“Усё пачалося з шаблі”: як адшукаць свой радавод да XVIII стагоддзя і кім у ВКЛ былі баяры

Магчымасць адшукаць свой радавод і скласці радаводнае дрэва на некалькі стагоддзяў могуць не толькі нашчадкі выбітных магнацкіх родаў. І гэта нават нягледзячы на шматлікія войны і ліхалецці, якія прайшліся праз Беларусь. Пра гэта ў размове з генеалагічным парталам Radawod.by і хрысціянскім інфармацыйным парталам Krynica.info распавядае паэт, настаўнік па скрыпцы, генеалог-аматар Апанас Бацяноўскі.

– Як даўно Вы вырашылі займацца генеалогіяй? Што падштурхнула да пошуку ўласных каранёў?

– Мара заняцца генеалогіяй – гэта мая даўняя мара, ледзь не з часоў дзяцінства. Я заўсёды любіў гісторыю, у свой час зачытваўся Дзюма, Вальтэрам Скотам, Генрыкам Сянкевічам. Потым стаў сур’ёзна цікавіцца беларускай гісторыяй, таму рашэнне пайсці ў архіў не было спантанным. Спачатку я дзейнічаў як і многія: распытваў сваякоў пра продкаў, збіраў інфармацыю. А затым, калі саспеў, пайшоў у архіў… Раней я думаў, што знайсці дакументы па продках за XVIII–XIX стагоддзі – гэта наогул нерэальна, бо на нашай зямлі столькі было войнаў і сацыяльных узрушэнняў! Але, на шчасце, я памыліўся: па Міншчыне дакументаў захавалася даволі-такі шмат… А падштурхнула мяне да паходу ў архіў адна сямейная гісторыя. Памятаю, гадоў дзесяць таму бацька распавёў мне, што адна наша сваячка, таксама Бацяноўская, у далёкія 60-я гады капалася на сваім агародзе і знайшла старадаўнюю шаблю. Шаблю яна выкінула ў рэчку (такімі запалоханымі былі людзі за Саветамі!), але паданне аб гэтай шаблі ў сям’і захавалася. Невядома, канешне, чыя гэта была шабля: фамільная або чужая, войнаў жа было шмат і чужаземных воінаў таксама, аднак гэтая гісторыя мяне натхніла. Так што, можна сказаць, усё пачалося з шаблі…

bacianouski1

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

– Як, з дапамогай каго і чаго Вы даследавалі свой радавод? Магчыма, у Вас ёсць нейкія свае сакрэты ці ўлоўкі ў гэтай сферы?

– Спачатку я працаваў самастойна. Але неўзабаве я зразумеў: адзін у архіве не ваяр; каб знайсці дакументаў як мага больш, каб зрабіць якаснае даследаванне роду, неабходна пашырыць сваё кола зносін. Я пазнаёміўся (а з некаторымі і пасябраваў) са шматлікімі прафесійнымі генеалогамі: Вадзімам Урублеўскім, Юрыем Снапкоўскім, Васілём Юршай, Змітром Драздом і Змітром Юркевічам. Браў кансультацыі ў Дзяніса Лісейчыкава, Віталя Макарэвіча, Вітальда Ханецкага. Сярод генеолагаў-аматараў хацеў бы вылучыць Валянціна Калечыц-Каліцкага, які ў некаторых пытаннях генеалогіі (у прыватнасці, у пытанні сацыяльнага паходжання баяраў-зямянаў) не саступае прафесіяналам. Калечыцу я вельмі ўдзячны: ён знайшоў для мяне (прычым зусім выпадкова) некалькі вельмі важных дакументаў, якіх я сам, магчыма, і не знайшоў бы. Што тычыцца маіх сакрэтаў у галіне архіўнай працы, то іх два: праца і цярпенне. Іншых сакрэтаў няма.

 – Наколькі глыбока і шырока атрымаласяраскапаць карані роду Бацяноўскіх?

