Што такое ДНК-генеалогія і што яна можа даць? Распавядае Аляксандр Марцінкевіч.

У апошні час ва ўсім свеце, у тым ліку і ў Беларусі, усё большую папулярнасць сярод даследчыкаў гісторыі свайго роду набывае даследаванне ДНК. Пра тое, што гэта такое і як гэта можа дапамагчы, у рамках сумеснага праекта Krynica.info і Radawod.by мы абмеркавалі з даследчыкам шляхецкага роду Марцінкевічаў, суадміністратарам групы «Беларусь» на генетыка-генеалагічным партале Family Tree DNA Аляксандрам Марцінкевічам.

Марцінкевіч

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

- Аляксандр, якія наогул існуюць генеалагічныя тэсты ДНК, і чым яны адрозніваюцца паміж сабой?

- Ёсць тэсты, якія правяраюць аўтасомную ДНК (захопліваюцца таксама і X-храмасомы), якія правяраюць Y-храмасому і якія правяраюць мітахандрыяльную ДНК. Мітахандрыяльная ДНК перадаецца толькі ад маці ўсім дзецям. У наступным пакаленні ўжо яе дочкі перададуць далей сваім дзецям гэты код. Адсюль і другая назва — тэст па жаночай лініі. Y-храмасома перадаецца толькі ад бацькі да сына, адпаведна тэстуецца мужчынская лінія. А аўтасомы (парныя храмасомы) перадаюцца ад абодвух бацькоў: палова — ад аднаго, палова — ад другога. Пры гэтым пры стварэнні палавых клетак адбываецца выпадковы абмен адпаведнымі ўчасткамі ў кожнай пары храмасом, з-за чаго ў бацькоў можа быць проста велізарная колькасць адрозных адно ад аднаго дзяцей. Таму ўзнікае складанасць пры праверцы сваяцтва дзяцей нават ад адных і тых жа бацькоў (не кажучы ўжо аб праверцы стрыечных і больш далёкіх сваякоў), бо ў іх атрымліваюцца наборы розных кавалачкаў адной і той жа бацькоўскай ДНК — звычайна паловы ад бацькі і паловы ад маці. Брат з сястрой могуць мець толькі некаторую ступень ідэнтычнай ДНК. І калі пратэставаць некалькі дзяцей, то ў кожнага будзе свой набор генетычных сваякоў. Таму трэба правяраць усіх, у выпадку немагчымасці зрабіць тэст бацькам.

- Што дазваляе знайсці тэст па Y-храмасоме?

- Y-ДНК дазваляе прасачыць паходжанне па мужчынскай лініі. Пры гэтым тэсты адрозніваюцца ў залежнасці ад кошту і ўзроўню дэталізацыі. У асноўным разглядаюцца два віды маркераў. Адзін паказвае адзінкавыя мутацыі, якія ўзнікаюць у выніку збою пры перадачы храмасомы. Такая мутацыя называецца SNP (Single nucleotide polymorphism, або аднануклеатыдны палімарфізм).

Пры гэтым самі ўчасткі, на якіх размешчаны гены, складаюцца з паўтораў ланцужкоў нуклеатыдаў (A, T, G або C). Колькасць паўтораў вар’іруецца і пазначаецца STR-маркерамі (short tandem repeats, або кароткія тандымныя паўторы).

Усе гэтыя маркеры незалежна адзін ад аднаго мутуюць прыкладна раз на 140 гадоў. Дзесьці часцей — хуткія, дзесьці радзей — павольныя маркеры.

Вынікі ў плане генеалогіі гэтага і іншых тэстаў залежаць ад таго, колькі людзей зрабіла падобны тэст. Першае, што можна даведацца, — гэта гаплагрупа, то бок умоўная назва вашага набору маркераў, што пазіцыянуе вас на агульным дрэве гаплатыпаў. Далей інфармацыю можна ўдакладніць, зрабіўшы больш дакладны тэст, які ахоплівае большую колькасць маркераў. Калі на 111 маркеры вы адрозніваецеся адзін ад аднаго на адну-дзве-тры мутацыі — гэта ўжо вельмі добра. Нават 6 мутацый на 111 маркеры — гэта блізкія сваякі, хутчэй за ўсё да 12 каленяў. У любым выпадку ваш тэст дазваляе параўнацца з іншымі пратэставанымі людзьмі з вашай гаплагрупы.

