Нашчадак крыжакаў, літвін, патрыёт: гісторык Зміцер Юркевіч разбурае міфы пра Тадэвуша Рэйтана

Улетку ў былым маёнтку Грушаўка ў Ляхавіцкім раёне адбудзецца чарговы фэст, прысвечаны асобе выбітнага мясцовага ўраджэнца Тадэвуша Рэйтана. З гэтай нагоды генеалагічны партал Radawod.by і хрысціянскі інфармацыйны партал Krynica.info паразмаўлялі са старшыёй Арт-суполкі імя Тадэвуша Рэйтана, даследчыкам і папулярызатарам памяці аб ім Змітром Юркевічам.

FB_IMG_1528811608389

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

- Вы пражываеце ў Мінску, але цікавіцеся асобай Тадэвуша Рэйтана. Шмат мерапрыемстваў праводзіце ў яго на радзіме? У чым прычына такой цікавасці?

- Я нарадзіўся ў Мінску, адсюль мая маці, жыў у Баранавічах, адкуль мой бацька. Таму маё жыццё непарыўна звязанае з гэтымі двума гарадамі. Нешта падобнае было і ў Тадэвуша Рэйтана, бо яго маці таксама была з Менску, а бацька з-пад Ляхавічаў, а гэта 20 кіламетраў на поўдзень ад Баранавічаў. Менавіта з тых мясцінаў мае дзяды. Таму я ўспрымаю яго асобу не проста як нацыянальнага героя нашай краіны, але і як чалавека, з якім ў нас адна Малая радзіма. Па гэтых прычынах больш востра ўспрымаю тую несправядлівасць, якая дапушчана ў дачыненні да яго, тое забыццё і небыццё, у якім знаходзіцца яго імя. Гэта і прымушае мяне займацца папулярызацыяй асобы Тадэвуша Рэйтана і тых драматычных падзей, дзякуючы якім яго імя пранеслася па небасхіле зыркім метэорам, пакінуўшы след на стагоддзі.

Упершыню пра яго я даведаўся дзесяць гадоў таму, калі прачытаў пераклад на беларускую мову кнігі “Гавэнды Сапліцы”, якая была напісана яшчэ ў першай траціне ХІХ стагоддзя. Яе аўтарам быў стрыечны ўнук Тадэвуша Рэйтана, знакаміты ў тыя часы пісьменнік Генрык Жавускі. А сапраўдны выбух цікавасці, які перавярнуў маё жыццё, здарыўся ў 2011 годзе. У той час я выпадкова даведаўся, што сядзіба Рэйтанаў у Грушаўцы ўнесена ў “Спіс 46 сядзібаў”, якія Міністэрства культуры было гатова прадаць любому ахвочаму. Мяне гэта вельмі моцна абурыла, бо я ўжо ведаў пра шырокую вядомасць Тадэвуша Рэйтана. Але пра тое, што ён наш нацыянальны герой і што ён настолькі моцна павязаны з Беларуссю, яшчэ не ўяўляў. Інфармацыі пра яго ад беларускіх аўтараў практычна не было, калі не лічыць некалькіх артыкулаў, якія з’явіліся цягам 1993-2010 гадоў і якія ў асноўным былі або эмацыйнымі развагамі, або скарбонкай міфалогіі – “кракаўскі рыцар”, “самагубца”і г.д.

А ўсё, што было напісана палякамі, казала адно – “вялікі паляк”, і кропка. Дарэчы, трэба прызнаць і той факт, што і палякі, нягледзячы на дзвесце год намаганняў, і дагэтуль пра жыццё Рэйтана ведаюць да дзіўнага мала. Калі нарадзіўся (шмат версій), дзе вучыўся (шмат версій), болей пра сойм (сцвярджаючы, пры гэтым, што ён “бараніў Польшчу”) і калі памёр – вось і ўсё. Прычым палова з гэтага, нават на стадыі пераліку, памылковыя звесткі. А калі заглыбіцца ў тэму, то будзе яшчэ горш.

Зацікавіўшыся гэтым, мы пачалі думаць, як выратаваць сядзібу ад продажу. Спярша думалі набыць яе за сімвалічны кошт, каб захаваць для Беларусі, каб не даць ёй стаць уласнасцю якога-небудзь замежніка або “нуварыша”, які пераўтварыў бы сядзібу ў гатэль,ці казіно. Гэта было б страшэннай ганьбай для Беларусі! Але неўзабаве прыйшло “працверазенне”. Сядзібы нацыянальных герояў ці вялікіх людзей краіны мусяць заставацца ўласнасцю дзяржавы, служыць інтарэсам дзяржавы і, калі дазволіце, быць яе візітоўкамі. Прыкладаў процьма – сядзібы і палацы Адама Міцкевіча,Тадэвуша Касцюшкі, Напалеона Орды, князёў Радзівілаў, Нямцэвічаў, Ваньковічаў і г.д.Таму мы вырашылі дабівацца таго, каб сядзіба засталася ў дзяржаўнай уласнасці і аднаўлялася па прыкладзе іншых мемарыяльных сядзібаў, дзяржаўнымі і грамадскімі высілкамі. Але адразу сутыкнуліся зтым, што асоба Тадэвуша Рэйтанаў Беларусі ўспрымаецца дзіўным чынам: ён хоць і прадстаўляў Вялікае Княства Літоўскае на сойме 1773-1775 гадоў, мае непасрэднае дачыненне і да Наваградчыны, і да Меншчыны, як і ўсе ягоныя продкі, але ў Беларусі лічыцца “палякам” і “польскім палітычным дзеячам”. Таму ніякай гаворкі пра яго ўшанаванне на дзяржаўным узроўні і быць не магло.

Тады адначасова са стварэннем Арт-суполкі імя Тадэвуша Рэйтана, з лістамі ў розныя інстанцыі пра ратаванне сядзібы мне давялося адправіцца ў архівы Беларусі, Летувы і Польшчы. Патрэбны былі бясспрэчныя доказы, што ён “наш”. І каб самому цвёрда стаяць на нагах, і каб іншым даводзіць гэта.

