Інфармацыя аб дысцыпліне

Генеалогія (грэч. genea – сям’я, logоs – веданне) – спецыяльная гістарычная дысцыпліна, якая ў гістарычнай рэтраспектыве вывучае індывідуальна-сямейна-радавыя сувязі, заснаваныя на агульным паходжанні, роднасці. Дазваляе высветліць ролю прыродна-біялагічных, у т.л. этнагенетычных, а таксама сацыяльных фактараў у развіцці роду, канкрэтнай асобы, пэўных сацыяльных груп і ўсяго грамадства. Без вывучэння генеалогіі на ўсіх яе ўзроўнях немагчыма паўнавартаснае даследаванне многіх важных праблем гісторыі Беларусі: працэсаў фарміравання саслоўнай структуры, кансалідацыі кіруючых слаёў, унутранай і знешняй палітыкі вярхоўнай улады, эвалюцыі буйнога землеўладання, розных форм прыватнай уласнасці, царкоўна-рэлігійных, этнаканфесіянальных, сацыяльна-эканамічных адносін і інш.

Зараджэнне генеалогіі ўзыходзіць да таго часу, калі фарміравалася і пашыралася пісьмовае права і дзяржаўнае справаводства, якія афіцыйна замацоўвалі сямейна-радавы і маёмасны статут. Адносна доўгі час генеалогія развівалася як дапаможныя практычныя веды, якія ў своеасаблівых формах вызначалі сацыяльнае становішча феадалаў, маёмасныя і іншыя правы родаў, сем’яў, асоб, месца ў сацыяльнай іерархіі для прадстаўнікоў духавенства, мяшчанства. Тэарэтычная зацікаўленасць да генеалогіі і пераўтварэнне яе ў спецыяльную дысцыпліну пачынаецца з XVII – XVIII ст. З канца XVIII ст. ў шэрагу еўрапейскіх дзяржаў уводзіцца выкладанне генеалогіі. Выдаюцца радаслоўныя кнігі і генеалагічныя даведнікі каралеўскіх, княжацкіх і іншых дваранскіх родаў. З прагрэсам у развіцці іншых дапаможных дысцыплін з ХІХ ст. у генеалагічных працах стала магчымым прымяненне строга навуковых метадаў, звестак, правераных гістарычных крытыкай.

Дэмакратычныя пераўтварэнні ў грамадстве ў сярэдзіне 1980-х – пачатку 1990-х гг., аднаўленне дзяржаўнага суверэнітэту Беларусі паспрыялі з’яўленню ў шырокіх колах насельніцтва вялікай цікавасці да гісторыі сваіх продкаў. Было адноўлена вывучэнне генеалогіі ў навуковых і вышэйшых навучальных установах краіны. Пра актывізацыю навуковай генеалогіі сведчаць і абароненыя ў апошні час кандыдацкія дысертацыі, а менавіта М. Ялінскай “Источники о дворянских родах западноевропейского происхождения в белорусских губерниях конца XVIII – начала XX вв.” (2005) і С. Рыбчонкам “Крыніцы масавага паходжання па генеалогіі Беларусі сярэдзіны XVII – пачатку ХХ ст. (па матэрыялах Нацыянальнага гістарычнага архіва Беларусі)” (2010). Пэўную ўвагу крыніцам па генеалогіі шляхты прысвяціла і Н. Казлоўская ў сваёй кандыдацкай дысертацыі “Шляхта белорусских земель Великого Княжества Литовского: рос. дореволюц. и совет. историография и источниковедение проблемы” (2001).

У апошняе дзесяцігоддзе ХХ – пачатку ХХІ ст. з’явіўся шэраг важных работ, прысвечаных самым розным тэарэтычным і практычным пытанням. Назіраюцца цесныя сувязі спецыялістаў па генеалогіі Беларусі, Польшчы, Расіі і іншых краін, у т.л. распрацоўка сумесных праектаў. Генеалагічныя пошукі актыўна практыкуюцца рознымі грамадскімі аб’яднаннямі ў Беларусі і за яе межамі. З’явіўся вялікі пласт генеалагічных даследаванняў, падрыхтаваных аматарамі, часцей з даследаваннем уласнага радаводу. У цэлым генеалогія Беларусі на сучасным этапе развіваецца вельмі дынамічна і ў агульным рэчышчы з сусветнай генеалогіяй.

Генеалагічныя даследаванні сучаснай беларускай гістарыяграфіі будуюцца на падставе дакументальных крыніц. Для Беларусі гэта – метрычныя кнігі рэлігійных супольнасцей XVIII – ХХ стст., перапісы насельніцтва, інвентары і іншыя матэрыялы.

Дадаць каментар

Ваш e-mail не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *


7 + = 14

Можна выкарыстоўваць наступныя HTML-тэгі і атрыбуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <strike> <strong>