010

Лекцыя ў Нацыянальным гістарычным архіве Беларусі (23.01.2015)

23 студзеня 2015 (пятніца) у Нацыянальным гістарычным архіве Беларусі (НГАБ, г. Мінск, вул. Крапоткіна, 55) адбылося азнаямляльнае мерапрыемства, арганізаванае супрацоўнікам згаданай установы Вадзімам Урублеўскім для навучэнцаў Школы Практычнай генеалогіі, катэхізатарскіх курсаў пры Мінскім духоўным вучылішчы, прыхаджан храма Мікалая Японскага ў Мінску (усяго 21 слухач).

У першай частцы супрацоўнік аддзела публікацыі дакументаў НГАБ Вадзім Урублеўскі распавёў пра гісторыю архіўнай справы ў Беларусі, гісторыю НГАБ, характарызаваў асноўныя функцыі яго аддзелаў. Напрыканцы адбылася дэманстрацыя каштоўных гістарычных і генеалагічных крыніц – копій пергаментных прывілееў, арыгіналаў актавых кніг, метрычных кніг, рэвізскіх сказак, спавядальных і кліравых ведамасцей, радаслоўных кніг і спраў аб дваранскім паходжанні, матэрыялаў царкоўнага і судовага справаводства, сельскагаспадарчых перапісаў.

Вадзім Урублеўскі і слухачы

Вадзім Урублеўскі і слухачы

002

Слухачы (агульны фотаздымак)

003

Вадзім Урублеўскі і архіўныя справы

004

Копія пацвярджальнага прывілея князёў Фёдара і Канстанціна Карыятавічаў пану Грыньку на горад Сакалец за верную службу ад 20.06.1391

005

Вадзім Урублеўскі і даведнік па фондах Нацыянальнага гістарычнага архіва Беларусі (НГАБ)

006

Вадзім Урублеўскі і метрычная кніга Барысаўскага касцёла за першую трэць ХІХ ст.

007

Вадзім Урублеўскі і дваранская радаслоўная кніга Віцебскай губерні 1838

008

Юрый Снапкоўскі

009

Слухачы (на пярэднім плане – Г.С. Сямёнава, Т.К. Каранеўская, злева направа)

010

Актавыя кнігі НГАБ XVII – XVIII стст.

011

Кнігі, напісаныя на падставе матэрыялаў НГАБ

012

Слухачы за знаёмствам з кнігамі і дакументамі (А.М. Лапанік, Г.А. Хартман, Т.Д. Станкевіч, Ю.У. Шостак)

013

Юрый Снапкоўскі і Людміла Цэд

014

Юрый Снапкоўскі і Вадзім Урублеўскі

015

Супольны фотаздымак

 

Нацыянальны гістарычны архіў Беларусі – скарбонка нацыянальнай дакументальнай спадчыны. Шэраг яго матэрыялаў, напрыклад пергаментныя граматы і актавыя кнігі дзяржаўных устаноў ВКЛ, з’яўляюцца для нашай краіны унікальнымі. У адпаведнасці з Законам “Аб нацыянальным архіўным фондзе і архівах у РБ” НГАБ ажыццяўляе дзяржаўнае захаванне дакументаў агульнанацыянальнага значэння і адносіцца да навукова-даследчых устаноў.

Датай яго заснавання лічыцца 5 ліпеня 1938 – падзея рэарганізацыі Гістарычнага архіва ў Цэнтральны гістарычны архіў БССР. На гэты момант ён змяшчаўся ў Магілёве. У 1963 пераведзены ў Мінск, у будынак па вуліцы Казлова. У 1995 – фонды перамясціліся ў спецыяльна ўладкаваныя памяшканні новага збудавання па вуліцы Крапоткіна. Тады ж, 23 кастрычніка з’явілася яго новая назва – Нацыянальны гістарычны архіў Беларусі. Установа набыла статус дзяржаўнай 28 снежня 2000. Структурнымі часткамі архіва з’яўляюцца аддзелы: 1) забеспячэння і захаванасці дакументаў і фондаў; 2) аўтаматызаваных архіўных тэхналогій; 3) інфармацыйна-пошукавых сістэм; 4) публікацыі дакументаў; 5) старажытных актаў; 6) інфармацыі і навуковага выкарыстання дакументаў.

Комплекс дакументаў перыяда ВКЛ і РП прадстаўляюць пергаментныя граматы XIV–XVII ст., напісаныя на старабеларускай, старапольскай і лацінскай мовах. Граматы, якія захоўваюцца ў архіве, – дарчыя вялікіх князёў літоўскіх і каралёў польскіх, а таксама дакументы дыпламатычнага і ўнутрыдзяржаўнага значэння. Самы старэйшы з іх –пацвярджальны прывілей князёў Фёдара і Канстанціна Карыятавічаў пану Грыньку на горад Сакалец за верную службу ад 20 чэрвеня 1391.

Актавыя кнігі дзяржаўных устаноў ВКЛ XV–XVIII стст. (магістратаў, гродскіх, земскіх, каптуровых, падкаморскіх і г.д.) змяшчаюць: 1) прывілеі манархаў, выдадзеныя магнатам, шляхце, духоўным асобам, манастырам, цэрквам і касцёлам, на маёнткі, сёла, землі і сялян; 2) тастаменты (духоўныя завяшчанні) магнатаў, шляхты, мяшчан; 3) інвентарныя апісанні гарадоў, маёнткаў, сёл, фальваркаў з пералікам павіннасцей і падаткаў сялян; 4) акты аб уводзе (інтрамісіі) ва ўладанне маёнткамі, размежаванні і куплі-продажы земляў, перадачы ў арэнднае і застаўнае трыманне; 5) справы судовага кшталту: скаргі, позвы ў суд, данясенні возных, дэкрэты-пастановы і г.д.

Самая ранняя кніга – так званая “дудка” – у 1416 складзена на латыні і адносіцца да матэрыялаў справаводства Драгічынскага земскага суда (польскі горад Драгічын Сямятычынскага павета Падляшскага ваяводства).

Далей гаворка вялася пра матэрыялы царкоўнага (метрычныя кнігі, спавядальныя і кліравыя ведамасці), адміністрацыйна-паліцэйскага (рэвізскія сказкі), судова-справаводчага (дакументы свецкіх і царкоўных судовых устаноў), статыстычна-эканамічнага ўліку (перапісы), матэрыялы разбору шляхты (справы аб дваранскім паходжанні), а таксама кніжныя выданні, падрыхтаваныя на падставе дакументаў НГАБ.

У другой частцы супрацоўнік таго ж аддзела Юрый Снапкоўскі выразна распавёў пра дзівосны вопыт пошукаў сярод дакументаў беларускіх архіваў матэрыялаў да ўласнага сялянскага радаводу Снапкоўскіх з вёскі Скураты Круглянскага раёна Магілёўскай вобласці.

Генеалагічны пошук – адзін са шляхоў пазнання задумы Божай адносна кожнага з нас. Духоўнаправільнае асэнсаванне адкрытага нам засцерагае ад граху і спрыяе росту дабрачыннасці, прымушае да працы над сабой і адорвае прыгажосцю, робіць дарогу ў Вечнасць больш трывалай і напоўненай вышнім багаццем.

Фотаздымкі Аляксандра Сямянякі, Вадзіма Урублеўскага, Людмілы Цэд.

27.01.2015

Дадаць каментар

Ваш e-mail не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *


9 − = 6

Можна выкарыстоўваць наступныя HTML-тэгі і атрыбуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <strike> <strong>