FB_IMG_1528811674594

Дагэтуль я ўжо займаўся радаводнымі справамі і, шукаючы сваіх сваякоў, ужо раз-пораз сустракаў прозвішча Рэйтанаў у актавых кнігах Наваградскага гродскага і земскага судоў, таму я ведаў, дзе шукаць. І я гэтыя кнігі прагледзеў, амаль што ад “а” да “я”. А паралельна і лідскія, менскія, мазырскія, полацкія і іншыя, дзе пакінулі свой след родзічы і сваякі Тадэвуша. З цягам часу ў мяне назбіралася велізарная калекцыя дакументаў, датычная роду Рэйтанаў. Мне ўдалося ўстанавіць іх сваяцкія сувязі, якія аказаліся неверагодна шырокія. Было знойдзена шмат цікавай інфармацыі, датычнай роду. І самае галоўнае: мне ўдалося рэканструяваць жыццярыс Тадэвуша Рэйтана літаральна па гадах.

- Што канкрэтна вам удалося высветліць?

- Да гэтага часу найбольш поўны жыццярыс Тадэвуша Рэйтана выглядаў так: нарадзіўся 20 жніўня 1742 года ў вёсцы Грушаўка, бацькі Дамінік і Тарэса з Валадковічаў Рэйтаны, вучыўся або ў Наваградку, або ў Вільні, або ў Варшаве (усе версіі мне падаюцца хібнымі, я лічу, што вучыўся ён у нясвіжскім езуіцкім калегіуме), а далей гаворка ўжо ішла пра сойм. Трыццаць гадоў яго жыцця былі проста невядомыя, як і тое, што адбывалася з ім пасля сойму. Такім чынам, з 39 гадоў яго жыцця было недзе запоўнена пяць-шэсць. А тут удалося аднавіць ад пачатку да канца. Напрыклад, на падставе метрыкі давяршэння хросту Тадэвуша Рэйтана за 20 жніўня 1742, метрыкі хросту яго сястры ў 1742 годзе, метрыкі шлюбу іх бацькоў у 1739 годзе, якую знайшоў Зміцер Дрозд, а таксама двух лістоў бацькі Тадэвуша, якія ён пісаў Міхалу Казіміру Радзівілу “Рыбаньку”, чыім кліентам быў, удалося акрэсліць часавы абсяг, калі нарадзіўся Тадэвуш Рэйтан. Гэта адбылося або напрыканцы кастрычніка, або ў самым пачатку лістапада 1740 года. Калі каталікі адзначаюць свята ў гонар святога Тадэвуша-Юды. Публікацыя на гэты конт выйшла у Гадавіку Цэнтра Беларускіх Студыяў №2 (2016).

Таксама ўдалося сабраць крыніцы, якія датычаць апошніх дзён жыцця Тадэвуша Рэйтана і сцвярджаюць, што самагубцам ён не быў. Барацьба з гэтым міфам стаіць для мяне на першым месцы, бо на яго падставе ў Ляхавічах блакуецца наданне адной з вуліц горада яго імя. Маўляў, людзі баяцца жыць на вуліцы самагубцы. Абвяржэнню гэтага міфа прысвечаны мой артыкул у 4 нумары АРХЭ (2017).

- Прозвішча Рэйтан мае нетыповае гучанне для нашых мясцін. Ці ўдалося вам прасачыць яго паходжанне?

- Сапраўды, гучыць неяк нязвыкла. Але беларускі навуковец-філолаг Алесь Жлутка, які на нашу просьбу зрабіў спробу этымалагізацыі гэтага прозвішча, выказаў між іншым меркаванне, што паходжанне Рэйтанаў, магло быць і славянскім. Прычым карані яго могуць сягнуць у Х стагоддзе (!). Публікацыя на гэты конт змешчана ў юбілейным, “рэйтанаўскім”, нумары альманаха “Тэксты” №5 (2014). Але дакладны радавод Тадэвуша Рэйтана, які атрымалася ўзнавіць, пачынаецца з пачатку XVІІ стагоддзя. І ён значна паўнейшы за той, які змешчаны ў вывадовай справе роду Рэйтанаў, і які быў надрукаваны Анатолем Федаруком. Новыя звесткі чакаюць сваіх публікацый.

Праўда, першая ўзгадка ў дакументах Тэўтонскага ордэна прозвішча Рэйтан належыць да 1467 года – года, калі толькі завершылася Трынаццацігадовая вайна 1454-1467 гадоў, якая раскалола Ордэнскую Прусію на дзве часткі. Рэйтаны ўзгадваюцца ў Княскай Прусіі, той частцы, якая захавала аўтаномію ад Польшчы. У гэтым годзе Якабу фон Рэйтану быў нададзены даволі значны зямельны надзел блізу таго месца, дзе ў 1410 годзе адбылася знакамітая Грунвальдская сеча. Ён, хутчэй за ўсё, быў актыўным удзельнікам той Трынаццацігадовай вайны. Праз год ён атрымаў побач яшчэ адну вёску і колькі дзясяткаў гуфаў зямлі, што пераўтварыла яго ў даволі значнага абшарніка.

Нашчадкі гэтага Рэйтана павязаліся сваяцкімі сувязямі як з мясцовымі анямечанымі прускімі родамі, якія яшчэ ў XІІІ-ХIV стагоддзі прынялі бок Ордэна, так і з рыцарскімі родамі, якія прыбывалі ў Прусію як каланісты з-пад Ляйпцыга і Дрэздэна. На падставе гэтых звестак, я мяркую, што, магчыма, Рэйтаны таксама маглі быць з тых мясцінаў, бо там ёсць тапонімы, падобныя да прозвішча “Рэйтан”. Але калі яны дакладна прыбылі ў Прусію, невядома. Ёсць цікавая згадка ў адным з гербоўнікаў на 1410 год, але дакументальных пацверджанняў гэтаму няма. Таму пытанне, ці бралі ўдзел прадстаўнікі роду ў Грунвальдскай сечы, застаецца адкрытым.

