Выступленне Вітальда Ханецкага на тэму “Дакументы генеалагічнага характару беларускага паходжання ў архівах краін блізкага замежжа” у межах Школы Практычнай генеалогіі (21.04.2018)

21 красавіка 2018 у рамках Школы Практычнай генеалогіі адбыўся выступ гісторыка-генеалога Вітальда Уладзіміравіча Ханецкага, кіраўніка генеалагічнага агенцтва “Венда”.

101_4398

 

 

 

 

 

 

 

 

 

Выступ тычыўся беларускіх матэрыялаў у архівах буйных гарадоў Прыбалтыкі (Вільня, Талін), Расіі (Пецярбург, Масква), Польшчы (Варшава), Украіны (Кіеў). Асабліва грунтоўна выступоўца закрануў архівазнаўчую спецыфіку пошука ў архівах Пецярбурга і Масквы.

У Цэнтральным гістарычным архіве ў Пецярбургу варта шукаць матэрыялы каталіцкага справаводства, у т.л. метрычныя кнігі XVIII – пачатку ХХ стст. (асабліва матэрыялы тых касцёлаў, якія дзейнічалі ў межах цяперашняй Расійскай Федэрацыі). Аднак пры гэтым варта ведаць, што асобныя касцельныя метрыкі па тэрыторыі Цэнтральнай і Ўсходняй Расіі захоўваюцца ў НГАБ Мінска, у фондзе “Магілёўская рымска-каталіцкая кансісторыя”. Матэрыялы справаводства праваслаўных цэркваў па тэрыторыі цяперашняй Расіі неабходна шукаць у абласных архівах Расійскай Федэрацыі, дзе могуць быць метрыкі і памежных беларускіх рэгіёнаў (так, у Дзяржаўным архіве Смаленскай вобласці зберагаюцца метрыкі асобных цэркваў усходніх частак Віцебскай і Магілёўскай абласцей). У Расійскім дзяржаўным гістарычным архіве ў г. Пецярбург захоўваюцца справы аб зацвярджэнні Дэпартаментам Герольдыі пры Сенаце ў дваранскай годнасці шляхецкіх радоў Расійскай імперыі, а таксама архіў уніяцкіх мітрапалітаў з метрыкамі шэрагу уніяцкіх цэркваў XVIII стагоддзя і архіў Пецярбургска-Тульскага пазямельнага банка, які распрасціраў сваю дзейнасць на Віленскую і Гарадзенскую губерні (матэрыялы пазямельных банкаў фіксуюць умовы набыцця зямельнай уласнасці і падаюць геаметрычныя апісанні выкупленых надзелаў).

У Цэнтральным гістарычным архіве горада Масквы захоўваюцца матэрыялы дзейнасці Маскоўскага універсітэта (месца навучання выхадцаў з Беларусі), Маскоўска-Брэсцкай чыгункі (праходзіла праз тэрыторыю Беларусі) і Маскоўскага пазямельнага банка (распрасціраў сваю дзейнасць на Магілёўскую, Мінскую і Віцебскую губерні). Ваенна-гістарычны архіў змяшчае матэрыялы адносна гісторыі і асабістага складу вайсковых адзінак часоў Расійскай імперыі (захоўваюцца справы асабістага складу на афіцэраў; у спецфондзе ў Цюменскай вобласці зберагаюцца метрычныя кнігі вайсковых падраздзяленняў). У Цэнтральным архіве Міністэрства абароны ў Падольску акцэнт робіцца на савецкім перыядзе. У Архіве старажытных актаў магчыма шукаць інвентарныя апісанні езуіцкіх маёнткаў Беларусі. Дзяржаўны архіў Расійскай Федэрацыі захоўвае справы рэпрэсаваных у цяперашніх межах Расіі.

З ліку прыбалтыйскіх архіваў былі адзначаны Літоўскі дзяржаўны гістарычны архіў і Эстонскі гістарычны архіў. У фондзе ЛДГА захоўваюцца метрычныя кнігі касцёлаў, праваслаўных цэркваў Паўночна-Заходняй Беларусі (таксама маецца комплекс уніяцкіх метрык). Фонд Віленскага пазямельнага банка, які прасціраў сваю дзейнасць на ўсю тэрыторыю сучаснай Беларусі, змяшчае 26 тысяч спраў па Беларусі (70-80% з іх маюць у якасці дадатку зямельныя планы). На дадзены час спадар Вітальд вядзе складанне паказальніка на яго, які ўжо змяшчае 26 тысяч запісаў. У фондзе Віленскага аўдатарыяту засяроджана мноства асабістых спраў паўстанцаў 1863 года. У Эстонскім гістарычным архіве варта шукаць дыпломы і фотаздымкі выпускнікоў Дэрпцкага (Тартускага) універсітэта. Дзяржаўны гістарычны архіў Латвіі курыруе праектам “Raduraksti”, асноўная мэта якога пашырыць магчымасці выкарыстання грамадствам той часткі нацыянальнай дакументальнай спадчыны, якая непасрэдна звязана з сямейнай гісторыяй і генеалогіі. На сайце праекта lvva-raduraksti.lv прадстаўлены адлічбаваныя копіі генеалагічных матэрыялаў па тэрыторыі Латвіі ХІХ – пачатку ХХ ст.

Дакументы царкоўнага і адміністрацыйна-паліцэйскага ўліку ў дачыненні да тэрыторыі Украіны расцярушаны паміж Цэнтральнымі гістарычнымі архівамі Львова і Кіева і абласнымі архівамі. У прыватнасці, у Луцкім абласным архіве Украіны захоўваюцца метрычныя кнігі шэрагу цэркваў былога Пінскага павета. Значная колькасць дакументаў генеалагічнага характару ў дачыненні да Галоўных архіваў старажытных і новых актаў Варшавы прадстаўлена ў лічбавым варыянце на сайце абодвух устаноў.

Дадаць каментар

Ваш e-mail не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *


+ 1 = 7

Можна выкарыстоўваць наступныя HTML-тэгі і атрыбуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <strike> <strong>