх могілак – наш самы ранні менскі мемарыял. Побач з імі пахаваны бацькі іх нявесткі Казімір і Марыя Анцілеўскія з Цівалёў і супольныя ўнукі Іван і Аляксандр.

Франц і Тэафілія

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

Адзін з малодшых дзяцей, Пётр Францавіч Урублеўскі, быў задзейнічаны ў спажыўкааперацыі. Да вайны прыцягваўся да палітычных працэсаў, але цудам пазбег рэпрэсій. На пачатку 1930-х гадоў падчас партыйнай часткі адмовіўся адцурацца ад абылганага і звольненага з працы брата Івана, які пазней будзе растраляны ў Віцебску. Кажуць, што ў час вайны ў сваёй лаўцы на вуліцы Аранжарэйная Пётр працаваў на падполле, падслухоўваючы размовы сваіх наведнікаў-немцаў. Пасля вайны яго арыштавалі з-за фінансавай недастачы. У турме абвастрылася хвароба і ён памёр ад раку стрававода ўжо па вызваленні, у 1959 годзе. Праз шэсць гадоў ня стала і вернай сяброўкі яго жыцця – прабабулі Таццяны Палікарпаўны. Яны пахаваны ў розных частках Козыраўскіх могілак – Пётр з сынам Яўгенам (у маўленні Генам), Таццяна з сынам Раманам (па ранніх запісах Рамуальдам). Раман Пятровіч Урублеўскі – шматгадовы намеснік дырэктара завода шампанскіх і ігрыстых він – мой дзед.

Пётр і Яўген

 

 

 

 

 

 

 

 

 

Раман

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

Таццяна

 

 

Незадоўга да публікацыі гэтай нататкі адшукаў на Чыжоўскіх могілках пахаванне бухгалтара Адольфа Францавіча Урублеўскага. Ён памёр у 1972 годзе, не пакінуўшы пасля сябе сям’і. Надмагіллем пэўны час апекаваліся пляменнікі, а цяпер яно відавочна запусцела і патрабуе маёй увагі – яго праўнучатага пляменніка.

Альбін

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

За рамкамі пераліку пакіну толькі Курапаты. Пакуль толькі інтуітыўна адчуваю, што там, у адной з растрэльных ямін, ляжаць парэшткі чыгуначніка Альбіна Францавіча Урублеўскага.

Курапаты

 

 

 

 

 

 

 

 

 

Разам з агароджамі і без іх, пад старадаўнімі таполямі і клёнамі, пліты і крыжы пахаванняў дзядоў узвышаюцца як мемарыял майго сумлення. Бадай нішто так непарушна не захоўваецца яшчэ насуперак ліхалеццям як могілкі. І вось ужо і на іх прасціраецца драпежная рука цемры невідушчасці. У мінулыя часы знішчаліся фотаздымкі і дзённікі, крыжы ж і пліты заставаліся непарушнымі. Але так было ў мінулыя часы. Цяпер і гэтая частка Памяці пад жудасным і няўмольным знакам пытання.

Зусім нечыноўніцкая актыўнасць Спецкамбіната на менскіх могілках (Крупцы, Кальварыя, Вайсковыя) у апошнія гады ацэньваецца з розных пазіцый. Адны бачаць у гэтым зацятае жаданне палегчыць справу па доглядзе за могілкамі, а таксама банальную неразвітасць эстэтычнага густу. Другія лічаць, што захады кіраўніцтва Спецкамбіната, як асноўных рухавікоў “добраўпарадкавання” на Вайсковых могілках, маюць дакладна ўсвядомленую мэту – вольна распараджацца дарагой зямлёй на элітным цвінтары.

Як не сумна гэта гучыць, але імпульсіўна народжаная грамадзянская ініцыятыва па ўпарадкаванні могілак, яе журналістская і юрыдычная падтрымка, зусім малыя сілы, каб прымусіць Спецкамбінат адмовіцца ад сваіх планаў пераўтварыць менскія некропалі ва ўсходняе падабенства Арлінгтонскіх могілак. Шкада, але на гэтым фронце сёлетняй Менскай могілкавай вайны ў нас, культуролагаў і эстэтаў, гісторыкаў і рамантыкаў мала шанцаў. Матэрыяльная зацыкленасць і прагматычнасць большасці сучаснікаў, пераўтварэнне гуманітарнай нацыянальнай эліты ў маргіналаў, адукацыйнае атупенне, могілкавыя фобіі не спрыяюць далучэнню да справы шырокай грамадскасці.

Так, паколькі нават асобныя шаноўныя дзеячы культуры, як Адам Глобус і Ала Сакалоўская, выказваюцца за прыўнясенне “добрапарадкавання” на Кальварыю, даводзіцца сур’ёзна не пакоіцца за далейшы лёс гэтага некропалю (http://www.radyjo.net/4/91/Artykul/374969). Ды і не толькі яго аднаго.

Не хочацца працягу гэтай вайны купкі чалавек з сістэмай, але, відаць, яна яшчэ будзе доўжыцца.  Рызыкну зрабіць выснову, што Вайсковыя могілкі – асабліва прыкметны пункт пачатку вайны за мемарыяльную памяць Менска і так ужо парадкам абкрадзенага ў апошнія дзесяцігоддзі.

Адзіная надзея, што вайна гэта будзе ўцягваць усіх неабыякавых, каму важна захаваць за гаёвымі могілкамі і прыкметнымі надмагіллямі свайго гораду іх каларыт.

Было б някепска заклікаць усіх неабыякавых даглядаць свае пахаванні ў Менску і за яго межамі, дапамагаць валанцёрам на Вайсковых могілках, прымаць удзел у зборы сродкаў на аднаўленчыя працы, урэшце заняць цвёрдую грамадзянскую пазіцыю, але рабіць гэта мне падаецца задужа пафасным. Публіцыстычных нататак для такой актыўнасці неабыякавага чалавека ў апошні час у інтэрнэце было надрукавана процьма. Усё проста – адгукнуцца на дапамогу Памяці тыя, каму гэта патрэбна для захавання ўнутранай раўнавагі і сумлення.

А ў мяне ў вушах гучаць словы Францішка і Тэафіліі да іх сына Івана ў далёкім 1920 годзе: “Навошта табе адрывацца ад сям’і?…”. Цяпер гэтыя словы разумеюцца мной у іншым сучасным кантэксце. Частка сям’і – гэта таксама магілы, як месцы будучага Уваскрасення і ўз’яднання з пакаленнямі памерлых.

P.S. Пяць першых фотаздымкаў — аўтара, самы апошні з сайта 4esnok.by.

 

Вадзім Урублеўскі

Дадаць каментар

Ваш e-mail не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *


9 − = 0

Можна выкарыстоўваць наступныя HTML-тэгі і атрыбуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <strike> <strong>