Калі казаць пра тое, што прывяло да перасялення нашчадкаў Якаба Рэйтана ў Вялікае Княства Літоўскае, то варта ўзгадаць, што з 1601 года па 1629 год ішла вайна Швецыі супраць Рэчы Паспалітай. Яна закранула і Прусію, якая была спустошаная шведамі. У 1629 годзе паміж Швецыяй і Рэччу Паспалітай у мястэчку Альтмарк (сёння Стары Тарг у Польшчы – рэд.) была падпісаная мірная дамова. Блізу гэтага мястэчка была вёска, якой валодаў адзін з імаверных продкаў Тадэвуша Рэйтана. Гэтыя мясціны зведалі спусташэнне. Гэта і магло быць тым штуршком, які змусіў Рэйтана паступіць у шэрагі войска, якое гэтыя землі бараніла.

Таксама ёсць сведчанні, што Рэйтаны былі сваякамі Радзівілаў. У 1600 годзе памёр Ганс Рэйтан, унучка якога пабралася шлюбам з сынам Сафіі, дачкі Мікалая Радзівіла Чорнага. А прамы ўнук Чорнага – Жыгімонт Караль Радзівіл, які быў камандорам Мальтыйскага ордэна (камандорыя ў Сталовічах пад Баранавічамі), удзельнічаў у той вайне, у тым ліку з войскамі быў у Прусіі. Такім чынам, ён мог сваіх сваякоў узяць у войска, пасля чаго яны прыбылі з ім у Вялікае Княства Літоўскае. Першым з гэтых Рэйтанаў быў Ян Фрыдэрык. Яго поўнае імя таксама ўдалося высветліць нядаўна. Дагэтуль, у гербоўніку Нясецкага ён быў вядомы як Ян, сын Юрыя (Ганс, сын Георга). А ў прыватных лістах, якія знайшоў я, ён падпісваўся як Фрыдэрык. У дакуменце, які нядаўна знайшоў даследчык Фёдар Чарняўскі, ёсць яго поўнае імя – Ян Фрыдэрык. Як напісана ў дзённіку вялікага канцлера ВКЛ Альбрэхта Станіслава Радзівіла (стрыечны брат Жыгімонта), ён быў любімым слугой (кліентам) Жыгімонта Караля Радзівіла. Калі ён у 1639 годзе раптоўна памёр падчас сойму ў Варшаве, то яго патрон з павагі да сваяка загадаў перавезці яго цела і пахаваць у капліцы Мальтыйскага ордэна ў Сталовічах. Там спачываў першы Рэйтан, які заклаў падмуркі роду Рэйтанаў у Вялікім Княстве Літоўскім, пакуль у ХІХ ст. ягоныя рэшткі адтуль не прыбрала Праваслаўная Царква.

Усе нашчадкі Яна Фрыдэрыка Рэйтана служылі ў элітных гусарскіх частках ВКЛ. Невыключэнне і Тадэвуш Рэйтан, які яшчэ ў 11 год быў запісаны бацькам на службу ў харугву Міхала Казіміра Радзівіла “Рыбанькі”. Пасля смерці “Рыбанькі” Тадэвуш перайшоў на службу да “Пане Каханку”, з якім зведаў нямала прыгодаў.

- У чым заключаецца гераічнасць асобы самога Тадэвуша Рэйтана?

- Для разумення выключнай мужнасці Тадэвуша, таго, чаму ён стаў для дзясяткаў, калі не сотняў тысяч людзей у XVIII–XX культавай асобай, Героем, прыкладам шчырага, нязломнага патрыёта, трэба заглыбіцца ў падзеі канца XVIII ст. У 1772 годзе Расея, Прусія і Аўстрыя пасля доўгіх нарадаў, нарэшце, дамовіліся пра падзел Рэчы Паспалітай Абодвух Народаў. Былі прыдуманыя нейкія “спрадвечныя правы” на тыя абшары, якія яны вызначылі пад анексію, былі падпісаныя патаемныя канвенцыя, і 5 верасня варожыя войскі ўвайшлі на тэрыторыю сучасных Беларусі, Украіны і Польшчы і занялі вызначаныя тэрыторыі. Вялікае Княства Літоўскае ў адзін дзень страціла каля траціны тэрыторыі – 92 тыс. квадратных кіламетраў з гарадамі Невель, Віцебск, Полацк, Магілёў, Гомель, з насельніцтвам блізу 1,5 міллёну чалавек.

Каб жыхары захопленых і вольных земляў не падняліся на ўзброены справядлівы супраціў, вяртаючы захопленае, быў прыдуманы неверагодны па нахабнасці план – прымусіць насельніцтва Вялікага Княства Літоўскага і іншых земляў Рэчы Паспалітай добраахвотна адмовіцца ад гэтых земляў на карысць агрэсараў. Гэта рашэнне трэба было правесці праз сойм, дзе рукамі скліканых на яго дэпутатаў, сенатараў, міністраў і караля гэты падзел мусіў быць зацверджаны. Такі стан рэчаў надаў бы гвалту над краінай нейкі фармальны выгляд легітымнасці.                                                                                                                                                                                                                                                                                                      Тадэвуш Рэйтан 1740-1780

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

20 лютага 1773 года кароль Станіслаў Панятоўскі пад націскам Расеі, Прусіі і Аўстрыі выдае ўніверсал, у якім абвяшчае аб правядзенні ў сакавіку павятовых соймікаў, а на красавік прызначае агульнадзяржаўны вальны сойм. Шляхта па паветах ужо ведала, пра што на сойме будзе гаворка, таму асаблівага гонару ўдзельнічаць у ганебным спектаклі не бачыла. Да таго ж, па паветах былі разасланыя лісты кракаўскага біскупа Солтыка з заклікам зрываць соймікі і байкатаваць сойм. І сапраўды, шмат у якіх паветах соймікі не адбыліся. Гэтак, у Вялікім Княстве Літоўскім, Жамойцкае княства сарвала ўсе свае соймікі і ніводнага чалавека бараніць ВКЛ не дэлегатавала. З тэрыторыі сучаснай Летувы былі толькі вількамірскі і ковенскі паслы. Астатнія, каля 20 паслоў, былі з тэрыторыі сучаснай Беларусі. Насельніцтву акупаваных земляў было ўвогуле забаронена праводзіць соймікі, бо яны ўжо лічыліся падданымі краінаў-агрэсараў.

