Прэзентацыя сайта “Радавод Беларусі” (www.radawod.by)

Стварэнне асобнай беларускай генеалагічнай інтэрнэт-пляцоўкі, забяспечанай неабходнымі метадычнымі і даведачнымі матэрыяламі, прадстаўляецца актуальнай задачай сённяшняга дня. Менавіта па гэтай прычыне асноўным накірункам дзейнасці ГДГ “Радавод” на сучасным этапе стала распрацоўка асобнага сайта.

26 сакавіка 2014 г. (серада) на гiстарычным факультэце БДУ адбылося XXVІІІ пасяджэнне ГДГ “РАДАВОД” (генеалагічныя даследаванні, гiсторыя сям’і, вывучэнне ўласнага радаводу).

IMG_0361

Пяцігоддзе ГДГ “Радавод” было адзначана прэзентацыяй уласнага сайта “Радавод Беларусі” (www.radawod.by). Тэхнічны бок распрацаваны Юрасём Адамовічам, інфармацыйны блок прадстаўлены Вадзімам Урублеўскім.

Асноўныя раздзелы партала прысвечаны такім дысцыплінам як генеалогія, некрапалістыка, геральдыка, антрапаніміка. Раздзелы складаюцца з падраздзелаў, да якіх прадугледжаны наступныя рубрыкі: 1) інфармацыя аб дысцыплінах; 2) публікацыі асобных артыкулаў; 3) спісы літаратуры; 4) спасылкі на іншыя вэб-рэсурсы і архіўныя справы. У адносінах да генеалогіі таксама запачаткаваны падраздзел пад назвай “Генеалагічны пошук”, які прысвечаны методыцы генеалагічнага пошуку.

На сённяшні дзень на сайце, акрамя інфармацыі аб прыведзеных дысцыплінах, змешчаны: 1) праграма дзейнасці гуртка “Радавод”; 2) спіс адрасоў і кантактаў архіваў Беларусі і замежжа; 3) навіны ў айчыннай генеалогіі за апошні месяц; 4) артыкул Сяргея Рыбчонка ў часопісе “Герольд Litherland” (№ 19, 2013), які прысвечаны дасягненням і перспектывам айчыннай генеалогіі; 5) сайты з асобнымі звесткамі па генеалогіі; 6) апытальнік для збору ўспамінаў, складзены Вадзімам Урублеўскім; 7) матэрыялы па некрапалістыцы, у т.л. асобныя апісанні могілак, і інш.

У будучым сайт будзе папаўняцца новай патрэбнай інфармацыяй, у т.л. спасылкамі, персаналіямі, артыкуламі па генеалогіі, геральдыцы, некрапалістыцы і антрапаніміцы Беларусі.

Сайт рэкамендуецца для прагляду кожнаму, хто цікавіцца мінулым Беларусі, праз чалавечае вымярэнне.

Напрыканцы пасяджэння намеснік старшыні ГДГ “Радавод” Вадзім Урублеўскі распавёў прысутным пра першыя крокі генеалагічнага пошуку, азнаёміў з копіямі асобных дакументаў (метрычных кніг) з Нацыянальнага гістарычнага архіва Беларусі ў Мінску і варыянтамі радаводных дрэў.

Удзельнікі юбілейнага пасяджэння былі пачаставаныя сокам і цукеркамі.

Да ўдзелу ў пасяджэннях гуртка запрашаюцца ўсе, хто цікавіцца каранямі свайго роду і кіруецца ўстойлівым жаданнем праз пазнанне жыццёвага шляху продкаў лепш спазнаць сябе і акрэсліць свой шлях да ісціны!

28.03.2014

Дадаць каментар

Ваш e-mail не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *


× 6 = 24

Можна выкарыстоўваць наступныя HTML-тэгі і атрыбуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <strike> <strong>