Калі супадзенне да 12 каленяў, можна смела ісці ў архіў і шукаць агульнага продка. Таму гэты тэст можна выкарыстоўваць, у тым ліку для параўнання з меркаванымі сваякамі, праверкі сваёй прыналежнасці да якога-небудзь роду, калі ў вас адсутнічаюць дакументальныя пацверджанні сваяцтва. З больш далёкімі сваякамі можна будаваць карты рассялення і меркаваць месца пражывання агульнага продка і шляхі міграцый галін роду. У гэтым дапамагаюць даследчыкі, якія вывучаюць не адзін-два гаплатыпы, а сотні, наносяць іх на карты, каб зразумець, у якім рэгіёне які гаплатып пераважае.

Зразумела, што мы не можам даследаваць усё. Наша задача — спажывецкая: зрабіць тэст і атрымаць гатовы зразумелы вынік. Мы не хочам пяць гадоў нешта вывучаць, каб пачаць разумець. Мы хочам заплаціць грошы і мець гатовыя дадзеныя. Даследчыкі ж, дзякуючы нашым тэстам, атрымліваюць магчымасць больш дэталёвага даследавання, каб зрабіць больш дакладнай класіфікацыю, даведацца, калі адбыўся падзел гаплагруп. І як толькі тэхналогіі за кошт масавасці стануць больш таннымі, больш даступнымі шырокаму колу спажыўцоў, больш людзей стануць рабіць пашыраныя тэсты. Будзе выбірацца з аднаго тэсту больш маркераў, будзе больш дадзеных для параўнання, будзе разбіццё галін на перыяды, якія яшчэ бліжэй да нашага часу. Такім чынам, вывучаючы ДНК, мы можам лепш зразумець шляхі міграцый і высветліць ступень сваяцтва ў вялікіх групах.

Тое ж самае можна сказаць і пра аўтасомы і мітахандрыяльную ДНК. Толькі ў мітахандрыяльнай ДНК мутацыі назапашваюцца павольней, чым у Y-храмасоме.

- Што яшчэ, акрамя генеалогіі, можна даведацца з дапамогай ДНК-тэстаў?

- З дапамогай аналізаў ДНК актыўна вывучаюцца розныя медыцынскія фактары: наяўнасць рызык, схільнасцяў. Калі мы будзем ведаць больш пра сябе, то зможам лепш даведацца, якія гены за якія знешнія праявы адказныя, якія хваробы транслююць, вывучаць механізмы іх актывацыі. Многія гены не працуюць, яны выключаны. Але ёсць сітуацыі (стрэс, гарманальны фон), калі яны ўключаюцца, і арганізм перабудоўваецца ў адпаведнасці з новымі функцыямі.

Важна, што ўжо ёсць вялікая выбарка. Пратэставаныя мільёны чалавек па ўсім свеце. Дзякуючы гэтаму, ужо зроблена мноства адкрыццяў, з’явілася мноства дадатковых тэстаў, якія паказваюць, што такая-кольвек хвароба ўзнікае праз актыўнасць такіх генаў, а іншая – вось гэтых. Яна не абавязкова праявіцца, але верагоднасць ёсць.

Разумець, з чаго мы складаемся, — гэта аснова. Для чаго мы шукаем сваіх продкаў? Многія пытаюцца: «Навошта ты зрабіў столькі тэстаў і выдаткаваў столькі грошай? Каму патрэбныя гэтыя 12-юрадныя сваякі?» Зразумець, хто ты. Зразумець, адкуль ты. Зразумець, з чаго ты зроблены. Які ў цябе патэнцыял. Што ты можаш перадаць наступным пакаленням.