Тым не менш, на сойм сабралася 111 паслоў, менш за палову камплекту паслоў. Палякаў было 87, у тры разы болей, чым літвінаў-беларусаў. За тры дні да пачатку сойму 76 прысутных у Варшаве паслоў, сярод якіх толькі 7 літвінаў, на прыватнай кватэры прызналі вядомага ліхадзея – кухмістра вялікага кароннага Адама Панінскага – маршалкам канфедэрацыі і такім чынам далі яму паўнамоцтвы верхаводзіць на сойме.

І калі ў Пасольскай Ізбе яму збіраліся перадаць маршальскае жазло, са свайго месца ўскочыў наваградскі пасол Тадэвуш Рэйтан і заявіў, што ніколі не прызнае ні канфедэрацыі, ні Панінскага за легітымнага маршалка сойму. Разам з тым, ён гучна абвесціў, што так як па чарзе сойм мусіў адбывацца ў Вялікім Княстве Літоўскім, то маршалкам мусіў быў быць літвін, а не паляк. У чым быў падтрыманы не толькі ўсімі прысутнымі пасламі з ВКЛ (за выключэннем “великолепной семерки”), але і адзінкамі з палякаў.

Як сведчаць дзённікі сойму, для Рэйтана галоўным было данесці голас сумлення да ўсяго свету, што, насамрэч, няма згоды паслоў і жыхароў Рэчы Паспалітай на падзел краіны. Што ўсё, што адбываецца на сойме, гэта фарс, спектакль і робіцца пад пагрозай гвалту і за грошы трох суседніх імперый. Стоячы на гэтым, ён чатыры дні і тры ночы разам з бальшынёй паслоў Вялікага Княства Літоўскага (дзейсную падтрымку яму аказалі яшчэ адзін наваградскі пасол Самуэль Корсак, Станіслаў Багушэвіч-Мінкоўскі з Менска, Ігнат Куранеўскі з Пінска і іншыя) блакаваў Пасольскую Ізбу. Яны нічога не елі гэты час, каб не пакідаць Пасольскай Ізбы і не даць Панінскаму правесці тут аніводнага легальнага пасяджэння. У выніку Панінскаму давялося перанесці сваю зборню ў іншыя пакоі Каралеўскага замку. Дзякуючы гэтаму ўчынку, вестка аб гвалтоўным падзеле Рэчы Паспалітай маланкай разляцелася па ўсім свеце, бо на сойме прысутнічалі карэспандэнты ўсіх еўрапейскіх краін, якія штодня адпраўлялі цыдулкі рэдактарам сваіх газетаў. Беларускія паслы зрабілі немагчымае: сарвалі з гэтага сойму ўзоры легітымнасці, якая была галоўнай мэтай правядзення сойму. Свет убачыў, што, насамрэч, Расея, Аўтрыя і Прусія – звычайныя гвалтаўнікі-рабаўнікі. І ўсё гэта, гэты адчайны супраціў адбываўся пад пагрозай магчымага смяротнага пакарання, бо такія прысуды спехам выпісвала судовая камісія Адама Панінскага.

Панінскі, які з 1767 года знаходзіўся на розных паслугах у расейскага двара, сваім першым дэкрэтам назваў Тадэвуша Рэйтана “ворагам народу” і асудзіў яго, паставіўшы па-за законамі – фактычна любы чалавек мог яго беспакарана забіць. Але кароль, які не знайшоў у сабе мужнасці выступіць супраць падзела, таемна сімпатызаваў Рэйтану і скасаваў смяротны вырак. Рэйтан у сваю чаргу быў гатовы да смерці і неаднаразова заяўляў падчас сойму, што дзеля Бацькаўшчыны гатовы пакласці сваё жыццё. Ён быў душой і сэрцам супраціву супраць той цемры, якая ахапіла тады краіну. Ён выступіў не толькі супраць знешніх ворагаў, але і супраць унутраных, карумпаванай большасці паслоў, сенатараў і міністраў. І невядома яшчэ, што было небяспечней. За такую рашучую непахіснасць, асабістую мужнасць, за выключны патрыятызм Рэйтана пачалі паважаць нават прускія і расейскія вайскоўцы – генералы Лентулус і Бібікаў. Дарэчы, тая павага сустракаецца і ў расейскіх літаратараў ХІХ ст., напрыклад, Мардоўцава.

- Патрыётам чаго быў Тадэвуш Рэйтан: Рэчы Паспалітай ці Вялікага Княства Літоўскага?

- Тое, што ён выступіў у абарону гонару Вялікага Княства Літоўскага, сведчыць аб тым, што ён быў у першую чаргу патрыётам ВКЛ. А тое, што найбольш дзейсную падтрымку яму выказала “ўся Літва”, а не польскія паслы, сведчыць і пра пэўны антаганізм ВКЛ і Польшчы.

Дарэчы, раней некаторыя соймы зрываліся з-за таго, што палякі хацелі прасунуць умовы, невыгодныя для ВКЛ. І адзін з такіх соймаў праз гэта сарваў прадзед Тадэвуша Рэйтана Марцін Казімір Валадковіч. Адбылося тоеў 1665 годзе. Унутраная прага да вяртання незалежнасці ВКЛ жыла. “Сепаратысцкія”, з пункту гледжання палякаў, незалежніцкія памкненні літвінаў удалося трохі прыглушыць толькі напачатку XVIII стагоддзя.