– Даволі глыбока і шырока. Свой род «па мячы» я даследаваў да 10 калена. Гэта што тычыцца глыбіні роду. А што тычыцца шырыні: на сённяшні дзень мне вядома, што да сярэдзіны 18-га стагоддзя ліній роду было тры і што ўсе Бацяноўскія, якія жылі па суседстве (у такіх вёсках як Рудня, Усяжа, Рудамейка, Багуты(Смалявіцкі раён – рэд.)), былі ў той ці іншай ступені сваякамі. Гэта я магу заявіць з поўнай упэўненасцю. Дзякуючы рэвізскім казкам і метрычным кнігам, я ведаю не толькі карані роду, але і яго галіны. На Міншчыне вельмі шмат Бацяноўскіх, гэты род вельмі шырокі. Я б сказаў, Бацяноўскія – гэта цэлы клан…

 – Наколькі я ведаю, Вашы Бацяноўскія – гэта баярскі род. Распавядзіце, калі ласка, кім былі баяры ў ВКЛ? Чым яны адрозніваліся ад іншых груп насельніцтва і ад баяраў Расіі?

– Я крыху ўдакладню: Бацяноўскія – гэта баярска-зямянскі род. Так, у першай палове XVIII стагоддзя мой продак Аўхім Бацяноўскі сапраўды быў запісаны ў інвентары баярынам, але ў другой палове стагоддзя Бацяноўскія насілі ўжо зямянскае званне. Зрэшты, як я разумею, у XVIII стагоддзі словы «баярын» і «земянін» нярэдка выкарыстоўваліся як сінонімы, таму Бацяноўскіх можна смела называць і баярамі, і зямянамі…

Што тычыцца баяраў ВКЛ і баяраў Расіі, то, нягледзячы на ​​падабенства ў гучанні, розніца паміж імі была велізарная. У Расіі баярамі клікалі рускіх вяльможаў, якія пасля праўлення Пятра Вялікага ўвайшлі ў дваранскае саслоўе і, па сутнасці, у ім растварыліся. З баярамі ВКЛ усё больш складана.

Першапачаткова баярамі на нашай зямлі называлі як буйных феадалаў, так і дробнае рыцарства: баяраў панцырных і путных. З часам пад уплывам Польшчы баяры-феадалы сталі звацца на польскі манер: панамі-шляхтай. Што тычыцца дробных баяраў, то іх лёсы адрозніваюцца: адны з іх сталі шляхтай, іншыя не здолелі далучыцца да шляхецкага стану і жылі ў васальнай залежнасці ад свайго пана, захоўваючы сваё старадаўняе званне “баяры” аж да XVIII стагоддзя, пры гэтым часта называліся зямянамі. Варта дадаць, што да пачатку XIX стагоддзя баярамі таксама маглі называць чыншавых сялян, якія звычайна не мелі дачынення да службовых людзей.

Такім чынам, можна сказаць, слова «баяры» на беларускай зямлі ў розныя стагоддзі мела розны сэнс: да канца 16-га стагоддзя баяры – гэта быў нейкі агульны тэрмін, які ўжываўся як для феадалаў, так і для служылых людзей; у 17-м і 18-м стагоддзі баярамі (і зямянамі) клікалі, у асноўным, прадстаўнікоў ваенна-служылай катэгорыі насельніцтва, набліжанай па сваім становішчы да шляхты, а ў пачатку 19-га стагоддзя так часам клікалі сялян, якія плацілі памешчыкам чынш.

