“Спадчына шляхецкага роду Свяцкіх: прэзентацыя сямейнага фотаархіва (канец XIX – пачатак XX ст.)”

Swiacki_KarlПаслярэвалюцыйны лёс асобаў, якія валодалі ў Беларусі буйнымі маёнткамі, – тэма надзвычай цікавая і актуальная. Шмат хто з памешчыкаў пасля 1917 г. з’ехаў за мяжу, іншыя згінулі ў агні «чырвонага тэрору» і палітычных рэпрэсій, а іншыя як «былыя людзі» вымушаны былі ўсяляк прыстасоўвацца да ўмоў савецкага рэжыму.

Беларускім гісторыкам і краязнаўцам пашчасціла натрапіць на след аднаго з такіх вымушаных выгнаннікаў – Карла Свяцкага, уладальніка маёнткаў Крупка і Старая Беліца. У свой час некалькі сямейных фотаальбомаў Свяцкіх былі перададзены адным з іх сваякоў на захоўванне ў Нацыянальную бібліятэку Польшчы, і цяпер гэтыя фотаздымкі ў адлічбаваным выглядзе знаходзяцца ў Інтэрнэце ў вольным доступе. Большая частка фотаздымкаў прысвечана маёнтку Старая Беліца, які лічыўся адным з самых багатых і квітнеючых памешчыцкіх маёнткаў Беларусі. Маюцца таксама фотаздымкі маёнткаў Крупка і Гурэц. Асобны альбом утрымлівае фотаздымкі, зробленыя падчас паездкі Карла Свяцкага ў Данію і Швецыю ў 1908 г. Частка фотаздымкаў адлюстроўвае эміграцыйны перыяд жыцця Свяцкіх.

Свяцкі Карл Іосіфавіч (30.VI.1866, маёнтак Беліца Сенненскага павета Магілёўскай губерні – 06.V.1929, г. Хелмжа, Польшча) – прадстаўнік беларускага шляхецкага роду гербу “Слепаўрон” (унесены ў 6-ю частку радаводнай дваранскай кнігі Магілёўскай губерні), рыма-каталіцкага веравызнання, скончыў рэальнае вучылішча, у 1877 г. разам з сястрой Марыяй атрымаў у спадчыну маёнткі Шыйка, Крупка, Гара, Замошша, Гурэц, Старая Беліца і Бачарава Сенненскага павета (агульная колькасць зямлі на 1882 г. – 12212 дзес.), сябра Мінскага сельскагаспадарчага таварыства (з 1888 г.), старшыня Сенненскага сельскагаспадарчага таварыства, ганаровы сябра Крупскага дабраахвотнага пажарнага таварыства, карыстаўся павагай і аўтарытэтам сярод землеўладальнікаў беларускіх губерній, у канцы нямецкай акупацыі беларускіх зямель у 1918 г. ва ўмовах перадачы Сенненскага павета Савецкай Расіі эвакуіраваўся пад апекай немцаў у Польшчу, пахаваны ў в. Тжэбч (Trzebcz) Хелмненскага павета (Польшча). Вядомы грамадскі, гаспадарчы і культурны дзеяч. Аўтар працы «Поездка в Данию и Швецию, устроенная в июне 1908 года Центральным сельскохозяйственным обществом в Варшаве» (Минск: Типография И. Каплан, 1908. 27 с.).

Чытайце таксама:

Альбом фатаздымкаў роду Свяцкіх з Беліцы (1)
http://polona.pl/item/3280422/0/

Альбом фатаздымкаў роду Свяцкіх з Беліцы (2)
http://polona.pl/item/3312726/0/

Альбом фатаздымкаў роду Свяцкіх з Беліцы (3)
http://polona.pl/item/3301744/0/

Паездка ў Данію і Швецыю, арганізаваная Цэнтральным сельскагаспадарчым таварыствам у 1908 г.
http://polona.pl/item/3312593/0/

Дадаць каментар

Ваш e-mail не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *


− 3 = 4

Можна выкарыстоўваць наступныя HTML-тэгі і атрыбуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <strike> <strong>