Цікавым фактам, з’яўляецца тое, што пляменнік Тадэвуша Дамінік, які ў 1814 годзе падаваў свае дакументы ў Парыжы ў вайсковую камісію Напалеона, запісаўся літвінам, не палякам. Гэтыя звесткі знайшоў у Парыжы беларускі гісторык Анатоль Сцебурака.

- Традыцыйна заяўляецца, што Тадэвуш Рэйтан скончыў жыццё самагубствам. Але ў сваіх публікацыях вы аспрэчваеце гэта.

- Так, гэта агульнае месца ва ўсіх публікацыях, якія прысвечаны Тадэвушу Рэйтану. Розняцца толькі варыянты, якія год ад году толькі множацца (!).

Пры гэтым, дзве ўсім вядомыя “крыніцы” – нарысы жыцця Рэйтана, якія ў ХІХ ст. напісалі Юльян Нямцэвіч і Генрык Жавускі і якія доўгі час з’яўляліся крыніцай усіх ведаў пра жыццё Тадэвуша, – гэты міф падсякаюць. Бо ў першай з іх кажацца пра “пахаванне ў Ляхавіцкім касцёле”, а ў другой – пра тое, што рыхтаваўся ён да смерці, як прыкладны хрысціянін.

Знойдзены мной ліст пляменніцы Тадэвуша Саламеі (жонкі вайскоўца-ўрадніка-пісьменніка Станіслава Рэйтана) да нашага вядомага пісьменніка з-пад Пружанаў Язэпа Крашэўскага з’яўляецца дадатковым сведчаннем супраць міфа. У ім гаворыцца, што “нядаўна памёр стары Вольскі, які быў пры смерці яго, у хвіліну, у якую вярнуўся да поўнай прытомнасці і спавядаўся, сціскаючы ксяндза за руку”. Ліст датаваны 1845 годам.

Верагодна, ён памёр у выніку няшчаснага выпадку, які адбыўся ў Грушаўцы ў жніўні 1780 года. Ён не быў самагубцам, ён не быў забіты. Нейкі час я разглядаў варыянт гвалтоўнага пазбаўлення жыцця Тадэвуша Рэйтана, між іншым, небезпадстаўна. Але знаходка гэтага сведчання прымусіла мяне перагледзіць свае погляды.

Ён паміраў у прысутнасці ксяндза, якога да апошняй хвіліны трымаў за руку. Я не ведаю, як такога чалавека можна назваць самагубцам.

Літаральна адразу пасля смерці Тадэвуша Рэйтана пачаў узрастаць яго культ. Хоць слава яго яшчэ пры жыцці грымела і ў Літве-Беларусі, і ў Польшчы, і ў Еўропе. На адным з пазнейшых соймаў паслы з беларускіх земляў – з Полацкага і Менскага ваяводстваў — нагадалі каралю пра годны чын жывых Корсака і Багушэвіча і памерлага Рэйтана. Таксама кароль Панятоўскі ўхваліў праект аб усталяванні дзвюх памятных шыльдаў перад Пасольскай Ізбой: з чорнага мармуру, прысвечанай Панінскаму, і з белага, прысвечанай Рэйтану. Але задуму ён рэалізаваць не паспеў. У 1795 годзе ў выніку Трэцяга падзелу, які правялі ўсё тыя самыя “тры чорныя арлы”, Рэч Паспалітая была сцёртая з мапаў свету.

У гэты самы час вядомы паэта Францішак Дыянізі Князьнін, які быў родам з Віцебшчыны, напісаў “Оду да Літвы”, у якой адзначыў чын Рэйтана. У хуткім часе пачалі ўзгадваць Рэйтана і палякі. Наколькі я ведаю, першая такая згадка была ў кнізе “Перасцярогі для Польшчы” Станіслава Сташыца, але яна не была ў тыя часы надрукавана і заставалася, калі не памыляюся, у рукапісе да ХХ ст.

Пазней, у пачатку ХІХ стагоддзя, імя Тадэвуша Рэйтана паднялі на шчыт нашы іншыя землякі. Першым быў берасцеец Юльян Нямцэвіч, які напісаў першы кароткі жыццярыс Тадэвуша Рэйтана, у якім паплечнік Касцюшкі прывёў памылковую дату нараджэння, дапусціў памылку ў назве Грушаўкі і памыліўся з імем маці Тадэвуша Рэйтана: назваў яе Веранікай, а не Тарэсай. Але, між іншым, ён напісаў пра падзеі сойма на падставе дзённіка Тадэвуша Рэйтана, а таксама пра тое, што Тадэвуш Рэйтан памёр 8 жніўня 1780 года і пахаваны ў Ляхавіцкім касцёле.

У 1817-1819 гадах у першым сваім буйным творы – паэме “Бульба” – узгадаў Тадэвуша Рэйтана Адам Міцкевіч, які заўважыў, што тут, у “Краі Наваградскім, краі родным”, “Рэйтаны моц сэрцаў рымскіх гартавалі”. Трошкі пазней ён напісаў паэму “Пан Тадэвуш”, у якой згадаў і Тадэвуша Рэйтана, і іншых прадстаўнікоў роду. Неаднаразова звяртаўся да вобраза Тадэвуша Рэйтана Міцкевіч і ў палітычных артыкулах.