Наогул, уся наша шляхта мае баярскае паходжанне. Паны-шляхта мелі ў продках баяраў-феадалаў, дробная шляхта – часта панцырных і путных баяраў. Наогул, шляхецкае саслоўе не было замкнёным, таму пранікненне ў яго службовых баяраў (роўна як і выбранцаў, служак і інш.) было частай з’явай…

Што тычыцца адрознення баяраў-зямянаў ад астатніх груп насельніцтва ВКЛ… Баяры-зямяне былі людзьмі вольнымі, стаялі вышэй сялян, па сваім становішчы набліжаліся да шляхты, нярэдка называлі сябе шляхтай, часта зліваліся з ёю, хоць адрозненні ад «паўнавартаснай» шляхты, вядома, існавалі: напрыклад, баяры-зямяне не мелі права ўдзельнічаць у соймах, не мелі родавых гербаў, у мірны час выконвалі разнастайныя павіннасці: вазілі карэспандэнцыю, суправаджалі падводы, пільнавалі маёнтак свайго пана і гэтак далей. Але ўсё ж гэта не былі сяляне па сваім менталітэце: яны мелі права насіць зброю (вось адкуль, дарэчы, магла ўзяцца «мая» шабля!), удзельнічалі ў вучэннях, павінны былі прымаць удзел у паспалітым рушанні, то бок ішлі ў абавязковым парадку на вайну…

 – Ці былі ў Вашых пошуках якія-небудзь цікавыя знаходкі, пра якія б маглі распавесці?

– Шчыра кажучы, ўсялякая знаходка для мяне з’яўляецца цікавай і важнай… Што б я вылучыў… Ну, напэўна, дакументы, якія з’яўляліся своеасаблівымі вехамі ў лёсе майго роду: гэта інвентар маёнтка Прылепы за 1748 год, дзе згаданы мой прашчур баярын Аўхім Бацяноўскі; гэта акт лібертацыі 1769 года, выдадзены мітрапалітам Валадковічам Нікадзіму Бацяноўскаму, зямяніну Прылепскай воласці; гэта, вядома, дваранскі спіс 1822 года, пададзены ў Мінскае губернскае праўленне «чыншавым шляхціцам Мінскага павета Базылём Бацяноўскім», сынам зямяніна Нікадзіма; гэта, напэўна, указ казённай палаты за 1823 год, якім мае продкі былі прылічаны да дзяржаўных сялянаў…

Яшчэ я дадаў бы сюды некаторыя запісы аб шлюбах за 19 стагоддзе… Яны вартыя ўвагі. Справа ў тым, што Бацяноўскія, маючы неадназначнае паходжанне, жаніліся не толькі з казённымі сялянкамі, але і з дваранкамі, і з мяшчанкамі. Вылучыў бы таксама двух Бацяноўскіх, якія сталі унтэр-афіцэрамі царскай арміі: адзін – капралам, другі – фельдфебелем. Гаворачы аб стагоддзі 20-м, згадаў бы Дарафея Кіпрыянавіча Бацяноўскага, камандзіра партызанскага атрада ў 1943-1944 гадах…

 – Наколькі я ведаю, нядаўна падчас добраўпарадкавання Вайсковыхмогілак у Мінску валанцёры знайшлі згубленую магілу Вашагасваяка? Цігатовыя ўзяць шэфства над яго магілай?

– Так, гэта праўда. Гіляры Бацяноўскі, чый магільны камень быў нядаўна знойдзены, з’яўляецца маім далёкім сваяком па лініі прабабкі – Антаніны Пятроўны Бацяноўскай. Ён згаданы ў рэвізскай сказцы 1858 года, імя яго, даволі рэдкае, і ўзрост (на момант смерці: 63 гады) падыходзяць… На жаль, валанцёры знайшлі не месца магілы, а толькі павалены магільны камень, які валяўся паміж чужых магілак, таму я так дакладна і не ведаю, дзе менавіта размяшчаецца магіла прашчура: пакуль ёсць толькі магільны камень. Я паспрабую зрабіць усёмагчымае, каб месца магілы было знойдзена і магільны камень вярнуўся на сваё законнае месца…

Гутарыў Максім Гацак

6 жніўня 2018 года

Дадаць каментар

Ваш e-mail не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *


− 8 = 1

Можна выкарыстоўваць наступныя HTML-тэгі і атрыбуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <strike> <strong>