- Ці могуць тэсты ДНК паказаць, напрыклад, этнічнае паходжанне?

- Аўтасомныя тэсты паказваюць бліжэйшых сваякоў. Калі большасць з іх пазначыла месца пражывання продкаў, то вы зможаце ўбачыць свой этнасклад. Але зноў: усё залежыць ад выбаркі. Калі вы жывяце на адрэзаным ад цывілізацыі востраве і ДНК вашых сваякоў не трапляла ні ў якія базы дадзеных, дык аднесці вас куды-небудзь будзе складана. Таму чым большы масіў дадзеных, тым дакладней і атрыманы вынік. І вынікі ўсё карэктуюцца і дэталізуюцца. Калі раней беларусам паказвалі проста рэгіён Усходняя Еўропа, то цяпер пачынаюць вылучаць больш дробныя кампактныя ўчасткі, для якіх характэрныя свае асаблівасці.

Больш за тое, на падставе ДНК нават можна скласці візуальны партрэт чалавека. Адзінае, што без прывязкі да ўзросту. Звычайна робяць асераднёны партрэт ва ўзросце 25-30 гадоў. Можна ўбачыць форму вушэй, носа, колер вачэй.

- Сучасныя беларусы па ДНК да каго бліжэй?

- Калі глядзець па аўтасомах, дык у выніку пастаянных міграцый, войнаў, у нас даволі разнастайны генафонд. Традыцыйны этнасклад канкрэтнай тэрыторыі блізкі да таго этнічнага складу, які характарызуе прылеглыя тэрыторыі краін-суседак. Звычайна ў фірмах, дзе робяць ДНК-тэсты, Беларусь уваходзіць у адзін этнаабшар з Польшчай. Быць можа, калі пратэставаных беларусаў будзе дастатковая колькасць, нас вылучаць у асобны абшар.

- Y-храмасомны Адам і мітахандрыяльная Ева — гэта хто?

- Гэта асераднёныя продкі ўсіх пратэставаных на сёння людзей, да якіх зводзяцца ўсе вядомыя гаплагрупы па мужчынскай і жаночай лініях адпаведна. У нас няма гэтага Адама і гэтай Евы, каб мы маглі ўзяць у іх аналіз і сказаць, што гэта сапраўды яны. Быў выяўлены асераднёны набор ДНК, ад якога, згодна з усімі падлікамі, пачаўся падзел. Умоўна іх назвалі Адамам і Евай. Ужо былі выпадкі, калі на падставе новых адкрыццяў і ўдакладненняў іх час жыцця пераносіўся на тысячы гадоў, бо навука не стаіць на месцы. І чым больш людзей будзе пратэставана, тым больш вынікаў будзе атрымана, тым больш дакладна атрымаецца вызначыць узрост чалавецтва.

- Як аналізы ДНК дапамаглі вам у вывучэнні ўласнага радаводу?

- Вельмі дапамаглі. Па-першае, удалося ўдакладніць прыналежнасць наогул да роду. Сказаць, што я належу да пэўнага прозвішча, — гэта адно. А ўзяць і пратэставаць бліжэйшых сваякоў, больш далёкіх і вельмі далёкіх, пацвердзіць гэта сваяцтва да той ступені, да якой дазваляе навука, — гэта ўжо зусім іншае.

Так, аналізуючы сваякоў па мужчынскай лініі, па Y-храмасоме, атрымалася пацвердзіць, што мы рэальна паходзім ад аднаго кораня. Потым ужо з дапамогай архіўных дадзеных я шукаў гэтыя доказы. Удалося пацвердзіць сваяцтва з 6-9-юрадными братамі, якія аддзяліліся яшчэ ў 1760-х гадах. Хай мы і не ведалі адзін аднаго і нават не меркавалі, што мы такія ёсць.

Такім чынам, аналіз ДНК дапамагае пераканацца, што калісьці намаляваныя дрэвы – рэальныя. Ці наадварот, дзесьці нерэальныя.