Літаральна праз некалькі год пасля “Пана Тадэвуша” з’яўляецца ўжо ўзгаданы твор “Гавэнды Сапліцы” (“Успаміны пана Севярына Сапліцы, чашніка парнаўскага”). Там ёсць цэлае апавяданне, прысвечанае Тадэвушу Рэйтану, у якім, вядома, шмат памылак, але ў той жа момант вельмі добра апісаныя апошнія дні з жыцця Тадэвуша Рэйтана. Гаворыцца, што прычынай яго смерці паслужыў прыезд у Грушаўку расейскага генерала, якога Тадэвуш пачаў праганяць з падворку. Браты і слугі, спалохаўшыся, што гэта можа прывесці да нейкіх непрыемных неспадзяванак, зачынілі яго ў “мураванцы”. А так, як ён быў неверагоднай моцы, то, верагодна, паспрабаваў выбрацца з мураванкі, разбіў шыбы, але вельмі моцна скалечыўся і праз два дні “аддаў Богу душу”.

Гэты выпадак, сапраўды, мог мець месца. Расейскі генерал, які прыехаў, — гэта, хутчэй за ўсё, Іван Міхельсон, які ў свой час адзначыўся падчас задушэння паўстання Пугачова, а за год да смерці Тадэвуша набыў у яго брата Міхала маёнткі, якія адышлі да Расеі па першым падзеле, і яго імя ў той час сустракалася ў дакументах Наваградскага ваяводства.

- Наколькі адпавядае гістарычнасці вядомая карціна Матэйкі?

- Твор Матэйкі нельга ўспрымаць як гістарычны, бо ён алегарычны. Матэйка сабраў на ім асобаў, час здрады якіх надышоў альбо да сойму, альбо падчас, альбо пасля, падчас Таргавіцкай канфедэрацыі 1792 года. Зразумела, што Панінскі ў той час не мог быць у Ізбе, бо запалоханы ваяўнічым Рэйтанам пасля фіяска першага дня больш у Ізбе не з’яўляўся. А Тадэвуш Рэйтан прадстаўлены ў вобразе распятай Бацькаўшчыны, у той час як здраднікі ганяць яго, а маладушныя асобы адварочваюцца.

Тадэвуш Рэйтан на варшаўскім сойме 1773 года, Ян Матэйка , 1866

Акрамя Матэйкі, Тадэвуша Рэйтана малявалі і іншыя мастакі. Яшчэ на 30 год раней за Матэйку, прадстаўнікі Віленскай школы мастацтва Францішак Смуглевіч і Людвік Горват намалявалі яго выявы. Былі створаныя нашымі землякамі, скульптарамі Астроўскім і Закрэўскімі два бюсты Тадэвуша Рэйтана. Апошні, магчыма, нават даводзіўся вельмі далёкім сваяком Рэйтану. Зараз гэтыя два бюсты знаходзяцца ў Польшчы.

Але пасля паўстання 1863 года культ Тадэвуша Рэйтана на яго Радзіме прыйшоў у поўны заняпад. Расейскія ўлады забаранілі ўзвядзенню на могілках у Грушаўцы яго помніка. І таму апошні Рэйтан, Язэп, у 1889 годзе падараваў яго Кракаву. Ён уяўляў сабой 11-метровую чыгунную вежу, ад якой захаваўся толькі бюст. Зараз у Кракаве стаіць дакладная копія таго помніка.

Імя Рэйтана на нашых землях трошкі ўзнялося толькі ў прамежку паміж 1917 і 1939 гадамі. У Менску на месцы Палацу Рэспублікі з’явілася вуліца Рэйтана – былая Юраўская, на якой калісьці стаяў палац маці Тадэвуша, Тарэсы з Валадковічаў. Яна праіснавала толькі два гады, потым Менск апынуўся пад расейска-савецкай акупацыяй, і яе зноў перайменавалі. Але ў Баранавічах вуліца Тадэвуша Рэйтана праіснавала да 1939 года. Там была не толькі вуліца, але і гімназія імя Тадэвуша Рэйтана, будынак якой захаваўся. Зараз ён закінуты, а мог бы стаць культурнай пляцоўкай для баранавіцкай моладзі.

Пасля вайны пра Тадэвуша Рэйтана на нашых землях забыліся. Але яго культ ззяў і буяў на тэрыторыі Польшчы: амаль у кожным горадзе ёсць ці вуліца, ці школа, ці маладзёвая дружына яго імя. А ў нас адважыўся яго ўзгадаць у сваіх творах толькі Уладзімір Караткевіч: першы раз у 1959 годзе ў расейскамоўнай паэме “Родина”, а другі раз, больш разгорнута, – у паэме “Леаніды не вернуцца да зямлі”, альбо “Нельга забыць”. Падобна, што больш ніхто яго імя да 1980-х гадоў не згадваў.

Толькі з 1987-1988 гадоў яно паціху пачынае вяртацца. Вельмі сур’ёзны артыкул у 1993 годзе напісаў гісторык Уладзімір Емяльянчык, які таксама спрабаваў вярнуць імя Рэйтана Беларусі, але не давёў справу да канца, бо заўчасна памёр. Пасля гэтага цягам 20 гадоў на свет з’явіўся тузін артыкулаў, якія збольшага паўтаралі ўжо вядомыя міфы.

Разумеючы ўсё гэта, у красавіку 2013 года – у гадавіны Варшаўскага сойму – мы заснавалі Арт-суполку імя Тадэвуша Рэйтана, каб паступова ўбіваць маленькія цвікі ў справу вяртання яго імя на Беларусь. Было праведзена больш за 30 розных фестываляў, выстаў, вечарын, канферэнцый, напісана каля 40 розных артыкулаў, знята пара дакументальных стужак. Магчыма, бо не бяруся гэтага сцвярджаць, наша дзейнасць ўскосна паўплывала на тое, што дзяржава адмовілася прадаваць сядзібу ў Грушаўцы. Не так даўно Ляхавіцкі райвыканкам прыняў рашэнне стварыць у ёй краязнаўчы музей. Дзеля гэтага неўзабаве павінна пачацца рэстаўрацыя сядзібы. Зараз на гэта Еўразвязам вылучана каля 1,2 млн еўра. Падрыхтоўчыя працы вядуцца поўнай хадой. Спадзяюся, што ўжо праз некалькі год у Грушаўцы будзе не толькі краязнаўчы музей, але і музей Тадэвуша Рэйтана, для якога мы збіраем матэрыялы.

