Род і сям’я ў сімволіцы надмагільных помнікаў

Сяргей Грунтоў

Могілкі фарміраваліся, як адзін з найбольш істотных сегментаў беларускай народнай прасторы, які замыкае на сябе цэлы шэраг калектыўных рытуальных практык. У сялянскіх уяўленнях нябожчык разумеўся ў двух сэнсах: як цела і як душа. Падчас пахавальнага абраду пасля развітання з памерлым цела змяшчаюць у магілу і засыпаюць. Той насып, які атрымліваецца над магілай, у значнай ступені атаясамляецца ў сялянскай культуры з самім целам. Адпаведна, тое што мы называем камунікатыўным фокусам, тое на што чалавек звяртае ўвагу, тое з кім гаворыць чалавек, куды накіраваны яго зрок і плач, гэта сам надмагільны насып. На другім этапе абраду, які звычайна праходзіў праз год, над гэтым насыпам ставіўся помнік. Звычай восеньскага памінання памерлага на могілках на другі год пасля смерці і ўзвядзення пры гэтым помніка атрымаў у народзе найменне “прыкладзінаў”. Часцей помнік будаваўся з дрэва ў форме крыжа, радзей узводзіўся ў выглядзе каменнага надмагілля. Пры гэтым чалавек, звяртаючыся да свайго памерлага, звяртаецца ужо не столькі да насыпа, колькі да помніка. У нейкім сэнсе гэты помнік сам па сабе адпавядае нябожчыку.

Для сялянскіх пахаванняў уласцівы сямейны прынцып арганізацыі пахаванняў. Гэта значыць, што сяляне хавалі сваіх памерлых звычайна, грунтуючыся на сямейна-роднасных дачыненнях паміж імі. Пры гэтым надмагіллі не былі разлічаны на доўгі час. Драўляныя збудаванні хутка псаваліся і нярэдка замяняліся новымі. Такім чынам, пласты пахаванняў мяняліся, а таму адзін участак зямлі маглі займаць парэшткі прадстаўнікоў двух-трох пакаленняў. Адпаведна можна сведчыць пра дамінаванне катэгорыі сям’і, але не роду ў сялянскай супольнасці. Пасля таго, як адзначаліся гадавіны па памерламу індывідуальныя памінкі ў традыцыйнай культуры па ім больш не спраўляліся. Адзначаліся толькі Дзяды, Радаўніца і іншыя святы традыцыйнага памінавення ўсіх спачылых сваякоў у тым ліку тых, аб кім не захавалася ніякай памяці. Варта адзначыць, што ў сярэднім родавая памяць селяніна змяшчала ў сабе тры-чатыры пакаленні, а менавіта тых асоб каго ён асабіста ведаў і пра каго нешта чуў з аповядаў старэйшых.

Калі мы закранем культуру эліт перыяду Рэчы Паспалітай XVI – пачатку ХХ ст., то адзначым, што ў асяродку прывілеяваных саслоўяў назіралася зусім іншая сітуацыя. Калі мы пачнем параўноўваць з сялянскай культурай, то заўважым адрозненні ў прасторавых суадносінах цела і помніка.

У XVI – XVIII ст. вельмі часта помнік па шляхцічу знаходзіўся ў касцёле або царкве на сцяне ў якасці шыльды. Фактар аддаленасці цела ад яе быў не прынцыповым. Сама шыльда з’яўлялася ўвасабленнем чалавека, а труна звычайна ставілася ў крыпту. Пры гэтым вызначыць з часам прыналежнасць канкрэтнай шыльды да канкрэтнай труны рабілася ўсё складаней. Для сялянскай культуры такі падыход не ўласцівы – нельга, каб помнік стаяў у адным баку могілак, а магіла месцілася ў іншым.

Па-другое, сярод прадстаўнікоў заможных слаёў былі найбольш пашыраны так званыя калектыўныя крыптавыя пахаванні, што таксама не ўласціва традыцыйнай сялянскай культуры. Адна магіла тут сімвалізуе сабой аднаго чалавека, у той час, як у святле шляхецкага ўспрымання яна ўяўляе сабой цэлы род у некалькі пакаленняў. Шляхецкае пахаванне канца XVIII – пачатку ХХ ст. прадстаўляла сабой розных памераў цагляную камеру пад звычайным помнікам на могілках. Найбольш пашыраны варыянт – капліцы-пахавальні з крыптамі.

Такім чынам, мы бачым, што адпаведнасць паміж помнікам і памерлым, якая прысутнічае ў сялянскіх пахаваннях, не знаходзіць свайго адасаблення ў пахаваннях эліт. Калі селянін звяртаецца да свайго памерлага сваяка перад помнікам, то ён звяртаецца да канкрэтнага чалавека. У выпадку шляхецкага пахавання гэта правіла не дзейнічае, паколькі на помніку могуць быць пералічаны тры-чатыры і больш спачылых пад ім асобаў. Адным словам, помнік як аб’ект у шляхецкім пахаванні не адпавядае толькі аднаму чалавеку.

