Вокладка кн_г_ Друцк

14 красавіка 2016 г. адбылося чарговае пасяджэнне ГДГ “Радавод”

14 красавіка 2016 г. адбылося чарговае пасяджэнне ГДГ “Радавод”. На сустрэчах у рамках працы аб’яднання традыцыйна збіраюцца даследчыкі беларускай гісторыі і генеалогіі, навукоўцы і аматары, небезуважныя да тэмы асвятлення белых плям мінулага.


Апошнія пасяджэнні “Радаводу” адзначаюцца высокім узроўнем распрацаванасці прадстаўленых тэм і кваліфікаванасцю падачы адшуканага і сістэматызаванага матэрыялу. Сур’ёзны акадэмічны характар выступленняў у цэлым надае пасяджэнням гуртка статус міні-канферэнцый і круглых сталоў. Не стала выключэннем і апошняя сустрэча.

Слухачы С. Рыбчонак З. Дрозд
Паведамленне кандыдата гістарычных навук Сяргея Аляксандравіча Рыбчонка, знанага спецыяліста ў сферы беларускай генеалогіі, прысвячалася асвятленню сямейна-роднасных повязяў аднаго з адгалінаванняў роду князёў Друцкіх, нашчадкаў полацкіх Рагвалодавічаў, – Друцкіх-Горскіх.  Аповяд, распачаўшыся з асобы князя Івана Сямёнавіча Пуцяты (каля 1390 – 1440?), уладальніка маёнтка Горы Аршанскага пав., ахапіў насычаныя знешнепалітычнымі, грамадзянскімі і канфесійнымі канфліктамі падзеі XV – пачатку XVIII ст. і завершыўся фактам згасання роду ў 1734 г. У розныя часы прадстаўнікі ўсіх дзевяці пакаленняў валодалі маёнт. Горы, Дудаковічы, Арава, Бурнеўка, Палессе Аршанскага пав., Лошыца, Багушэвічы, Дзякшняны Менскага пав. Многія прадстаўнікі адзначыліся грамадска-палітычнай дзейнасцю: удзельнічалі ў ваенных дзеяннях (Юрый Абрамавіч Д.-Г, каля 1550-1609, прымаў актыўны ўдзел у войнах з Маскоўскай дзяржавай), займалі значныя ўрады (Рыгор-Ежы Д.Г., каля 1585-1659, займаў пасаду ваяводы мсціслаўскага ў 1650-1659). Важнай крыніцай аб жыццядзейнасці чалавека той эпохі з’яўляюцца тастаменты, якія захаваліся і ў дачыненні да Тэадора-Караля Д.Г. (пам. да 1715), сына Рыгора-Ежы, і яго сына Міхала-Антонія (пам. 1734), апошняга прадстаўніка роду. Першы зберагаецца ў Дзяржаўным гістарычным архіве Літвы ў Вільнюсе, другі – у Нацыянальным гістарычным архіве Беларусі ў Мінску. Выступленне завершылася прэзентацыяй выдання Інстытута гісторыі АН Беларусі пад назвай “Друцк” (Друцк / О.Н.Левко и др.; Ин-т истории НАН Беларуси. — Минск: Беларуская навука, 2014. — 619 с., [24] л. ил: ил. — (Древнейшие города Беларуси). — Библиогр.: с.591-614; http://www.prometeus.nsc.ru/acquisitions/15-03-03/cont01f.ssi).

В_нцэнт Дун_н-Марц_нкев_ч
Па-новаму дазволіў зірнуць на асабістае жыццё вядомага беларускага паэта, пісьменніка і перакладчыка Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча (1808-1884) даклад гісторыка Зміцера Дразда. Насуперак перакананню, укаранеламу ў грамадскай думцы, аб тым, што пісьменнік паходзіць з даўняй маёмаснай шляхты дацкага паходжання, аргументавана даводзілася яго меньшая і заможнасць і радавітасць. Чыноўніцкая служба Дуніна-Марцінкевіча, яго палымяны патрыятызм, веданне гісторыі свайго краю дазволілі яму набыць немалы досвед у справе падробкі старажытных дакументаў, з дапамогай чаго ён сам і іншая шляхта спрабавалі зацвердзіцца ў дваранстве Расійскай імперыі падчас т.зв. “разбору шляхты”. Ніводны з яго продкаў не насіў прыдомку Дунін. У дачыненні да прозвішча Марцінкевіч упершыню праўдзіва-дакументальна ён фіксуецца ўласна ў 1832 г. Невядомым дагэтуль фактам з’яўляўся выпадак утрымання будучага літаратара ў Пішчалаўскім замку губернскага Мінска ў 1835 г. Аднак нягледзячы на гэтую і іншыя калізіі сваёй бурлівай маладосці Вінцэнт сын Яна Марцінкевіч здолеў давесці сваё дваранскае паходжанне і сцвердзіць сябе як Дунін-Марцінкевіч. Будучы змагаром і першапраходнікам, чалавекам добрага інтэлекту і моцнай энергіі, ён накіроўваў сілы на супраціўленне не зброяй і крывёй, а культурай і мовай. Не праз фізічнае, але праз душэўнае, супраціўляўся таму, што лічыў няправільным і шкодным. Аднак выснова паведамлення была бязлітаснай – сапраўднага радаводу яго Марцінкевічаў мы не маем і невядома нават якое імя насіў дзед дзеяча: Мікалай, Міхал ці Мікалай-Міхал? Стараючыся сцвердзіць за сабой правы дваранскага стану пан Вінцэнт зусім не пакінуў нам звестак пра сапраўдных продкаў. Ці ведаў ён іх імёны – загадка для даследчыкаў. Аднак зразумець яго можна: ранні стан бязбацькоўства не спрыяў перадачы родавай памяці, а патрэбы часу і незвычайная энэргічнасць дыктавалі сваё. Матэрыялы паведамлення Зміцера Дразда яшчэ пабачаць свет і магчыма прымусяць грамадскасць глыбей зірнуць на ўмовы фарміравання свядомасці і светабачанне гэтага слаўнага для нашай літаратуры дзеяча і цэлага пакалення яго сучаснікаў.
“З дзяцінства асірацелы і маючы нядбайную радню, я зусім не меў нікога, хто б заняўся радаводнымі справамі нашага роду…” (з ліста Вінцэнта Марцінкевіча ў Мінскі ДДС за жнівень 1832).

В.В. Урублеўскі

24.04.2016

Дадаць каментар

Ваш e-mail не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *


7 − 3 =

Можна выкарыстоўваць наступныя HTML-тэгі і атрыбуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <strike> <strong>