- Вы ўзгадвалі, што перад самай смерцю Тадэвуш Рэйтан трымаў за руку ксяндза. Таксама ён апеляваў да Бога і падчас сойму. Якую ролю адыгрывала рэлігія ў яго жыцці?

- Як мне падаецца, роля гэта была важная. Але я б не стаў рабіць з гэтага нейкай сенсацыі. Справа ў тым, што ў тыя часы па-іншаму і быць не магло. Немагчыма было выжыць, не належачы да якой-небудзь з канфесій. Праўда, гэта прыналежнасць не была гарантыяй таго, што хрысціянін заўсёды паступіць з табой “па-хрысціянску”. Адной з такіх праяваў “любові да бліжняга” былі ў тыя часы “шляхецкія наезды”, пад час якіх дапускаўся любы гвалт, а кроў лілася струмянямі. А наезды здараліся штодня і па ўсёй Беларусі. Ну, і каб пазбегнуць памяншэння колькасці вернікаў, законы Рэчы Паспалітай прадугледжвалі смяротнае пакаранне за пераход з каталіцызму ў іншую веру (тое самае, але ў Расеі, было ў дачыненні да праваслаўя). Гэта права пацвердзіла і знакамітая Канстытуцыя 3 траўня 1791 года. Таму, не ўсё было так проста.

Што да веры самога Тадэвуша і веры яго бацькоў, то яны былі каталікамі. Хоць аднойчы сустрэлася згадка, што маці яго магла быць уніяткай, бо яе дзядзька Феліцыян Філіп Валадковіч быў першасвятаром Уніяцкай царквы Рэчы Паспалітай. Але доказаў таму пакуль не знойдзена.

Сведчаннем яго рэлігійнасці можа быць такі эпізод. Калі падчас соймавай барацьбы з пасламі-здраднікамі ці тымі, хто яшчэ вагаўся, ён выкарыстаў усе разумовыя довады, то засталося толькі адно. Заступіўшы выхад з Пасольскай Ізбы, Тадэвуш “ранамі Хрыста, за вас ўкрыжаванага” заклінаў іх адступіцца ад здрадніка Панінскага. Гэтыя словы пазней трансфармаваліся ў “Забіце мяне, не забівайце Бацькаўшчыны!”.

Калі ж Нямцэвіч захацеў напісаць біяграфію Тадэвуша Рэйтана, ён пажадаў атрымаць копію яго дыярыуша з сойму. Рэйтаны з вялікай неахвотай дазволілі гэта, але зрабілі для яго копію. Копію пісаў пляменнік Рэйтана, які словы пра “раны Хрыста” прыбраў, палічыўшы смешным мяшаць рэлігію і палітыку. Надышло ХІХ стагоддзе.

З таго, што мне ўдалося знайсці, вынікае, што Тадэвуш Рэйтан быў незвычайнай асобай. Я ўжо згадаў “наезды”. У тыя часы гэта быў найбольш “дзейсны” спосаб вырашэння самых розных пытанняў, перш за ўсё маёмаснага характару. І калі імёны братоў Тадэвуша ў судовых дакументах у сувязі з якім-небудзь наездам ці гвалтам сустракаюцца даволі часта, то яго імя туды заносілася “для галачкі”, бо ён у гэты час быў на сойме.

Рэйтан быў вельмі адказнай асобай, бо на яго руках пасля смерці бацькоў засталася велізарная сям’я – чатыры браты і тры сястры, а значыць, шмат клопату. Таксама і буйны маёнтак не даваў часу на глупствы. І да таго ж трэба было годна несці імя роду.

Пра тое, што ён быў справядлівым чалавекам, сведчыць і такі эпізод: яго бацька набыў суседні фальварак, а калі памёр, то яго былыя ўладальнікі пажадалі вяртання, бо раптам знайшліся нейкія “зачэпкі”. І паміж Рэйтанамі і родам Візгердаў разгарэлася барацьба. Яна доўжылася вельмі доўга, і, каб яе спыніць, Тадэвуш вырашыў падзяліць фальварак “па роўнаму”, на дзве часткі: адну аддаць Візгердам, а палову пакінуць сабе. Хоць меў законныя правы на ўвесь фальварак. Суд прызнаў гэта рашэнне. І калі ўжо пасля смерці Тадэвуша Візгерды ізноў пачалі каламуціць ваду, Галоўны Трыбунал ВКЛ прызнаў рашэнне Тадэвуша за справядлівае і найлепшае і пакінуў яго без зменаў. Гэта тыя дробныя моманты, якія ажыўляюць яго забранзавелую асобу.

- Вы ўзгадвалі, што ў Менску знаходзіўся дом маці Тадэвуша Рэйтана. А якія яшчэ мясціны звязаныя з ім у беларускай сталіцы?

- Вядома, што шлюб яго бацькі 4 кастрычніка 1739 года бралі ў езуіцкім касцёле Найсвяцейшай Панны Марыі (цяпер архікафедральны касцёл – рэд.).

Таксама можна ўзгадаць гісторыю Галоўнага Трыбуналу, калі ў лютым 1760 года па даносе праціўнікаў Радзівілаў з парушэннямі закону быў узяты пад варту, а потым расстраляны дзядзька Тадэвуша Рэйтана 25-гадовы Міхал Валадковіч. Падчас гэтых падзей прысутнічаў і Тадэвуш. Гэта, дарэчы, моцна паўплывала на маці Тадэвуша Рэйтана, бо ў палітычных мэтах праціўнікамі Радзівілаў, быў забіты яе любімы малодшы брат. Не вытрымаўшы несправядлівасці, яна ўлетку таго ж году памерла. Сесія ж Трыбуналу адбывалася або ў тым самым езуіцкім касцёле, або ў ратушы, ці на замку.