- Кім па ДНК атрымліваюцца Марцінкевічы?

- Калі браць гаплагрупы, дык мае Марцінкевічы трапляюць у гаплагрупу R1a, у яе частку, якую ўмоўна назвалі галіной цэнтральнаеўрапейскіх славян. І, мяркуючы па даследаваннях навукоўцаў, продкі каля тысячы гадоў таму жылі недзе на тэрыторыі сучасных Польшчы і Беларусі. Вядома, нельга сказаць, дзе яны канкрэтна жылі. Дакладнае месца мы не ведаем. Толькі ў дыяпазоне прыкладна 300 гадоў, дзякуючы дакументам.

- Наколькі я ведаю Марцінкевічы — гэта шляхецкі род. Ці атрымалася пацвердзіць шляхецкі радавод?

- Так, Марцінкевічы — шляхта і былі зацверджаны ў дваранстве. Згодна з радаводам, яны паходзілі з Лідскага павета, затым перасяліліся ў Барысаўскі. Карысталіся гербам «Лебедзь». Род быў вельмі разгалінаваным. У нас адразу 107 чалавек падаваліся на зацвярджэнне ў дваранстве Расійскай імперыі. Каб праверыць ці рэальныя гэтыя галіны, давялося знайсці іх прадстаўнікоў — некалькі 6-юрадных братоў, 9-10-юрадных, зрабіць пашыраныя тэсты і выявіць нашы агульныя SNP, высветліць дакладнае сваяцтва паміж імі і сказаць, што так, сучаснае навуковае бачанне адпраўляе нашага агульнага продка ў агляднае мінулае — на 250-270 гадоў, як раз раён 9-10-юрадных. Такім чынам, атрымалася навукова праверыць генеалагічныя лініі, згаданыя ў дакументах. Чакаем найноўшых тэхналогій, каб яшчэ што-небудзь даведацца.

- А Дуніны-Марцінкевічы — вашы сваякі?

- Дуніны-Марцінкевічы, увогуле і не Дуніны, а проста Марцінкевічы. Больш за тое, у іх вельмі шмат выдуманых продкаў у радаводзе. Яны могуць быць і нашымі, а могуць і не быць. Нельга так проста сцвярджаць, не праверыўшы. Яны жылі побач, літаральна ў адным месцы. Сам Дунін-Марцінкевіч працаваў адзін час у Шчаўрах, дзе жылі мае прамыя продкі.

Але толькі ДНК можа сказаць, нашы яны ці не нашы. Калі нашы, дык на колькі пакаленняў адстаюць ад нас. Пры гэтым сваяцтва можа апынуцца такім далёкім, што і дакументы маглі не захавацца. А можа быць і такім, што будзе сэнс нешта пашукаць і знайсці дакументальную сувязь. З іх галін у мяне ёсць знаёмыя, аднак складанасць у тым, што не кожны хоча тэставацца або мае неабходныя фінансы.

- ДНК-тэсты вельмі дарагія. Параілі б вы людзям займацца імі?

- Вядома. Калі ёсць цікавасць. Бо неабавязкова ўсіх даследаваць. Пажадана тэставаць найбольш старых членаў сям’і — дзядулю, бабулю. Калі хочаце глядзець па мужчынскай лініі, рабіце тэст Y-храмасомы. Калі жадаеце проста сваякоў знайсці, дык можна аўтасомны тэст. Ён танней. Тады пажадана ўзяць аналізы проста бабуль і дзядуль, пакуль яны жывыя. А таксама распытаць іх. Гэтыя тэсты, прынамсі, пакажуць вам тых сваякоў, якія могуць не быць бачныя па іншых тэстах.

Гутарыў Максім Гацак, 15 верасня 2018 года

Дадаць каментар

Ваш e-mail не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *


3 × 2 =

Можна выкарыстоўваць наступныя HTML-тэгі і атрыбуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <strike> <strong>