З уласных назіранняў можам адзначыць наступнае: у большай ступені згаданае характэрна для каталікоў. Для праваслаўных пераважнае значэнне мела захаванне магілы перад помнікам. У каталікоў помнік можа стаяць, а магіла адсутнічаць. Магіла для прэзентацыі цела робіцца не патрэбнай і ўвесь камунікатыўны фокус пераходзіць на сам помнік. Акрамя гэтага, можна сцвярджаць, што для пахавальнай культуры эліт характэрна як катэгорыя сям’і, так і катэгорыя роду, але катэгорыя роду дамінуе, паколькі элітарная родавая памяць ахоплівае большую колькасць пакаленняў, чым сялянская.

Прасторавая прэзентацыя помніка ў шляхты праяўляецца ў наяўнасці сваёй капліцы пахавальні, якую мае асобны род. Пасля рэформ па добраўпарадкаванні манастырскіх і царкоўных гаспадаранняў, якія ў канцы XVIII ст. былі праведзены ў Еўропе, было забаронена ажыццяўляць пахаванні ў пераважнай большасці касцёлаў. Па-за горадам, касцёлам і кляштарам узводзіўся новы комплекс могілак. Цяпер кожны, хто меў свой маёнтак, мог пабудаваць уласную капліцу-пахавальню на сваёй тэрыторыі, зладзіць там крыпту і ажыццяўляць пахаванні родзічаў. Для XVI – XVIII стст. такое было характэрна для больш заможных арыстакратычных родаў, якія маглі дазволіць сабе не толькі пабудову капліцы, але і ўзвядзенне касцёла або кляштара.

Капліца-пахавальня з’яўлялася аб’яднаннем роду, яго фізічным рэпрэзентантам у прасторы. Іншая форма пахаванняў – звычайныя пахаванні на адной плошчы, багата аздобленыя трывалым матэрыялам. Пры гэтым яны маглі змяшчаць як адну крыпту, так і іх сістэму. У мястэчках Індура Гродзенскага р-на Гродзенскай вобласці і Канстанцінава Мядзельскага р-на Мінскай вобласці пахаванні, акрамя адной вонкавай літой агароджы, атачаліся яшчэ другой – мураванай. Сям’я адмяжоўвалася ад астатніх пахаваных на могілках. Яшчэ адзін варыянт шляхецкага сямейнага пахавання – размяшчэнне надмагілляў асобна ад могілак, так званы сярэдні варыянт паміж каплічнымі і звычайнымі пахаваннямі. Часам у межах шляхецкага ўладання ставілася капліца ў выглядзе слупа, што ўяўляў сабой асобнае пахаванне. Фамільныя пахаванні сімвалічна прэзентавалі род, узмацнялі правы і статус сям’і ў грамадстве. Шмат у чым менавіта таму вельмі хваравіта адбываўся працэс продажы родавых маёнткаў, што выракала родавы некропаль на заняпад. У якасці прыкладу магчыма прывесці маёнтак Куль у цяперашнім Стаўбцоўскім р-не Мінскай вобласці, які пры змене гаспадароў зведаў разрабаванне крыптаў і выбіццё шыбаў.

Сімвалам прыналежнасці капліцы да пэўнага роду быў герб, які ўвасабляў сабой вобраз роду. Другая сімвалічная форма – надмагілле з пэўным дызайнам (у асноўным гэта датычылася пліт) трывала змацоўвала пахаваных пад ім прадстаўнікоў роду ў адну кроўную еднасць. Пры гэтым, варта адзначыць, што ў кожнай мясцовасці вылучаецца шэраг надмагілляў адной вызначанай формы і памеру. Гэта можа сведчыць пра дамінуючае замаўленне помнікаў у аднаго канкрэтнага мясцовага майстры ці некалькіх майстроў, асобна працуючых у адной традыцыі.

Частым сімвалам на каталіцкім надмагіллі з’яўляецца «D(eus).O(ptimus).M(aximus)» («Д.О.М.»). У звычайным разуменні «дом» асацыюецца з жытлом, месцам жыхарства. Па-сутнасці, гэта слова значыла адзінства прадстаўнікоў пэўнага роду або асобнага шляхецкага «дома». У сувязі з гэтым падабенствам аббрэвіятура «D.O.M.» нярэдка выкарыстоўваецца некарэктна. Так, у Жаўнеркавічах пад Стоўбцамі яна падаецца ў кірылічнай эпітафіі даволі спрошчана як «вечны дом Людвіка і Анэліі Жаўняркевічаў». У дадзеным выпадку значэнне «дому» набывае магіла.

Прозвішча ў шляхецкім пахаванні прэзентуе род і адпаведна выводзіцца вялікім літарамі ў параўнанні з імёнамі пералічаных родзічаў. Для шляхціча яно мае вялікае значэнне пры ідэнтыфікацыі яго як прадстаўніка канкрэтнага роду.