У Беларусі ж у Рэйтанаў было вельмі шмат розных маёнткаў. Жылі і на Полаччыне каля Невеля (цяпер Расея – рэд.), дзе атрымалі свае першыя землі. Іх вёскі акурат закрывалі дарогу з Вялікіх Лукаў на Полацк. Яны павінны былі ўставаць па першым сігнале і прыкрываць сабой межы ВКЛ. Мелі маёнткі на Браслаўшчыне і на Смаленшчыне, у Цэнтральнай Беларусі. Што ж датычна Наваградскага ваяводства, то з ім звязаны адзін з самых дзіўных міфаў.

Часам у публікацыях палякаў і беларускіх аўтараў, якія некрэтычна ставяцца да інфармацыі, можна прачытаць, што Грушаўку атрымаў ад караля Яна ІІІ Сабескага нейкі “кракаўскі рыцар” за тое, што ў 1683 годзе праявіў мужнасць у бітве з туркамі пад Венай. Але, як вядома, войска ВКЛ на Венскую сечу не паспела і было заспета весткай аб перамозе над туркамі толькі падцягнуўшыся пад Кракаў.

Грушаўку ж (менавіта Грушаўку, а не нейкую “Грошувку”) набыў ад Радзівілаў Міхал Казімір Рэйтан, дзед Тадэвуша недзе ў 1694-1695 гадах, калі памёр папярэдні ўладальнік Бруханскі. З таго часу Рэйтаны, якія былі кліентамі Радзівілаў, зрабілі Грушаўку цэнтральнай сядзібай, бо яна знаходзіцца за 30 кіламетраў ад Нясвіжа. А бацькі Тадэвуша – Дамінік Рэйтан і Тарэса з Валадковічаў былі прыдворнымі “Рыбанькі” і Францішкі Уршулі Радзівіл. І гэтыя Радзівілы неаднаразова былі ў Грушаўцы, выкарыстоўваючы яе не толькі як пункт, дзе можна спыніцца па дарозе і адпачыць, але і як штаб-кватэру для патаемных нарадаў. Ёсць нават ліст Францішкі Уршулі да мужа, у якім яна піша яму з Грушаўкі “ад нашых мілых Рэйтанаў”.

- Ці засталіся сёння яшчэ прадстаўнікі роду Рэйтанаў?

- На жаль, апошні Рэйтан, Язэп, памёр без нашчадкаў у 1910 годзе. Павінна быць вельмі шмат сваякоў па жаночых лініях, якія пакуль ніякім чынам не праявілі сваёй цікавасці да Грушаўкі.

Што тычыцца некаторых вядомых і цікавых для нас сваякоў Тадэвуша Рэйтана, то ў яго быў пляменнік, таксама Тадэвуш Рэйтан, які напачатку ХІХ стагоддзя адным з першых у былым Вялікім Княстве Літоўскім вырашыў даць сваім сялянам волю і адукацыю. Але супраць яго паўсталі сваякі і атачэнне, якія забаранілі гэта рабіць і нават прызналі яго нядзеяздольным.

Брат гэтага Тадэвуша Станіслаў Караль, акрамя таго, што паўдзельнічаў у вайне Напалеона на баку войска новастворанага ВКЛ, пазней стаў пісьменнікам. Напісаў чатыры буйныя і вельмі цікавыя творы. І яго імя вартае згадкі сярод беларускіх пісьменнікаў ХІХ стагоддзя. Яго творы цікавыя і з гістарычнага пункту гледжання, бо ён вельмі добра апісаў Нясвіж другой паловы XVIII стагоддзя. Паспрабуем перавыдаць іх на беларускай мове.

Другі брат Тадэвуша Дамінік Рэйтан у 1807 годзе добраахвотнікам прарваўся праз Нёман з тэрыторыі Літвы-Беларусі, акупаванай Расейскай імперыяй, да легіёнаў Генрыка Дамброўскага. Даслужыўся да чына капітана, а ў 1812 годзе быў адкамандзіраваны як здольны афіцэр у генеральны штаб Вялікай арміі Напалеона. Ён паўдзельнічаў ва ўсіх самых значных сутыкненнях з расейскім войскам, прайшоў шлях да Масквы і назад і быў з Напалеонам да 1814 года, калі той склаў з сябе паўнамоцтвы і спрабаваў скончыць жыццё самагубствам.

Увогуле, у сваяках у Рэйтанаў такія роды, як Друцкія-Любецкія, Гутэн-Чапскія, Валадковічы, Сялявы, Кубліцкія, Агінскія, Барэйшы, Жавускія, Радзівілы, Юрэвічы. Вельмі цешыць мяне тое, што ўдалося давесці вельмі блізка сваяцтва Тадэвуша Рэйтана з Тадэвушам Касцюшкам і Ігнатам Дамейкам. Удалося высветліць, што Рэйтан даводзіцца Касцюшку траюрадным братам, а Ігнат Дамейка ім – сын траюраднай сястры. І ўсё гэта сваяцтва ідзе праз менскіх Валадковічаў.

Таксама ў Тадэвуша Рэйтана ў сваяках Наркевіч-Ёдка. Зусім нядаўна, падобна, выяўлена і генеалагічная повязь з Адамам Міцкевічам. Гэта сваяцтва на ўзроўні другой паловы XVII стагоддзя па лініі Цадроўскіх. Сваякі Рэйтаны і з Манюшкамі – каго не вазьмі, усе даводзяцца сваякамі Тадэвушу.

Нагадаю, што сёння памяць Тадэвуша Рэйтана ніякім чынам не ўшанавана ў Беларусі. Няма ніводнай вуліцы, беларускай школы ці вайсковай часткі, якая б насіла яго ганаровае імя. Нават памятнай дошкі і помніка – і тых няма. Ці да гонару гэта нам?

Гутарыў Максім Гацак, люты 2018

Дадаць каментар

Ваш e-mail не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *


× 1 = 9

Можна выкарыстоўваць наступныя HTML-тэгі і атрыбуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <strike> <strong>