Аб сацыяльным стане і сямейна-роднасных дачыненнях у адносінах да нябожчыка тых асоб, якія фундавалі ўзвядзенне помніка, сведчаць надмагільныя эпітафіі. У Казіміраве Асіповіцкага р-на на пахаванні Шпілеўскай у эпітафіі занатаваны факт усталявання помніка сынамі. У Магілёве на праваслаўных могілках у капліцы змяшчаецца эпітафія: «Любимому Жоржику. Лёля, Коля и дети. Тифлис. 15 мая 1909 г.». Далей больш сур’ёзна занатавана, што нябожчык – Георгій Бернардавіч Кленцэ, студэнт Маскоўскага універсітэта, які памёр 16 студзеня 1909 г., ва ўзросце 23 год. У дадзеным выпадку, мы бачым прадстаўленасць імёнаў блізкіх сваякоў нябожчыка на першым месцы. Эпітафія з Ашмянаў «Баніфацый Балгароўскі, канюшы дэрпцкі, памёр 13 красавіка 1840 г., маючы веку 71 год, пахаваны з трыма ўнукамі Людвікам, Стэфцяй і Вікцяй, просіць анёльскага дабраславення. У жалобе сын Людвік, калежскі асэсар і жонка Віктарына, сястра яе Аўгуста гэты помнік паставілі». У згаданым прыкладзе пералічаны ўсе, хто даваў грошы на помнік, адзначаны службовы чын сына памерлага.

У канцы XIX – напачатку ХХ ст. былі асабліва распаўсюджаны своеасаблівыя «меморыі роду», а менавіта помнікі па ўсім членам роду з прыведзеным пералікам асобаў. Напрыклад, з Адэльска пад Гародняй нам вядома такая эпітафія: «магіла сям’і Нядубскіх Фелікса, Петранэлі, Юзафа, Вольгі, Юліана, Фелікса, Ганны, Марыі, Катарыны, а апошні член радзіны Юзаф памёр 17 мая 1897 г. ». Відавочна, што помнік усталяваны больш дальнімі сваякамі якраз па ім, але з пералікам усіх яго раней спачылых сваякоў. У Індуры змяшчаецца помнік з эпітафіяй: «за душы памерлых сваякоў Марціна, Хрысціны, сына Марціна, братоў, сясцёр і малых дзетак і цэлай сям’і Шолкаў…». Надпіс завяршаецца подпісам «Людвік Шолк». Тут акцэнт зроблены не столькі на імёнах, колькі на сваяцкіх сувязях паміж фундатарам помніка і нябожчыкамі.

Фінансавая здольнасць гаспадароў і розны ўзровень пісьменнай культуры ўплывалі на памеры, матэрыял і ўпрыгажэнне помнікаў. Так, сялянскія помнікі часцей не мелі эпітафій, таму што большасць прадстаўнікоў супольнасці па-просту не ўмела чытаць і не валодала элементарнай граматай. Многія помнікі па прычыне драўлянасці хутка парахнелі. Больш трывалымі лічацца каменныя надмагіллі, якія захаваліся пераважна ў Паўночнай Беларусі. На камяні надпіс звычайна выбіваўся і таму заставаўся на працяглы перыяд. Аднак, часцей у мэтах эканоміі месца надпіс быў вельмі сціслым. У вёсцы Амелькава пад Паставамі маюцца пахаванні: «Р.Б. Константин у[мер] 1910 г. 31 дик. АА», «Р.Б. Матей Багун[c]ки[й] ум[е]р 1907 г. окт[я]бр[я] 19».

У якасці падсумавання адзначым, што для сялянскай культуры больш характэрна дамінаванне катэгорыі сям’і, для элітарнай – роду. Катэгорыі роду і сям’і дамінуюць над іншымі катэгорыямі ідэнтычнасці. Інакш кажучы, людзі хаваліся выключна па сямейна-родавай прыкмеце, але не па якой іншай, напрыклад, канфесійнай (за выключэннем манаскіх пахаванняў). Саступае гэтаму прынцыпу і рэлігійны падыход – пры змене веравызнання на тых жа могілках хавалі прадстаўнікоў усё той жа сям’і.

У дачыненні да сучаснай сітуацыі можна сцвярджаць, што цяпер у пахаваннях дамінуе сялянская мадэль – сямейны, але не родавы, прынцып. Звязана гэта з вялікай колькасцю фактараў, а найперш абмежаванай колькасцю зямлі, якая не спрыяе вялікім пахаванням. У наш час прадстаўнікі адной сям’і пахаваны ў розных месцах. Форма пахавання ў якасці склепа не атрымала значнага пашырэння, пры параўнанні з Украінай. Працягласць родавай памяці з’яўляецца вельмі невысокай. У рэдкім выпадках яна не перавышае ўзровень сялянскай культуры – тры-чатыры пакаленні. Па аб’ектыўных прычыных са знікненнем шляхецкай культуры знікла і форма прэзентацыі роду ў сімволіцы надмагілляў.

14 лютага 2013, ГДГ “Радавод”.

Дадаць каментар

Ваш e-mail не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *


1 × 6 =

Можна выкарыстоўваць наступныя HTML-тэгі і атрыбуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <strike> <strong>